Ці прызнаваць Святаслава Барановіча палітвязнем: аргументы за і супраць

Ці прызнаваць Святаслава Барановіча палітвязнем: аргументы за і супраць

На тры гады калоніі агульнага рэжыму асудзілі Святаслава Барановіча, які пасля “Маршу недармаедаў” у сакавіку 2017 года абараняў анархістаў ад міліцыянераў у цывільным. Але праваабаронцы адмовіліся прызнаваць Барановіча палітвязнем. Праўда, не ўсе. Паспрабуем разабрацца, чаму адны лічаць асуджанага актывіста палітычным зняволеным, а іншыя ― не.

 

Аргумент 1. Права на свабоду сходаў і выказванняў Барановіча ніхто не парушыў

 

Першае, на што звяртаюць увагу прадстаўнікі і Беларускага Хельсінскага камітэта, і незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” ― сутычка адбываецца пасля заканчэння “Марша недармаедаў”. А гэта азначае, сцвярджае юрыст “Вясны” Валянцін Стэфановіч, што права Святаслава Барановіча на свабоду сходаў супрацоўнікі ў цывільным не парушылі.

“Акцыя была санкцыянаваная і перашкод ніякіх з боку супрацоўнікаў міліцыі не рабілася. Нават не затрымліваліся тыя, хто фармальна парушаў парадак правядзення гэтай акцыі, закрываючы твар маскай ― іх затрымлівалі ўжо пасля акцыі. І тут казаць, што было парушанае права Барановіча на ажыццяўленне мірных сходаў, не выпадае. Бо ён гэта права свабодна рэалізаваў”, ― кажа Валянцін Стэфановіч.

З калегам не згодны праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

“Я б гэта назваў палітыкай падвойных стандартаў, бо свабода мірных сходаў не толькі ў тым, што чалавек спакойна прыйшоў на плошчу і выказаў сваё меркаванне, але і ў тым, што ён спакойна пасля гэтага вярнуўся дамоў і пасля да яго не былі ўжытыя дзеянні, што супярэчаць дзеючаму заканадаўству. Я не лічу, што акцыя скончылася, бо ў паказаннях сведкі з боку абвінавачвання ёсць сведчанне: падчас акцыі ім далі загад сачыць за анархістамі, але каманды затрымліваць іх не было. Узнікае пытанне: “Хто і на якіх падставах аддаў такі загад і навошта было правакаваць сітуацыю на пустым месцы?”. Да ўсяго, гэтыя людзі ў цывільным чамусьці не пажадалі абазначыць сябе міліцыянерамі ― не называліся, не паказвалі дакументы, не казалі пра прычыну затрымання. І менавіта такія дзеянні супрацоўнікаў міліцыі справакавалі праблемы, якія ў далейшым перараслі ў крымінальную справу”.

 

Аргумент 2. Гвалт у дачыненні да іншага чалавека

 

Праваабаронцы не могуць прызнаць палітвязнем чалавека, які ўчыніў гвалт у дачыненні да іншага. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказвае кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак.

Алег Гулак: “Гэта быў гвалт у дачыненні да фізічных асоб. Тым больш, было зразумела, што гэта супрацоўнікі міліцыі, а ў іх таксама ёсць у пэўным сэнсе дадатковая абарона. Палітзняволены ― гэта такі статус, які дазваляе казаць, што тое, што чалавек рабіў, яно вартае падтрымкі. А вось падтрымліваць гвалтоўныя дзеянні мы не гатовыя ні ў якім выглядзе”.

Выключэнне ўсё ж ёсць, але ў тым выпадку, калі з вашага боку была самаабарона, удакладняе Валянцін Стэфановіч:

“Але ў дадзеным выпадку, і на відэа гэта бачна, што Барановіча ніхто не атакаваў і ў дачыненні да яго ніякіх гвалтоўных дзеянняў не прымяняў. Ён сам атакаваў першы, наносячы ўдары ў патыліцу. Таму пра самаабарону тут пытанне таксама не стаіць”.

“Супрацоўнік міліцыі мусіць быць ідэнтыфікаваны любым грамадзянінам, які мог бы звярнуцца да яго па дапамогу ці разлічваць на яго абарону. У дадзеным выпадку мы не можам казаць, што перад Барановічам знаходзіўся супрацоўнік АМАП, міліцыі, КДБ ці супрацоўнік іншай службы. Там быў чалавек, які здзяйсняў супрацьпраўныя дзеянні. Больш за тое, Барановічу і іншым грамадзянам паступалі крыкі аб дапамозе і абароне ад неправамерных дзеянняў гэтых невядомых асоб. Лічу, што ў той момант рэакцыя Барановіча была абсалютна адэкватнай і адпавядала той сітуацыі”, ― пярэчыць кіраўнік “Платформы” Андрэй Бандарэнка.

 

Аргумент 3. Ведаў, каго біў, і прызнаў сваю віну

 

“Барановіч сказаў, што ведаў тое, што перад ім супрацоўнік міліцыі. І віну сваю прызнаў у поўным аб’ёме. А гэта азначае, што калі вы прызнаеце віну па гэтым артыкуле, то гэта азначае: вы наўмысна ўчынілі гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Калі вы кажыце: “Я ўчыніў гвалт, але я не ведаў, што гэта супрацоўнік міліцыі”, то вы віну не прызнаеце. А ён віну прызнаў. Былі зачытаныя яго паказанні падчас папярэдняга следства, дзе ён сказаў, што даўно ходзіць на акцыі, лёгка пазнае супрацоўнікаў міліцыі. І ён гэтыя паказанні ў судзе пацвердзіў. Інфармацыі, што яго змусілі даць такія паказанні пад уздзеяннем фізічным ці маральным, ад яго не было. Хаця мог памяняць паказанні ў судзе, адмовіцца ад папярэдніх паказанняў, але гэтага зроблена не было. Да ўсяго, ён яшчэ і раскаяўся”, ― даводзіць Валянцін Стэфановіч яшчэ адзін аргумент на карысць немагчымасці прызнання Барановіча палітвязнем.

Андрэй Бандарэнка зноў не пагаджаецца.

“У сваім апошнім слове Святаслаў Барановіч дакладна вызначыў сваю пазіцыю і ўказаў на тое, што ён не ведаў пра тое, што перад ім знаходзіўся супрацоўнік міліцыі. А неабходнасць прызнання віны была звязаная з тым, што на яго здзяйсняўся ціск, і такім чынам ён хацеў змякчыць будучы прысуд. Бо, калі б ён цалкам адмовіўся ад прызнання віны, то тэрмін быў бы максімальным”.

Тым не менш, і тыя, хто не прызнае Барановіча палітвязнем, і тыя, хто мае адваротнае меркаванне, абяцаюць і далей аказваць хлопцу ўсю неабходную прававую і юрыдычную дапамогу. А, да прыкладу, прадстаўнік прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак, хоць і падтрымлівае пазіцыю “Вясны” і БХК, аб’явіў збор сродкаў на дапамогу Святаславу Барановічу і яго сям’і.

Фота Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі