Чым больш заможны беларус, тым меншую пенсію ў параўнанні з даходам атрымае

У Беларусі, калі твой заробак нашмат вышэйшы за сярэдні, ён амаль не ўлічваецца ў пенсіі. А пенсійная рэформа можа абмежавацца ўсяго падвышэннем пенсійнага ўзросту. Якія іншыя варыянты рэфармавання пенсійнай сістэмы магчымыя, расказвае эканаміст Аляксандр Чубрык Аўтар даследавання "Пенсійная сістэма Беларусі: адносіны насельніцтва і сцэнарыі зменаў" эканаміст Аляксандр Чубрык кажа, што галоўная праблема пенсійнай сістэмы Беларусі — несправядлівасць і нестабільнасць.

Давайце пагаворым пра пенсійную сістэму Беларусі і пра тое, як яе ўспрымаюць самі беларусы. Ці праўда, што сёння выхад на пенсію — гэта асноўны страх, які ёсць у 40-гадовага насельніцтва Беларусі? Што надыдзе пенсія, не будзе на што жыць…

Чубрык: Напраўду, тут шмат залежыць ад таго, якога веку рэспандэнт. Напрыклад, моладзь да 30 гадоў амаль што не цікавіцца праблемамі пенсійнай сістэмы. А вось людзі старэйшыя за 30 год і тым больш старэйшыя за 40 год пачынаюць цікавіцца гэтымі пытаннямі, лепш разумеюць, што іх чакае, як уладкаваная сучасная пенсійная сістэма... І ў іх, вядома, больш боязі перад будучыняй, таму што для іх з выхадам на пенсію вельмі істотна скарачаюцца даходы.

Найбольш вялікі страх — у 40-гадовых бізнэсоўцаў, у тых людзей, якія разумеюць тэндэнцыі, што склаліся сёння ў беларускай пенсійнай сістэме.

А тэндэнцыі для Беларусі даволі кепскія. Бо нават калі ўявіць сабе, што зараз адбудзецца нейкая пенсійная рэформа і частка пяройдзе на назапашвальную сістэму, то з гэтай сістэмы саракагадовыя звычайна так ці інакш аказваюцца выкінутымі. Яны, калі хочуць, могуць самі нейкім чынам ашчаджаць грошы, а пасля на іх жыць на пенсіі. Але ж часцей за ўсё, тыя, хто дасягнуў веку ў 40 год, ужо не трапляюць пад дзеянне новай сістэмы. Бо  калі ўсіх ахапіць такой сістэмай, то гэта будзе істотны для яе цяжар. Таму патрэбная такая пераходная група. І вось гэта якраз тыя, хто старэйшы за 40 год.

Давайце спынімся больш падрабязна на назапашвальнай сістэме. У пераходны перыяд, калі краіны пераходзілі з савецкай пенсійнай сістэмы на назапашвальную, ці былі краіны, якія зрабілі гэта без значных для сябе стратаў? Магчыма, былі краіны, якія пазбеглі праблемы выкінутасці саракагадовых з гэтай сістэмы?

Не, насамрэч гэта звычайная практыка. Вось уявіце сабе: сёння беларусы плацяць 35% свайго заробку ў фонд сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. Калі з гэтых 35%, скажам, траціну накіроўваць на назапашвальную сістэму, а 2/3 на размеркавальную, у такім выпадку атрымліваецца, што трэба ад усіх грошай, што паступаюць сёння ў фонд сацыяльнай абароны, адняць траціну і зрабіць яе недатыкальнай, накіраваць у нейкія пенсійныя і інвестыцыйныя фонды…

Атрымаецца, што ў пенсійнай сістэме будзе вялізны дэфіцыт, які будзе проста немагчыма прафінансаваць. Таму звычайна толькі частка насельніцтва, скажам, людзі да 40 год, ахопліваюцца новай сістэмай.

То бок, усе постсавецкія краіны пераходзілі на новую сістэму больш-менш аднолькава?

Так, розны быў толькі адсотак — колькі грошай з гэтага падатку ідзе ў назапашвальную сістэму, колькі ў размеркавальную. А паколькі ва ўсіх постсавецкіх краінах даволі складанае дэмаграфічнае становішча, то пенсійная рэформа адразу стварала вялікі дэфіцыт. Таму шмат якія краіны накіроўвалі ў назапашвальную сістэму вельмі невялічкі адсотак грошай. І гэта праблема, таму што калі ты накіроўваеш туды толькі невялікую частку грошай, то такая сістэма будзе паўставаць вельмі доўга.

Для Беларусі тут якраз праблема ў тым, што эфектыўна было б аддаць даволі вялікі адсотак на назапашвальную сістэму. Можа, трохі менш за траціну, але ж прынамсі 10% ад заробку варта было б накіроўваць у назапашвальную сістэму. Тады ёсць шанец, што такая сістэма будзе больш-менш устойлівая.

Калі ты атрымліваеш заробак нашмат вышэйшы за сярэдні, то ён амаль не ўлічваецца ў тваёй пенсіі

А ці мянялася нашая пенсійная сістэма хоць нейкім чынам з савецкіх часоў? Мы штосьці ўвогуле рэфармуем, ці ўсё як было так і засталося?

Нічога амаль што не змянілася, зрабілі толькі персаніфікаваны ўлік, усе атрымалі карткі… Але ж залежнасць паміж заробкамі і пенсіяй як была невялікай, так такой і застаецца. Ёсць такі паказчык Каэфіцыент Джыні, ён гаворыць пра няроўнасць у прыбытках. Чым ён большы, тым большая прорва паміж беднымі і багатымі. Калі браць па ўсім насельніцтве Беларусі, то гэты каэфіцыент складае дзесьці 0,28. Калі браць толькі пенсіянераў, то ён роўны прыкладна 0,17. То бок, пенсіянеры нашмат менш адрозніваюцца адзін ад аднаго, чым людзі, якія не з’яўляюцца пенсіянерамі. І гэта дзякуючы той пенсійнай сістэме, якая існуе. Калі ты атрымліваеш заробак нашмат вышэйшы за сярэдні, то ён амаль не ўлічваецца ў тваёй пенсіі.

Адзіная рэформа, пра якую ў нас зараз ідзе гаворка, — гэта тое, каб перайсці на ўмоўна-назапашвальную сістэму. Умоўна-назапашвальныя рахункі — гэта калі пенсія будзе прывязаная да заробку ў шмат большай ступені. То бок, ты грошы будзеш плаціць не проста ў Фонд сацыяльнай абароны, а нібыта на свой уласны рахунак. І ўжо ў залежнасці ад таго, колькі ты наадлічваў туды за сваё працоўнае жыццё, такую ты і будзеш атрымліваць пенсію. Але ж нават такая рэформа пакуль што не была зроблена.

Адна з галоўных праблем беларускай пенсійнай сістэмы з пункту гледжання большасці людзей — гэта тое, што яна несправядлівая. На думку многіх, дзяржслужбоўцы і супрацоўнікі сілавых органаў атрымоўваюць непрапарцыйна высокія пенсіі ў параўнанні з простымі людзьмі.

Якую самую вялікую пенсію рэальна атрымоўваць сёння ў Беларусі?

Я дакладна лічбаў не ведаю, але нашмат больш высокія пенсіі ў найвышэйшых дзяржаўных службоўцаў. Калі ты, скажам, міністр ці вярхоўны суддзя ці проста працуеш у Канстытуцыйным судзе, то ў іх захоўваецца пенсія, здаецца, 65% ад сярэдняга заробку дзейснага міністра і г.д. Гэта вельмі высокія пенсіі. У вайскоўцаў таксама даволі высокія пенсіі. А для астатніх груп пенсія ў 500 тысяч — гэта добра ў нашых умовах.

А ўвогуле па Беларусі колькі складае пенсія ад заработнай платы?

Зараз у Беларусі сярэдняя пенсія складае прыкладна 40% ад сярэдняга заробку. Але гэта сярэдняя. Вядома, калі ты шмат зарабляеш, то гэта будзе 30% ад твайго заробку ці нават 20%... То бок, чым больш ты заможны, тым меншую пенсію ў параўнанні з тваім сучасным даходам ты потым атрымаеш.

Тое даследаванне, якое мы рабілі, паказвае, што людзі больш заможныя, больш адукаваныя і бліжэйшыя да пенсійнага веку, пачынаюць трошкі ашчаджаць на пенсію. Чалавек проста збірае грошы дома альбо ў банкаўскай сістэме…

Ёсць яшчэ адна цікавая рэч ва ўспрыманні пенсійнай сістэмы беларускім насельніцтвам. Калі моладзь кажа “я на пенсію сабе зараблю, буду адкладаць, альбо мне дзеці дапамогуць, ці буду працаваць”, то людзі, якія ўжо дасягнулі перадпенсійнага веку, яны ўжо ні на што не спадзяюцца — ні на дапамогу дзяцей, ні на тое, што нешта паспеюць адкласці. Яны разумеюць жыццё нашмат лепш і далёка не такія аптымістычныя, як моладзь.

Дарэчы, што яшчэ цікавае — пенсіянеры нашмат больш задаволеныя сучасным узроўнем пенсій, чым нават людзі перадпенсійнага веку. Тут можа быць тлумачэнне, што ўсё ж такі вялізная частка пенсіянераў — гэта людзі яшчэ савецкай сістэмы, якія проста не мелі такіх прыбыткаў і магчымасцяў, якія могуць людзі мець зараз. Таму для іх здаецца, што гэта такі больш-менш някепскі ўзровень жыцця.

Каля чвэрці беларускіх пенсіянераў працягваюць працаваць. Гэта тое, пра што марыла б любая еўрапейская краіна

Ёсць і такое меркаванне, што сёння нашым пенсіянерам вельмі добра, бо яны амаль усе працуюць. І плюс да заробку атрымліваюць яшчэ і пенсію, такі дадатковы прыбытак…

Так, даволі вялікая частка пенсіянераў працуе. Гэта тое, пра што б марыла любая еўрапейская краіна. Таму што чалавек працуе — значыць ён працягвае адлічваць грошы ў пенсійны фонд. А ў Беларусі дзяржава гэтаму не радая, бо “а што гэта яны тут, і пенсію і заробак атрымліваюць адначасова?”

Ці ёсць дадзеныя, колькі пенсіянераў у Беларусі працягвае працаваць? Якія ў нас увогуле суадносіны працоўных і пенсіянераў?

Я дакладна не памятаю, але блізу паўмільёна чалавек… Лічба вельмі вялікая – у нас дзесьці два мільёны 600 тысяч пенсіянераў. Я думаю, што блізу чвэрці пенсіянераў працягваюць тым ці іншым чынам працаваць. Тое, што шмат пенсіянераў працягвае працаваць, гаворыць пра тое, што пенсіі ў нас маленькія. І іх недастаткова.

Калі мы апытвалі людзей, ці дастаткова сёння пенсіі, каб пражыць у Беларусі, большасць адказвалі, што яна невялікая і за яе можна набываць толькі неабходную ежу і плаціць за паслугі. Прыкладна 20% рэспандэнтаў лічаць, што гэтай пенсіі нестае нават на тое, каб набываць неабходнае.

Але ж большасць насельніцтва супраць таго, каб пенсіі падвышаліся?

Відавочна, што людзі вельмі добра разумеюць, што чым большая пенсія, тым большыя падаткі.

Праз 20-30 год колькасць пенсіянераў і тых, хто працуе, у Беларусі будзе роўная

Акрамя таго, што пенсіі маленькія, а пенсійная сістэма несправядлівая, якія яшчэ асноўныя праблемы выявіліся падчас гэтага даследавання?

Частка насельніцтва лічыць, што нават сучасны пенсійны век — завысокі. Даволі вялікая колькасць рэспандэнтаў казала пра тое, што грошы, якія знаходзяцца ў пенсійнай сістэме, не працуюць. Вось ты адлічаеш-адлічаеш грошы ўсё жыццё, а калі выйдзеш на пенсію, то не факт, што на цябе гэтыя грошы знойдуцца.

Але галоўнай праблемай пенсійнай сістэмы называлася яе нестабільнасць.

Як так? З савецкіх часоў яна ў нас не змянялася. Наадварот, гэта адна з самых стабільных галін эканомікі…

У тым і рэч, што, здавалася б, адна з самых стабільных галін эканомікі большасцю ўспрымаецца як нестабільная. Стабільна — гэта калі глядзець на год-два наперад, але калі мы паглядзім на 30-40 гадоў наперад, то беларуская сістэма вельмі нестабільная, дэмаграфічныя прагнозы па Беларусі вельмі кепскія. Паводле падлікаў атрымліваецца, што пры сучасным пенсійным веку ў 2030-2040 гадах колькасць пенсіянераў і тых, хто працуе, будзе роўная. Калі ў нас зараз тых, хто працуе, дзесьці ў 1,5 разы больш за пенсіянераў, а пенсія складае 40% ад заробку, то што будзе, калі іх будзе пароўну? Не больш за 30% ад сярэдняга заробку…

Таму тут ёсць некалькі варыянтаў. Першы — гэта проста падвысіць пенсійны век. І тады мы аўтаматам атрымаем на бліжэйшыя 5-10 год прафіцытны фонд сацыяльнай абароны, пэўная частка выдаткаў адкладзецца. Але ж такі варыянт добры толькі ў адным выпадку — калі гэта будзе зроблена адначасова з рэформай самой пенсійнай сістэмы, калі будзе ўведзены назапашвальны ўзровень. Якраз гэтыя грошы, гэты прафіцыт, які з’явіцца, можна пусціць на фінансаванне таго дэфіцыту, які ўзнікне, калі будзе ўведзены назапашвальны ўзровень.

Калі проста падвысіць пенсійны век, то існуе верагоднасць, што праблема дэфіцыту адкладзецца на 5-10 год, а потым ізноў будзе тая самая дэмаграфічная праблема. Насамрэч, сучасная сістэма вельмі нестабільная ў дэмаграфічным сэнсе. Трэба дакладна штосьці рабіць.

Рабіць што? Якія цяпер разглядаюцца варыянты, акрамя таго, каб проста падвысіць пенсійны век?

На мой погляд, вялікая верагоднасць таго, што пасля прэзідэнцкіх выбараў будуць спрабаваць падвысіць пенсійны ўзрост. Ужо будуць пачынацца праблемы ў Фонда сацыяльнай абароны: пакуль што ён быў прафіцытны, але зараз ужо будзе з’яўляцца невялікі дэфіцыт…

А як варыянт пераходу на назапашвальную сістэму? Стварэнне пенсійных фондаў?

Частка рэспандэнтаў казала, што калі б з’явіліся адмысловыя ўстановы, якія б дазвалялі дадаткова адкладаць грошы, каб пасля атрымліваць з іх пенсію, то яны б туды панеслі свае грошы. То бок, калі б такая назапашвальная сістэма пачала працаваць і з’явіліся б першыя ўкладчыкі, то людзі пацягнуліся б.

Але гэта даволі складаная рэч. Справа не ў тым, што Міністэрства сацыяльнай абароны не дастаткова адукаванае, каб зрабіць такую сістэму. Яны як раз-такі добра разумеюць, як яна працуе, але ж гэта даволі складаная рэформа, бо яна патрабуе, па-першае, стабільнага фінансавага сектару, каб гэтыя інвестфонды проста не прагарэлі. Другі момант — ёсць прыклад Чылі, дзе нават назапашвальная сістэма не спрацавала так выдатна, як гэтага ўсе чакалі. І ў краінаў Усходняй Еўропы таксама былі праблемы… А тут яшчэ і крызіс. То бок, ёсць боязь таго, што тое самае можа быць і ў Беларусі.

Таму я думаю, што ў планах Міністэрства сацабароны няма такога кшталту рэформаў. Яны і ў прыватных размовах не выказвалі нейкага захаплення ад назапашвальнай сістэмы. Яны ўсе носяцца з гэтай умоўна-назапашвальнай сістэмай, але ж гэта нічога не мяняе ў дэмаграфічным плане.

Я думаю, што калі б з такой ініцыятывай выступіў, напрыклад, Нацыянальны банк, сказаў, што гэта прыцягне дадатковыя грошы ў фінансавы сектар, будзе спрыяць яго развіццю, то, магчыма, справа зрушылася б з мёртвай кропкі. Але ж ізноў-такі — калі гэта ўсё і будзе рабіцца, то дакладна не ў наступным годзе. І, магчыма, нават не адразу пасля выбараў.

Якія ёсць яшчэ варыянты рэфармавання пенсійнай сістэмы Беларусі, акрамя падвышэння пенсійнага ўзросту?

Сюды можна было б накіраваць грошы ад прыватызацыі. Вось як раз-такі, калі праводзіць рэформу і ўводзіць назапашвальны ўзровень, то першасны пенсійны фонд можна было б стварыць з гэтых прыватызацыйных грошай. То бок, адразу ўкінуць гэтую вялікую колькасць грошай у пенсійны фонд і інвеставаць іх. І гэтыя грошы ўжо пачалі б працаваць на будучую пенсійную сістэму.

Гэта даволі прывабны мог бы быць варыянт. І з палітычнага пункту гледжання гэта была б выдатная ідэя. А ў нас пенсійная рэформа — гэта вельмі палітычнае пытанне. Бо вы ж разумееце, калі больш за 2,5 мільёнаў беларусаў, а гэта больш за чвэрць насельніцтва Беларусі — пенсіянеры, то тут любыя рэформы будуць успрымацца з вялікай засцярогай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі