Ці трэба казаць мытніку, колькі маеш грошай?

Беларускія мытнікі пачалі пытацца ў беларусаў, якія перасякаюць мяжу, колькі дакладна грошай яны вязуць, нават калі тыя не запаўняюць дэкларацыю. Пры гэтым мытнікі запісваюць адказы пры выездзе з Беларусі і пры вяртанні. Для чаго гэта робіцца, пакуль невядома: самі мытнікі кажуць, што мусяць кантраляваць грашовыя патокі.
Еўрарадыё пабачыла тут дзве магчымыя праблемы, якія могуць у вас узнікнуць.

Па-першае, ці не ўзнікнуць у мытнікаў пытанні і нейкія патрабаванні, калі вы будзеце вяртацца з большай колькасцю грошай, чым ехалі? Па-другое, калі вы не бачыце, што пазначае сабе мытнік, то ці можа ён памыліцца ў запісе дакладнай колькасці грошай?

На другое пытанне мытнікі адразу ж адказваюць, што такога быць не можа, бо гэта справа адказная і сур’ёзная. Мытнікі паведамілі нам, што гэтая працэдура называецца вусным дэклараваннем, і тут існуюць вельмі жорсткія межы.

Першы мытнік: “Калі вы везяце грошы на суму да трох тысяч долараў, то можаце іх пісьмова не дэклараваць. Вусна кажаце мытніку – колькі, і ўсё. Калі ад трох да дзесяці тысяч – абавязкова пісьмова задэкларуйце. Калі больш за дзесяць – мусіце мець дазвольны дакумент”.

Дазвольным дакументам могуць быць тры паперы: адмысловая даведка банка, валютнае пасведчанне формы ТС-28 ці пасажырская дэкларацыя формы ТД-4. Пры вусным дэклараванні мытнік пытае ў вас, колькі вы маеце грошай. Дарэчы, ён мае права запатрабаваць ад вас пісьмовага іх дэкларавання.

Ён таксама можа папрасіць вас паказаць названую суму. На пытанне, што будзе, калі вашыя словы не супадуць з рэальнай колькасцю грошай, але ўсё роўна не перавысяць трох тысяч долараў, мытнікі адказваюць па-рознаму.

Другі мытнік: “Калі вы скажаце, што маеце 200 долараў, а ў вас дзве тысячы, то, напэўна, нічога не будзе. І тое, і тое менш за тры тысячы. Але навошта гэта: гаварыце дзве, тут крамолы няма. Напэўна, вы ўвогуле можаце сказаць: вязу менш за тры. І не ўдакладняць”.

Іншы мытнік кажа, што вы абавязаны назваць канкрэтную суму, без абагульненняў. І калі раптам вы скажаце не тое (не істотна – колькі) – будзе бяда.

Трэці мытнік: “Вас вусна апыталі. Вы сказалі нешта, і больш грошай не маеце. А ў вас знайшлі. На вас бы склалі пратакол, канфіскавалі ўсе грошы, і яшчэ б штраф вы заплацілі”.

Не знайшоўшы дакладнасці, Еўрарадыё звярнулася да юрыста і мытнага агента Галіны. Яна адразу ж зазначыла, што, сапраўды, усё залежыць ад канкрэтнага мытніка, які часам можа дараваць памылку. Але ўсё ж такі права пакараць вас ён мае.

Галіна: “Вуснае дэклараванне прадугледжвае праўдзівыя звесткі. Тут хлусіць нельга. Калі ў вас 2 999 долараў, можаце не дэклараваць, калі тры ці 3 001, то не можаце”.

Акрамя таго, абавязковаму дэклараванню падлягаюць любыя суммы грошай, якія вы атрымалі за мяжой у якасці іншаземнай бескарыслівай (гуманітарнай) дапамогі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі