Ці п'юць беларусы сухое малако?

Ці п'юць беларусы сухое малако?

У Сочы Назарбаеў скардзіцца Пуціну на якасць беларускага малака: тое, што пастаўляе Беларусь на рынкі ЕАЭС, гэта зусім не малако!

"Мы з нашым сябрам Аляксандрам Рыгоравічам спрачаемся. Ён шпарыць туды парашок гэты, парашок разводзіцца і прадаецца. Гэта зусім не цэльнае малако, гэта малочны напой, ён на Захадзе такім і лічыцца, а прадаецца па такіх жа коштах, па якіх наша малако", — абураецца Назарбаеў. Пуцін падтрымлівае: "Гэта не піва. Навошта малако разбаўляеце?"

Лукашэнка адказвае прэзідэнтам, маўляў, трэба разбірацца пра што гаворыш, бо нават "сушонае" малако — таксама малако!

"Купляюць у Казахстане малако такое — туды яго і вязуць! Не набывалі б — не павезлі б! Гэта першае. Па-другое, няма такога тэрміна "натуральнае малако". Усе выдатна разумеюць, што і Расія, і Беларусь узаемна сушаць гэтае малако, выдаляюць ваду. І калі пік малака падае, калі яго не хапае, Расія замаўляе ў Беларусі, мы часта набываем у Расіі гэтае малако, разбаўляем, то бок, дадаем ваду і атрымліваецца нармалізаванае малако!"

Амаль ва ўсіх беларускіх крамах на ўпакоўках малака напісана, што яно нармалізаванае. Па версіі Лукашэнкі — сухое разведзенае вадой? Апынулася, не. Пры вытворчасці малака айчынныя прадпрыемствы не карыстаюцца парашкамі і не разводзяць малако вадой. А кіраўнік дзяржавы і не ведае!

На бутэльцы малака "Савушкін прадукт"склад прапісаны на рускай, украінскай і казахскай мовах. Атрымліваецца, гэтую ж бутэльку можна ўбачыць і на паліцах казахскіх крамаў. Як кажуць у кампаніі, за сваю 40-гадовую гісторыю "Савушкін прадукт" ніколі не працаваў з сухім узноўленым малаком і не збіраецца, “бо гэта немэтазгодна і эканамічна нявыгадна”.

"Уся наша малочная прадукцыя вырабляецца толькі з натуральнага каровінага малака. На сухім малацэ мы не працуем увогуле, як і не разбаўляем яго вадой. Увогуле, каб вы разумелі, мы малако нават не сушым у сябе на прадпрыемстве. Сухое малако не вырабляем. Мы вырабляем толькі цэльнамалочную прадукцыю і сыры. А сушым толькі сываратку з-пад сыроў і тварагу і прадаём яе збольшага на экспартныя рынкі".

Ці п'юць беларусы сухое малако?

У кампаніі "Беллакт" Еўрарадыё пераконваюць, што на экспарт адпраўляюць такое ж нармалізаванае малако, якое прадаецца ў нашых крамах. Ніякай вадой пры нармалізацыі малака не карыстаюцца.

"Бярэцца стандартнае малако, якое мы атрымліваем з фермаў, і да яго дадаецца ці абястлушчанае малако (калі хочам атрымаць меншую тлустасць), альбо вяршкі (каб атрымаць больш тлустае малако). Абястлушчанае малако і вяршкі — гэта таксама натуральныя прадукты, атрыманыя з цэльнага, то бок натуральнага малака", — тлумачыць тэхналогію нармалізацыі тэхнолаг "Беллакта" Аліцыя Блажэвіч.

Ці п'юць беларусы сухое малако?

Атрымліваецца, што прэзідэнт не ў курсе сучасных тэхналогій, якімі карыстаюцца беларускія малочныя прадпрыемствы? Ці наадварот, ён ведае тое, чаго вытворцы ўсё ж недагаворваюць?

"Летам, калі малака хапае і калгасы яго прывозяць, тады нічога не дадаюць, але зімой дадаецца і вада, і замест малака — сухое малако. Сухое малако змяшаюць з вадой — атрымалася малако. Але ніхто ж не напіша, што яно зробленае з сухога малака", — прызнаецца Еўрарадыё супрацоўніца аднаго са сталічных малочных прадпрыемстваў.

Але ці такое яно страшнае, тое сухое малако?

"Харчовая каштоўнасць сухога малака і нармалізаванага па-сутнасці аднолькавая, — кажа Еўрарадыё дырэктар Навукова-вытворчага прадпрыемства Інстытут мяса-малочнай прамысловасці Андрэй Меляшчэня. Толькі, зразумела, што чым больш любая сыравіна перапрацоўваецца, тым больш змяняецца яе структура і смакавыя характарыстыкі".

Аднак, мяркуе навуковец, Беларусі эканамічна не выгадна займацца сухім малаком:

"Завезці ў Казахстан малако з узноўленага малака, нам гэта вельмі дорага — такім чынам мы адсоткаў на 20, а з улікам лагістыкі, на 30 ударожваем сваю прадукцыю. Нам гэта трэба? Не!"

Цікава, што два гады таму міністр сельскай гаспадаркі Казахстана Асылжан Мамытбекаў прызнаваў, што 60% казахскага малака вырабляецца з парашковага канцэнтрату. Цяпер, відаць, праблема вырашаная.

"Большасць прадпрыемстваў выпускаюць нармалізаванае пастэрызаванае пітное малако — то бок, даводзяць яго да пэўнага складу тлушчу, бялку, вугляводаў", — кажа Еўрарадыё тэхнолаг казахскага малочнага прадпрыемства "Эміль".

Беларускі навуковец Андрэй Меляшчэня ўпэўнены, што адрозніць разведзенае сухое малако ад нармалізаванага здольны не кожны дэгустатар. Але, відаць, гаворка ідзе не пра казахскіх дэгустатараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі