Частка чацвёртая. Кубінскія мабільнікі, камп’ютары і прастытуткі

Амарыліс хваліцца сваім новым мабільным. Гэта яе першы тэлефон. Як раз за тры дні да нашага прыезду на выспу Свабоды кубінцам дазволілі мець мабільныя (раней імі карысталіся толькі спецслужбы і прыбліжаныя да ўлады). Таксама стала магчымым купляць DVD-плэеры, крыху пазней – камп’ютары. І нарэшце кубінцам дазволілі заходзіць у гатэлі для турыстаў. Раней усё гэта было забаронена.
Аднак большасць кубінцаў скептычна ставіцца да гэтых “дэмакратычных” зменаў. І не дзіўна. Дазволіць сабе купіць камп’ютар ці мабільны- могуць адзінкі. Дый тое, толькі тыя, хто маюць грашовую падтрымку з-за мяжы.


У Гаване ёсць чатыры офісы, якія прадаюць мабільныя. Сам апарат каштуе 70 CUC, падключэнне – 111 CUC, сім-картка – 10 CUC. Хвіліна размовы каштуе 50 сэнтава за хвіліну. Кубінскія заробкі вы памятаеце. 17 даляраў. Тэлефоны, дарэчы, купляюцца па ID (картках асобы). Потым прасцей праслухоўваць. На кубінскім тэлебачанні часам нават даюць паслухаць запісы размоваў “ворагаў рэжыму” з замежнымі сябрамі.



Камп’ютэры на Кубе каштуюць каля 800 даляраў. З такой цаной і такімі зарплатамі ўвогуле становіцца незразумелым сэнс дазволу на продаж. Хаця, калі для карцінкі, то чаму б і не?

Затое да новаўвядзення, якое дазваляе кубінцам заходзіць у гатэлі, там ставяцца хоць і з жартам, але станоўча. “Цяпер нашая эканоміка падымецца, - жартуюць яны. – Такім прыгожым дзяўчатам, як нашыя, ніводны турыст не адмовіць”.

Дарэчы, наконт прыгожых дзяўчат, якія падымаюць кубінскую эканоміку. Іх там сапраўды шмат. Нават да мяне адна падыходзіла. Хаця каштуюць яны не так танна, як пра гэта думаюць за мяжой. Кожны вечар, калі мы з Сарай ўжо ішлі спаць, Пэр працягваў свой дзень у кубінскіх барах. А пасля на раніцу распавядаў, як бавіў час. І кожны раз у яго аповедзе было пра сустрэчы з прастытуткамі.


Калі вы адзіны белы мужчына ў бары, то вам не абмінуць сустрэчы хаця б з адной дзяўчынай. Яна кліча патэнцыйнага кліента “пссс-пссс” (дый зрэшты, на Кубе ўсе так клічуць адно аднаго, нават кліенты афіцыянтаў ці журналісты рэспандэнтаў). Потым прастытутка заводзіць размову: “Ты адзін? Хочаш пазабаўляцца?” Калі адкажаце ёй “Не, дзякуй”, яна спытае: “Ты што, не мужчына?” Некаторыя адразу бесцырымонна просяць пачаставаць іх махіта, а затым прапануюць пайсці да іх і паслухаць музыку.

Калі спытаць дзяўчыну лёгкіх паводзінаў, чаму яна працуе прастытуткай, яна можа абразіцца. Маўляў, яна проста хоча прыемна правесці ноч. Але ў той жа час відавочна дае зразумець, што за гэтую прыемную ноч з ёй вы мусіце заплаціць.

На Кубе можна сустрэць два тыпы прастытутак. Адны – з яркім макіяжам і сэксуальным адзеннем, так бы мовіць, прафесіяналкі. Іншыя – сарамлівыя дзяўчаты, якія днём працуюць нянькамі ці настаўніцамі, а вечарам зарабляюць сваім целам.

Як слушна заўважыў Пэр, мужчыны на Кубе прадаюць цыгары, жанчыны – сваё цела. І ўсё для таго, каб выжыць.




Працяг будзе...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі