Чыноўнікі забіраюць дэкрэтныя грошы ў беларускі, сама яна баіцца "крыміналкі"

Выязджаючы за мяжу, варта памятаць пра нюансы беларускага заканадаўства / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Выязджаючы за мяжу, варта памятаць пра нюансы беларускага заканадаўства / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Беларуска, якая з'ехала за мяжу з маленькім дзіцем, асцерагаецца, што па вяртанні дадому на яе могуць завесці крымінальную справу. І ўсё гэта праз тысячу з невялікім рублёў, якія маладая мама па збегу абставінаў завінавацілася службе сацабароны.

— У лютым выехалі за мяжу з дзіцем, якому яшчэ не споўнілася трох гадоў. Ад'езд не быў звязаны з палітычнымі прычынамі. За мяжой планавалі прабыць да двух месяцаў, — расказвае Еўрарадыё жанчына. — Але атрымалася так, што вымушаныя былі затрымацца даўжэй. Службе сацабароны пра гэта забыліся паведаміць. Ды я пра гэта нават і не думала, бо не карысталася тут беларускімі разліковымі карткамі. Да таго ж падзеі так закруціліся, што было не да гэтага.

Днямі са мной звязаліся з беларускай службы сацабароны. Сказалі, што ім паступіла інфармацыя ад памежнай службы, што я больш за два месяцы таму перасякала мяжу з дзіцем. І цяпер лішнія налічаныя дэкрэтныя грошы трэба будзе вярнуць.

Даведачна: калі дзіця знаходзіцца за межамі Беларусі больш за два месяцы, то дапамогу на яго перастаюць выплачваць з першага чысла месяца, наступнага за месяцам выезду. Гэта ў тым выпадку, калі адзін з бацькоў паведаміў пра выезд не пазней за пяць дзён пасля ад'езду, а інакш выплата дапамогі спыняецца з дня выезду.

Калі ж адзін з бацькоў (атрымальнік дапамогі) не паведаміў пра выезд дзіцяці за межы Беларусі на тэрмін больш за два месяцы і выплата дапамогі не прыпынялася, то ў такім выпадку залішне выплачаная сума дапамогі падлягае вяртанню. Падстава — Закон "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей".

Чиновники забирают декретные деньги у белоруски, сама она боится “уголовки”
Так выглядае заява аб вяртанні дэкрэтных грошай / Еўрарадыё

— Я кажу: добра, скіньце мне разліковы. Я прыеду і выплачу гэтую розніцу за той час, на які я затрымалася, — працягвае жанчына. — А яна [супрацоўніца цэнтра сацабароны] мне кажа: грошы вы выплаціце ўсё роўна, але праблема ў тым, што цяпер такімі справамі займаецца міліцыя. І маўляў, самы горшы сцэнар — гэта крымінальная справа. Альбо за тое, што я не папярэдзіла, альбо за тое, што ўтварылася гэтая пеня — складана сказаць.

Сарыентаваць па далейшай сітуацыі мяне не могуць. Гэта значыць, я пагашу доўг, потым прыеду ў Беларусь, і толькі тады будзе зразумела, ці засталіся да мяне нейкія пытанні ў іншых ведамстваў. Я так разумею, што для мяне ў далейшым гэта будзе сюрпрызам.

Я даведвалася пра падобны выпадак, калі сям'я выехала з дзецьмі ў Польшчу. Бацька пасля прыцягваўся па адміністрацыйным артыкуле, а маці прыцягнулі па крымінальным артыкуле "Махлярства" за тое, што яна перавысіла тэрмін знаходжання за мяжой у два месяцы. Акрамя таго, паглядзелі яе транзакцыі па картцы, маўляў, траціла грошы не на патрэбы дзіцяці.

Жанчына ўжо напісала распіску пра тое, што яна абавязваецца вярнуць грошы. Па прыездзе ёй неабходна будзе ў тэрміновым парадку з'явіцца ў службу сацабароны.

Еўрарадыё заклікае беларусаў, якія выязджаюць за мяжу і атрымліваюць дапамогі на дзяцей, памятаць пра нюансы заканадаўства і своечасова выконваць неабходныя юрыдычныя працэдуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі