Ці пахаваў захоп сепаратыстамі Дэбальцава мірныя “мінскія дамоўленасці”?

“Мінскія дамоўленасці” на Данбасе так і не запрацавалі. Аб’яўлены з 00 гадзін 15 лютага рэжым спынення агню быў парушаны, па сведчанні відавочцаў, ужо праз гадзіну пасля яго пачатку. А далей былі двухдзённыя жорсткія баі за “дэбальцаўскі плацдарм” і вывад адтуль 18 лютага ўкраінскіх вайскоўцаў. Выглядае на тое, што Меркель з Аландам дарэмна прыляталі ў Мінск — прымірыць Пуціна і Парашэнку ў іх так і не атрымалася, і “мінскія дамоўленасці” сарваныя…

Але што, калі сепаратысты аб’явяць аб спыненні агню, да прыкладу, з 20 лютага — “мінскія пагадненні” запрацуюць з новай даты ці пра іх ужо можна не згадваць, пакуль чацвёрка лідараў наноў не збярэцца ў “нармандскім фармаце” ў Мінску?

На думку ўкраінскага ваеннага эксперта Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў Юрыя Карына, прывідная надзея на тое, што супрацьлеглы бок вырашыць пачаць прытрымлівацца “мінскіх пагадненняў” і спыніць агонь, існуе.

Юрый Карын: “Калі ў дадзеным выпадку будзе зафіксаваны адвод узбраенняў ад цяперашняй лініі сутыкнення, будуць прытрымлівацца наступных пунктаў “мінскіх пагадненняў, то ў іх будзе сэнс. З іншага боку, той факт, што нашы войскі там (на “дэбальцаўскім плацдарме” — Еўрарадыё) трымаліся тыя 48 гадзін, якія былі вызначаныя тым жа мінскім пратаколам як рэжым спынення агню, у чарговы, ужо 147 раз, засведчылі ўсяму свету, што з Расіяй ніякіх папер нельга падпісваць — яны аўтаматычна ператвараюцца ў “Будапешцкі мемарандум”.

Тым не менш ваенны эксперт не выключае таго, што баевікі вымушаныя будуць спыніць баявыя дзеянні.

Юрый Карын: “Расія чаму пачала цяпер ваяваць, а не па “зялёнцы”? У яе няма часу — краіна ляціць ў бездань, у эканамічны крызіс. Любое зацягванне для Пуціна — смерць. А ўсё запланаванае, чаго ён хацеў дабіцца на ўсходзе Украіны, а гэта так званая “Наваросія”, сухапутны калідор у Крым ці як мінімум поўная акупацыя Луганскай і Данецкай абласцей, не атрымалася. Таму цяпер трэба хаця б стварыць ілюзію замарожвання канфлікту ў гэтых асобных рэгіёнах Луганскай і Данецкай абласцей”.

А што будзе з захопленым Дэбальцавам, калі “мінскія пагадненні” пачнуць выконвацца — гэта ж тэрыторыя паводле дамоўленасцяў павінная была застацца пад кантролем Украіны?

Па словах Юрыя Карына, Украіна адваёўваць гэтыя тэрыторыі не будзе, каб не парушыць “мінскія дамоўленасці”, а баевікі іх добраахвотна не аддадуць. І таму, лічыць эксперт, магчымае падпісанне нейкага дадатковага да “мінскіх дамоўленасцяў” дакумента, па якім “дэбальцаўскі плацдарм” адыдзе пад кантроль захопнікаў.

Украінскі палітолаг Яўген Магда звяртае ўвагу на тое, што і раней падпісаныя “мінскія мемарандумы”, да прыкладу, ад 19 верасня, таксама не выконваліся, але і адмененыя канчаткова праз гэта не былі.

Яўген Магда: “Цалкам перакрэсліваць “мінскі мемарандум” не будуць. Думаю, што мы зараз будзем назіраць за дыпламатычнымі манеўрамі, чакаць, як адрэагуе Захад на сітуацыю вакол Дэбальцава, і хутчэй за ўсё чакаць вясны і стабілізацыі сітуацыі”.

Але гэтыя “дыпламатычныя манеўры”, упэўнены Яўген Магда, не прадугледжваюць новай сустрэчы ў Мінску не толькі лідараў краін у “нармандскім фармаце”, але і Кантактнай групы. На гэта банальна не пойдзе Пуцін: “Бо як у такім выпадку ён будзе выглядаць у вачах Меркель і Аланда, не кажучы пра Парашэнку?” — задае пытанне палітолаг.

Дэбальцава, падтрымлівае Юрыя Карына Яўген Магда, баевікі Украіне не вернуць. І складанасць, разважае палітолаг, тут у тым, што ў адрозненне ад Украіны, так званыя “ДНР/ЛНР” не прызнаныя нікім, не з’яўляюцца сябрамі міжнароднай супольнасці, дзе ўзятыя на сябе абавязкі прынята выконваць, і таму могуць сабе дазволіць рабіць што заўгодна. А дакладней, “Расія можа іх рукамі рабіць што заўгодна”.

Але ці давядзе спыненне агню да выканання наступных пунктаў “мінскіх пагадненняў” — адводу цяжкага ўзбраення ад лініі фронту і абмену палоннымі?

Яўген Магда: “На гэта могуць пайсці абодва бакі, але толькі ў тым выпадку, калі будзе існаваць рэальны механізм кантролю. Наяўны механізм, у якім ёсць АБСЕ, сябе максімальна дыскрэдытаваў”.

Вось ініцыятыву афіцыйнага Кіева па запрашэнні ва Украіну міратворцаў ААН і паліцэйскую місію з ЕС суразмоўца Еўрарадыё называе “дастаткова арыгінальным крокам”, які можа дапамагчы ва ўрэгуляванні канфлікту.

Іншы погляд на будучыню “мінскіх пагадненняў” у шараговага байца Нацгвардыі Украіны Віталя Лазебніка, які тры апошнія тыдні ваяваў менавіта ў Дэбальцаве.

Віталь Лазебнік: “Бессэнсоўныя спробы. Калі з нашага боку і ёсць спробы выконваць дамоўленасці, то з боку сепаратыстаў гэта выключна зацягванне часу і замыльванне вачэй”.

І прыгадвае, што кожным перамір’ем сепаратысты карыстаюцца для таго, каб заняць новыя тэрыторыі. Тым не менш і Юрый Карын, і Яўген Магда раяць пачакаць рэакцыі ЕС і ЗША на падзеі ў Дэбальцаве. 

Фота: з архіваў Юрыя Карына, Яўгена Магды, Віталя Лазебніка, joinfo.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі