Ціханоўская: у Беларусі пачалі больш за 4,5 тысячы палітычна матываваных спраў

Ціханоўская: у Беларусі пачалі больш за 4,5 тысячы палітычна матываваных спраў

У 2022 годзе дэмакратычныя сілы Бнларусі плануюць прытрымлівацца агульнай стратэгіі непрызнання рэферэндуму па змене Канстытуцыі. Пра гэта Святлана Ціханоўская заявіла падчас анлайн-дыскусіі "Планы беларускіх дэмакратычных сіл на наступны год".

Падсумоўваючы вынікі 2021 года, яна назвала яго самым жорсткім у гісторыі незалежнай Беларусі па маштабе палітычных рэпрэсій. "Зачыненая 241 няўрадавая арганізацыя, 40 СМІ. Рэжым пачаў больш за 4,5 тысячы палітычна матываваных крымінальных спраў, 929 чалавек прызнаныя палітвязнямі", — пералічыла яна.

Разам з тым Ціханоўская лічыць, што памылкі рэжыму Лукашэнкі паказваюць, наколькі ён няўпэўнены ў сабе і нестабільны. Як прыклад яна згадала прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Мінску ў траўні, спробу прымусовай высылкі з Токіа спартоўкі Крысціны Ціманоўскай, міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы.

Плюсамі 2021 года Ціханоўская назвала тое, што ўдалося захаваць адзінства дэмакратычных сілаў, нанова адкрыць за мяжой сотні НДА і СМІ, зачыненых на радзіме. "Беларусы не адмовіліся ад нашых намераў, людзі не перагарнулі старонку", — дадала яна.

Акрамя працы над непрызнаннем канстытуцыйнага рэферэндуму, дэмакратычныя сілы, па словах палітыка, зоймуцца ўзмацненнем бяспекі актывістаў і перацягваннем чыноўнікаў і сілавікоў на свой бок.

Ціханоўская паведаміла, што яе прадстаўнікі працягнуць распрацоўку прапаноў па рэфармаванні эканомікі, выбарчага працэсу, адукацыі і аховы здароўя. Акрамя таго, працягнецца падрыхтоўка праекта Канстытуцыі з рэальным падзелам уладаў.

Плануецца таксама падтрымліваць платформы салідарнасці з тымі, хто быў вымушаны з'ехаць з Беларусі, беларускі бізнес на радзіме і за мяжой, пошук механізму для перадачы ў Беларусь еўрапейскіх вакцын ад каронавіруса, прыцягненне да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях у рамках універсальнай юрысдыкцыі і стварэнне адпаведнага міжнароднага трыбунала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі