Ці чакаць беларусам дэвальвацыі пад Новы год?

Ці чакаць беларусам дэвальвацыі пад Новы год?

Пад Новы год у беларусаў традыцыйна абвастраецца дэвальвацыйная фобія. Прычына гэтага — наш сумны досвед. У 2009 годзе курс долара скокнуў, калі шмат хто яшчэ не паспеў адысці ад святочнага стала. У студзені 2011-га з пакупкай валюты пачаліся такія праблемы, што цягам года рубель дэвальваваўся ў тры разы. А на мяжы 2014 і 2015 гг. мы перажылі дэвальвацыю ў тры прыступкі. З 19 снежня па 19 студзеня курс рубля ўпаў на 36,6%.

Ці ёсць сёлета падставы для святочнай дэвальвацыйнай параноі? Старшы аналітык кампаніі "Альпары" ў Мінску Вадзім Іосуб лічыць, што ў беларусаў няма "лішніх" рублёў, каб арганізаваць скачок курса:

Ці чакаць беларусам дэвальвацыі пад Новы год?

"Каб курс долара хутка вырас, трэба, каб нехта набываў шмат валюты. Гэта могуць быць людзі ці прадпрыемствы. У 2011 годзе і пры канцы 2014-га была прыкладна адна і тая ж сітуацыя. У 2010 годзе сярэдні заробак вырас да $500, у 2014 — амаль да $630 у эквіваленце. То бок працаваў друкавальны станок, і ў людзей на руках былі, што называецца, "лішнія" рублі. Чалавек набыў сабе лядоўню, паклаў туды палову кабана — і яшчэ грошы засталіся. Палова краіны набыла валюту — курс долара вырас.

А сёлета сітуацыя іншая. Рэальныя даходы насельніцтва зніжаюцца і ў параўнанні з інфляцыяй, і ў доларавым эквіваленце. Адпаведна, грошай на набег на абменнікі няма. Тое самае можна сказаць пра прадпрыемствы. Дзяржава запавольвае выдачу крэдытаў. Грошай, якія можна было б канвертаваць у валюту, няма. Гэта дазваляе спадзявацца на тое, што скачка да Новага года ці адразу пасля святаў чакаць не варта".

Што праўда, пры канцы года Аляксандр Лукашэнка ізноў паставіў перад чыноўнікамі мэту: сярэдні заробак у $500.

"Калі ўзяць і заўтра ўсім выдаць заробак па $500 у эквіваленце — відавочна, скокне ўверх не толькі курс долара, але і інфляцыя. І якраз таму, што гэта відавочна, у такім выглядзе гэта рэалізавана не будзе. У заяве Лукашэнкі было некалькі ўмоваў: і пра тое, што грошы друкаваць не будзем, і пра тое, што заробак павінен адпавядаць вытворнасці працы. А гэтая акалічнасць заўжды дазваляе сказаць: вы не пачалі працаваць лепш — таму і заробкі не растуць, — дадае Вадзім Іосуб. — Ужо практычна два гады стрымліваецца штучны рост заробкаў. Прэзідэнцкая і парламенцкая кампаніі прайшлі без яго. Проста так узяць і павысіць заробкі ў наступным годзе, пахаваўшы стабільнасць на валютным рынку, я не бачу ніводнай прычыны".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі