Ці трэба легалізаваць марыхуану і адчыняць публічныя дамы: меркаванні кандыдатаў

Ці трэба легалізаваць марыхуану і адчыняць публічныя дамы: меркаванні кандыдатаў
Ці трэба легалізаваць марыхуану і адчыняць публічныя дамы: меркаванні кандыдатаў

Таццяна Караткевіч, наркотыкі не ўжывае, замужам, выхоўвае сына

Пра легалізацыю марыхуаны:

“Я супраць легалізацыі. Асабліва, калі цяпер у нас ёсць лічбы, якія сведчаць, што шмат людзей залежныя ад алкаголю. Мяркую, што грамадства да гэтага, як бы ні казалі, не гатовае. І тут мы можам страціць больш, чым будзем мець”.

Пра публічныя дамы:

“Я ведаю, што ёсць мужчыны, якія за гэта. Не ведаю, што думаюць пра гэта жанчыны. Патрэбныя сацыялагічныя даследаванні, даследаванне попыту, хто карыстаецца, варта ці не варта? З іншага боку, калі б гэта было арганізавана, то гэта абараняла б грамадства ад хвароб, абараняла б гэта і здароўе гэтых “супрацоўнікаў” і здароўе іх кліентаў, скажам так. Вядома, што сярод сэкс-супрацоўнікаў ёсць нарказалежныя, і яны хварэюць. Таксама сярод іх ёсць жанчыны, якія маюць дзяцей і не маюць ніякай сацыяльнай абароны. Трэба разумець маштаб, каб казаць пра гэта адназначна. Трэба ведаць, колькі ў нас такіх сэкс-супрацоўнікаў, якія працуюць нелегальна, ці варта гэта рабіць, ці не варта. І гэта павінна вырашаць грамадства”.

Ці трэба легалізаваць марыхуану і адчыняць публічныя дамы: меркаванні кандыдатаў

Аляксандр Лукашэнка, наркотыкаў не ўжывае, мае трох сыноў і сем унукаў

Пра наркотыкі:

“Тыя, хто асабліва адзначыўся ў галіне наркагандлю, гадоў 20-25 яны павінны атрымаць. Для тых, хто менш адзначыўся, адпаведна, менш. Для нарказлачынцаў неабходна стварыць невыносныя ўмовы ў месцах адбыцця гэтых тэрмінаў. Калі іх у нас вельмі многа, я не думаю, што іх у нас вельмі многа, каб ствараць ім асобную калонію… Калі ў нас не хапае такіх людзей на адну калонію, давайце адно падраздзяленне, адну казарму ці яшчэ нешта ў калоніі строгага рэжыму, усталюем ім такі рэжым, каб яны, седзячы ў гэтай калоніі, прама скажу, смерці прасілі”.

Пра прастытуцыю:

У нас з гэтым жорстка: па барацьбе з гандлем людзьмі мы лідары ў свеце. Не тое, каб мы кожную дзяўчыну трымалі за руку, маўляў, ты там не ідзі туды, не ідзі сюды. Гэта справа кожнага. Але ты не можаш арганізоўваць банду з мэтай паставак дзяўчат. У нас да гэтага часу жонкі вялікіх начальнікаў тэрміны адбываюць”.

Ці трэба легалізаваць марыхуану і адчыняць публічныя дамы: меркаванні кандыдатаў

Мікалай Улаховіч, не ўжывае, жанаты, мае сына, дачку і пяць унукаў

Пра легалізацыю марыхуаны:

“Я з гэтым сутыкаўся ў арміі — я служыў у вельмі цікавых войсках, якія называюцца Ваенна-будаўнічыя часткі Савецкага Саюза. Інтэрнацыянальныя войскі, і там шмат было выхадцаў з Сярэдняй Азіі, якія пастаянна лёгкія наркатычныя сродкі ўжывалі — яны ж гарэлку не п’юць, мусульмане. Нічым гэтая брыдота не адрозніваецца ад гарэлкі — адно да аднаго! Нават горш. Вось калі перапіў чалавек, то і тут: калі ён гэтую гадасць прыняў, то ён будзе дурнець. Таму я супраць. Адзінае, да гэтага трэба падыходзіць з розумам: адзін раз чалавек паспрабаваў, то да яго трэба падыйсці з выхаваўчай працай, можа быць, нейкі штраф, як пакаранне. Жорсткасці не трэба, толькі да тых, хто распаўсюджвае. Але я супраць наркотыкаў”.

Пра публічныя дамы:

“У нас менталітэт грамадства такі — ён не саспеў яшчэ да публічных дамоў. У нас усё ж роўнасць мужчын і жанчын прапаведуецца, а тут прыніжэнне жанчыны атрымліваецца. Прафесіяй апынаецца здароўе чалавека — зарабляе на тым, на чым нават коні паміж сабой не зарабляюць! Ці жывёлы, разумееце? Таму я лічу, што пакуль у грамадстве не саспеў такі пункт погляду, а ён не саспеў, то гэтага рабіць не трэба. Ведаеце, вось ужо колькі часу яна (прастытуцыя, — Еўрарадыё) існуе ў нас падпольна і нават цэлая галіна ў нас з’явілася сэкс-турызму, але ведаеце… Калі нехта ідзе на гэта, то, і я ў гэтым даўно ўпэўнены, толькі таму, што няма кавалка хлеба. Бо бамжы ёсць у нашай краіне не таму, што яму няма чаго есці, а таму, што ён не хоча працаваць. І таму казаць пра публічныя дамы… Ну, калі яна не парушае парадак, не заражае людзей і гэтак далей, то я лічу, што старая практыка, якая ў нас сёння ёсць, яе не трэба чапаць. Калі грамадства саспее для гэтага і прыйдзе само, вось тады і будзем гэта вырашаць. Сёння пра гэта рана гаварыць”.

Ці трэба легалізаваць марыхуану і адчыняць публічныя дамы: меркаванні кандыдатаў

Сяргей Гайдукевіч, жанаты, мае сына, дачку і траіх ўнукаў

Пра легалізацыю марыхуаны:

“Для мяне гэта маразм поўны, і ніколі я з гэтым згодны не буду. Чаму? Бо лічу гэта памылкай. Калі ты бярэш за прыклад Нідэрланды, краіны Бенілюкс і асабліва Галандыю, то я стаўлюся да гэтага вельмі адмоўна”.

Пра публічныя дамы:

“Зусім грамадства беларускае да гэтага не гатовае. Гэта тое ж самае, што я табе патэлефаную і скажу, што заўтра мы ўваходзім у склад Еўрасаюза — адно і тое ж! Не, нельга гэтага рабіць, нельга. Гэта можна рабіць калі з людзьмі раіцца, рэферэндум праводзіць. Але як у хрысціянскай краіне, дзе цэрквы і праваслаўная, і каталіцкая, і гэтак далей, узнімаць такія пытанні цяпер, калі грамадства абсалютна не гатовае?! Гэта цалкам бязглуздая задума, я супраць гэтага. І для мяне галоўнае, каб мы проста змагаліся з гэтымі рэчамі даступнымі нармальнымі метадамі. Я разумею, што выйдуць некалькі клоунаў і будуць казаць: "Вось, мы зараз адкрыем публічныя дамы і будзем вырашаць пытанне". Ды што там! Глупства нейкае, пра што гэтыя людзі кажуць? Яны што, не ведаюць, які сацыяльны ўзровень гарантый у краіне? Гэта, разумееш, толькі папулізм усё”.

Фота: Еўрарадыё, politikus.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі