Вы тут

Ціханоўская заклікала ЕС увесці супраць Лукашэнкі эканамічныя санкцыі

Святлана Ціханоўская / Reuters

Святлана Ціханоўская заклікала ЕС пашырыць санкцыі супраць афіцыйнага Мінска, увесці эканамічныя санкцыі, якія мусяць закрануць прадпрыемствы, звязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам. Яна перадала ў Брусель "Спіс Тарайкоўскага". "Кожны дзень прамаруджання — гэта дзясяткі збітых, параненых і, магчыма, забітых, заявіла Ціханоўская. — Мы разлічваем на аднагалосную пазіцыю ўсіх краін, для якіх важныя правы чалавека і дэмакратыя".

Раней стала вядома, што Літва і Польшча таксама прапануюць Еўрасаюзу ўвесці санкцыі супраць прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. "Мы ініцыявалі і далей працягваем гаварыць пра тое, што ЕС павінен прыняць трэці пакет санкцый, як у дачыненні да юрыдычных асоб, так і прадпрыемстваў",заявіў літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам.

На сённяшні дзень дзейнічаюць персанальныя санкцыі ЕС. У "чорным спісе" 55 асоб (уключна з Аляксандрам Лукашэнкам), адказных за фальсіфікацыі вынікаў выбараў і гвалт супраць мірных пратэстоўцаў.

Як чакаецца, 19 лістапада сітуацыя ў Беларусі будзе абмеркавана на відэаканферэнцыі Савета Еўрасаюза па замежных справах. Афіцыйны Мінск прыгразіў адказам на магчымае ўвядзенне эканамічных санкцый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.