Ціханоўская выступіць на ўрачыстасцях у Вільні ў памяць паўстанцаў Каліноўскага

Святлана Ціханоўская з прэзідэнтамі Польшчы і Літвы

Святлана Ціханоўская з прэзідэнтамі Польшчы і Літвы / prezydent.pl

Кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская выступіць на ўрачыстасцях у Вільні ў памяць паўстанцаў 1863-1864 гадоў. У мемарыяльных мерапрыемствах, якія адбудуцца 21 студзеня, паўдзельнічаюць прэзідэнты Літвы і Польшчы, а таксама амбасадар Украіны.

Прэс-служба Ціханоўскай паведамляе, што ў нядзелю ў Вільні адбудуцца: святая імша ў Кафедральным саборы (12:30-13:30 па мясцовым часе) і цырымонія на могілках Росы (14:00-14:45). "Дарагія беларусы, запрашаю вас далучыцца да гэтага важнага дня — ён будзе днём гонару за нас саміх, за нашую гісторыю, за нашых герояў. Няхай у нядзелю на могілках Росы лунаюць беларускія сцягі!", — заклікае Святлана Ціханоўская.

Мерапрыемствы ў Вільні прысвечаныя пачатку вызваленчага паўстання ў Беларусі, Польшчы і Літве. На тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага ім кіраваў Кастусь Каліноўскі. Ціханоўская ў сваіх выступах падкрэслівае, што Каліноўскі — наш нацыянальны герой, а паўстанне 1863-1864 гадоў "аб'яднала беларусаў, літоўцаў, палякаў і ўкраінцаў у барацьбе супраць тыраніі".

Тым часам рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае змаганне з памяццю пра кіраўніка вызваленчага паўстання. Летась кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі параўнаў Кастуся Каліноўскага з Бандэрам і Шухевічам. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі