Чавусаў: Ніякіх зменаў незваротнага характару мы пакуль не назіраем

Нягледзячы на некаторыя пазітыўныя крокі беларускіх уладаў у лібералізацыі, аналітыкі кажуць, што гэтыя змены ў любы момант можна павярнуць назад. Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў знаходзіцца ў Бруселі на перамовах з “тройкай” Еўрасаюза. Збліжэнне Еўропы і Беларусі становіцца ўсё больш відавочным. Еўрарадыё вырашыла параўнаць, што станоўчага адбылося ў нашай краіне за час пацяплення адносінаў і якія з правоў у нас дагэтуль парушаюцца.

Такое ўражанне, што пасля абвяшчэння Еўрасаюзам шасцімесячнага выпрабавальнага тэрміну для беларускіх уладаў апошнія на поўную моц сталі выпраўляцца.

31 снежня дырэктара даследчай лабараторыі “Новак” Андрэя Вардамацкага і дырэктара аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслава Раманчука запрасілі ў працоўную групу, створаную ўрадам, якая будзе развіваць маркетынг краіны.

16 студзеня старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанне Літвіной, галоўнаму рэдактару "Народнай волі" Іосіфу Сярэдзічу і рэдактару “Комсомольской Правды в Белоруссии” Алене Міронавай афіцыйна прапанавалі ўвайсці ў склад грамадскай каардынацыйнай рады ў сферы масавай інфармацыі.

Пры Адміністрацыі прэзідэнта ствараецца грамадскі кансультатыўны савет па правах чалавека. 26 студзеня туды запрасілі прадстаўнікоў праваабарончага грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінскі камітэт”.

Крыху раней у распаўсюд пусцілі незалежныя выданні “Нашу Ніву” ды “Народную Волю”. У той жа час радыё “Рацыі” адмовілі ў акрэдытацыі, падобныя праблемы ёсць і ў тэлеканалу. Працягваецца ціск на прадстаўнікоў апазіцыі, у тым ліку студэнтаў. Скандал аб гвалтоўным прызыве ў войска старшыні “Моладзі БНФ” Франака Вячоркі ды аднаго з кіраўнікоў “Маладога Фронту” Івана Шылы набірае звароты.

Адкуль такая непаслядоўнасць дзеянняў улады? Што значаць гэтыя крокі? Наколькі ім можна давяраць? І чаго яшчэ варта чакаць ад беларуска-еўрапейскіх адносінаў? На гэтыя пытанні ў размове з Еўрарадыё адказаў палітолаг Юрый Чавусаў.

На думку спецыяліста, станоўчыя змены пакуль носяць кан’юнктурны характар.

Юрый Чавусаў: “Сапраўды змены ў Беларусі адбываюцца, і казаць пра тое, што беларускі рэжым не мяняецца і застаецца рэпрэсіўным, не выпадае. Пакуль што гэтыя змены носяць выключна кан'юнктурны характар. Ніякіх зменаў незваротнага характару пакуль што мы не назіраем. Што можна разглядаць як дзеянні незваротнага характару – ну возьмем, напрыклад, 193-ы артыкул, які крымінальна карае за дзейнасць у складзе незарэгістраваных арганізацыяў”.

Аднак гэтыя першыя крокі ўжо сведчаць пра змены ў стылі кіравання беларускага рэжыму. Створаныя камісіі змогуць адыграць пэўную функцыю ў дэмакратызацыі грамадства.

Юрый Чавусаў: “Само па сабе ўключэнне ў грамадскія рады і камісіі знакавых персонаў з шэрагаў грамадзянскай супольнасці – гэты пераважна дэманстратыўны крок у першую чаргу закліканы засведчыць змяненне стылю кіравання ў беларускім рэжыме. Пакуль што зарана казаць, што гэтыя камісіі выклічуць змены ў дзяржаўнай палітыцы”.

Юрый Чавусаў мяркуе, што Беларусь паступова адыходзіць ад расійскай залежнасці. На яго думку, гэта доўгатэрміновая тэндэнцыя.

Юрый Чавусаў: “Мы зараз назіраем працэс, які выкліканы аб’ектыўнай рэчаіснасцю, і любы ўрад, які знаходзіцца ў Мінску, які кіруе Беларуссю, ён будзе вымушаны наладжваць стасункі з Еўропай. Я бы сказаў, што той вялікі крэн на Ўсход, які меў месца на пачатку 90-х, гэта была дэвіяцыя, як раз-такі гэта быў часовы валантарысцкі элемент у знешняй палітыцы Беларусі, выкліканы тым, што Аляксандр Рыгоравіч прыйшоў да ўлады пад гэтымі лозунгамі. Але зараз гэта ўжо зусім іншы палітык, зусім іншая палітычная платформа. Я думаю, што гэта доўгатэрміновая тэндэнцыя”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі