Ці варта вяртацца Ціханоўскай і ў чым праблема пратэстаў? Думка экс-амбасадара

Экс-амбасадар Ігар Ляшчэня
Экс-амбасадар Ігар Ляшчэня

Адна з асноўных спрэчак сярод беларусаў у апошні тыдзень — ці варта Святлане Ціханоўскай паўтараць учынак Аляксея Навальнага і вяртацца ў краіну. Пра гэта і не толькі — у эфіры Еўрарадыё з былым амбасадарам Ігарам Ляшчэнем.

Ці трэба вяртацца Ціханоўскай?

— Навошта? Для чаго і што гэта дасць? Гэта галоўныя пытанні. Сама тэма: вось, Навальны вярнуўся, Ціханоўская — наступная на чарзе... У маім разуменні гэта — спроба ўжо ў канцы студзеня яшчэ раз паспрабаваць выкарыстоўваць інструменты пратэсту, якія былі актуальныя ў жніўні — верасні. Шукаюць трыгер. Патрэбен трыгер, нагода, каб народ выйшаў. Ну, выйдзе народ, але не столькі, колькі ў жніўні — верасні.

Ляшчэня мяркуе, што за закліканнем Ціханоўскай вярнуцца стаяць спробы "падтрымаць нейкі прымальны ўзровень пратэсту". Як гэта арганізаваць тэхнічна — таксама вялікае пытанне.

— Прыезд Ціханоўскай нічога не дасць, — упэўнены дыпламат.

Чаго не хапае пратэстам?

— Што трэба рабіць? Дапаўняць пратэставую тэматыку іншай: тэматыкай развіцця, тэматыкай будучыні. Пратэсты, гэтыя лозунгі, якія былі, — яны актуальныя... Але беларусу патрэбнае пытанне "як жыць?".

Дыпламат упэўнены, што ў такім выпадку актыўных прыхільнікаў перамен стане больш — калі будзе не толькі адказ на пытанне "ў якіх умовах жыць?", але і "як жыць?".

— Ужо некалькі месяцаў мы ходзім вакол "Сыходзь!", а яно не працуе. Калі яно не працавала ў жніўні — верасні, то не спрацуе і ў студзені. Не спрацуе і ў сакавіку... Ёсць пытанні, ёсць крайнія пазіцыі, але, якая б ні была тупіковая сітуацыя, толькі ідыёт будзе адмаўляцца ад слова "перамовы", яны таксама павінны быць на парадку дня. Пытанне пра тое, што трэба прапанаваць парадак дня, дастукацца да тых, да каго не дастукаліся ў жніўні — верасні.​

Ляшчэня ўпэўнены, што шчырых прыхільнікаў улады няшмат, але шмат тых, хто заняў такую пазіцыю па неабходнасці. І на іх магла б паўплываць наяўнасць канкрэтных планаў па развіцці краіны. Пры гэтым, дадае дыпламат, пытанні сумленных выбараў, свабоды палітвязняў і расследавання гвалту з боку сілавікоў застаюцца важнымі, але не павінны быць адзінымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі