Ці законна ДАІшнікі вядуць таемнае відэаназіранне?

З дапамогай таемнага відэаназірання з машын без апазнавальных знакаў ДАІшнікі штодня спыняюць да 300 парушальнікаў па краіне. Як упэўнілі Еўрарадыё ў рэспубліканскім ДАІ, такое таемнае назіранне не супярэчыць заканадаўству і не парушае правоў грамадзян. Але эксперты кажуць, што гэта стварае нервовую атмасферу на дарогах. Мінскія ДАІшнікі вынайшлі новы сродак барацьбы з парушальнікамі Правілаў дарожнага руху. Для гэтай мэты яны выкарыстоўваюць машыну без усялякіх апазнавальных знакаў, абсталяваную прыборамі фіксацыі хуткасці і відэакамерай. На пэўнай адлегласці машыну звычайную суправаджае размаляваная адпаведнай сімволікай машына ДАІ. Замяраюць хуткасць і спыняюць парушальнікаў інспектары проста падчас руху.

Намеснік начальніка рэспубліканскага ДАІ Ігар Ваніцкі распавёў Еўрарадыё, што такое таемнае назіранне практыкуецца інспектарамі ДАІ па ўсёй краіне.

Ігар Ваніцкі: “Гэта ініцыятыва мінскіх, сталічных ДАІшнікаў, але яна па ўсёй рэспубліцы ўжо працуе”.

Еўрарадыё пацікавілася, ці не парушаюць ДАІшнікі закон, выкарыстоўваючы такія таемныя метады барацьбы з парушальнікамі. Па словах намесніка начальніка, ніякіх парушэнняў заканадаўства ў дзеяннях інспектараў няма.

Ігар Ваніцкі: “Нам закон дазваляе з дапамогай, скажам так, схаваных прыбораў, весці кантроль за выкананнем Правілаў дарожнага руху”.

Вынікі гэтай акцыі ў ДАІ плануюць падвесці праз два-тры тыдні. Але ўжо зараз, па яго словах, бачна, што плённасць такога назірання значна большая, чым звычайнага. Такім чынам на дарогах краіны толькі 4 лютага інспектары затрымалі 298 парушальнікаў.

Раней інспектарам ДАІ забаранялася хавацца за прыдарожны слуп альбо дрэва, калі яны выходзілі на трасу з прыборам фіксацыі хуткасці. Але, па словах эксперта, выпускнога рэдактара газеты “Авто-бизнес” Сяргея Міхайлава, гэта быў толькі вусны загад тагачаснага міліцэйскага кіраўніцтва. Таму цяпер, хаваючыся ў салоне звычайных машын, яны ніякіх законаў не парушаюць. Але Міхайлаў кажа, што не разумее сэнсу гэтай акцыі ДАІшнікаў.

Сяргей Міхайлаў: “Якая мэта гэтага мерапрыемства, незразумела. Што перашкаджае ім рабіць тое ж самае са звычайнага патрульнага аўтамабіля? Гэта для іх з’яўляецца дадатковым дысцыплінуючым уздзеяннем. Не парушаюць, едуць спакойна. А тут нейкія незразумелыя мэты. Запалохаць, каб народ баяўся, стварыць нервовыя абставіны? Навошта гэта трэба?”

Па словах эксперта, сэнс працы ДАІ не столькі ў тым, каб выскачыць і затрымаць парушальніка, колькі ў прафілактыцы правапарушэнняў. А з гэтым, кажа, у ДАІшнікаў чамусьці вельмі дрэнна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі