Ці можна ўвесці ядзерную зброю ў Беларусь, не парушаючы Канстытуцыю?

У Асноўным законе Беларусі бяз’ядзерны статус краіны прапісаны недакладна.

У панядзелак, 26 жніўня амбасадар Расіі ў Мінску Аляксандр Сурыкаў у інтэрв’ю “Інтэрфаксу” ўзгадаў пра магчымасць размяшчэння на тэрыторыі Беларусі “аб’ектаў, якія маюць дачыненне да ядзерных”. Гэта навіна выклікала шквал абурэння і адразу ж дасягнула ўзроўню скандалу.
Ужо на наступны дзень амбасадар быў вымушаны адмовіцца ад сваіх словаў.

У аўторак Сурыкаў адзначыў, што ягоныя словы былі няправільна інтэрпрэтаваныя. Але нават пасля гэтай заявы шматлікія СМІ па інэрцыі працягвалі абмяркоўваць гэтую тэму. Еўрарадыё вырашыла даведацца, наколькі ўвогуле з юрыдычнага пункту гледжання рэальная магчымасць увядзення ядзернай зброі на тэрыторыю нашай краіны.

Старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Мікалай Чаргінец запэўніў, што ўвядзенне ядзернай зброі Беларусі не пагражае:

“Такога пытання не паўставала: Расія не падымала гэтае пытанне, і ў нас, у Беларусі, гэтае пытанне ніколі не абмяркоўвалася. Таму, я думаю, што на гэтым этапе гаварыць пра гэта няма нават сэнсу…”

“Мы былі і ёсць сапраўды бяз’ядзернай дзяржавай”, - падкрэсліў Чаргінец у інтэрв’ю Еўрарадыё.

У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сапраўды прапісаны пункт наконт яе нейтральнасці і статусу бяз’ядзернай дзяржавы. Але сама фармулёўка вельмі неадзначная і выклікае шмат пытанняў.

Вось што напісана ў Канстытуцыі: “Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву – нейтральнай”. Ставіць за мэту і з’яўляцца бяз’ядзернай дзяржавай – розныя рэчы. Ці азначае такая фармулёўка, што пры жаданні ўвесці ядзерную зброю ў Беларусь будзе магчыма законным шляхам, нават не перарабляючы Канстытуцыю?

З гэтым пытаннем мы звярнуліся да экспертаў, сярод якіх – былыя суддзі Канстытуцыйнага суда і людзі, якія прымалі Канстытуцыю.

Юрыст Міхаіл Пастухоў мяркуе, што дзеянні па ўвядзенні ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі будуць супярэчыць не толькі Канстытуцыі, але і інтарэсам Рэспублікі Беларусь:

“Гэта тое пытанне, па якім трэба абавязкова праводзіць рэферэндум, і вынікі гэтага рэферэндуму павінны быць сапраўднымі, таму што пытанне тычыцца кожнага грамадзяніна, а не толькі дзяржавы. І толькі народ можа вырашыць свой лёс. І тут справа нават не толькі ў тым, што гэта супярэчыць Канстытуцыі, гэта, на мой погляд, супярэчыць інтарэсам Рэспублікі Беларусь”.

На думку Пастухова, нават пры такой трактоўцы беларусы знаходзяцца ў адноснай бяспецы:

“У такой трактоўцы, я лічу, няма аніякай шчыліны для таго, каб завезці ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі”.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і былы спікер Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб. Ён пагаджаецца з недакладнасцю фармулёўкі ў Канстытуцыі, але ўсё роўна адзначае, што нават мэта стварэння бяз’ядзернай дзяржавы ўжо сама па сабе выключае ўсе крокі па размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі:

“Калі мы паставілі сабе мэту стаць бяз’ядзернай дзяржавай, а з другога боку, дазваляем іншай дзяржаве размяшчаць на нашай тэрыторыі ядзерную зброю, ці самі гэта робім, то гэта супярэчыць сэнсу артыкула Канстытуцыі”.

Але ў той жа час Грыб адзначае, што, у прынцыпе, беларускія улады змогуць павярнуць трактоўку пра без’ядзерны статус Беларусі так, як ім будзе выгадна:

“Не трэба тут, мне здаецца, вялікую ўвагу звяртаць на Канстытуцыю, таму што, калі будзе выгадна уладам Беларусі сказаць, што гэта супярэчыць Канстытуцыі, яны абавязкова спашлюцца на частку 2 артыкула 18 і аб гэтым скажуць, што гэта супярэчыць – можаце не сумнявацца ні кроплі.

А калі гэта будзе разыходзіцца з жаданнем кіраўніцтва, яны скажуць – гэта не супярэчыць, гэта толькі запісана, што імкнуцца, а мы можам сёння ядзерную зброю паставіць для таго, каб імкнуцца да бяз’ядзернасці…”


Падобнае меркаванне і ў былога суддзі Канстытуцыйнага суда Міхаіла Чудакова:

“Калі Рэспубліка Беларусь будзе сама зацікаўлена ва ўвядзенні, то Канстытуцыя не выратуе – ва ўсякім разе, не перашкодзіць”.

Між тым прэс-сакратар дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Іван Макушок у інтэрв’ю Еўрарадыё заявіў, што пытанні пра ўвядзенне ядзернай зброі ў Беларусь магчыма будуць пастаўлены і прапісаны ў Саюзнай дамове:

“Наколькі мне вядома, беларускі бок гатовы разгледзець пытанне, калі расійскі бок звернецца з такой прапановай, калі будзе афіцыйны зварот. Пакуль гэтага няма. Гэта магчыма ў тым ліку як мера ў адказ на змяшчэнне сістэмы СРА у Польшчы”.

На заўвагу, што ўвядзенне ядзернай зброі будзе супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, Макушок філасофскі адзначыў, што гэта будзе зброя Расіі, а не Беларусі. А таксама дадаў:

“Калі будзе палітычная воля, то я вас запэўніваю, што гэта магчыма будзе роўна і законна правесці. Амерыканскія ядзерныя ракеты стаяць на тэрыторыі Турцыі, якая з’яўляецца бяз’ядзернай дзяржавай. Гэта не супярэчыць ні міжнароднаму праву, ні канстытуцыі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі