Чарговай ахвярай “Смаргоні” Георгія Кандрацьева стаў гродзенскі “Нёман”

У суботу стартаваў 16-ы тур чэмпіянату Беларусі па футболе. Яго героем стала “Смаргонь”, якая ў Гродне перамагла мясцовы “Нёман” з лікам 1:0 (праўда, гол у свае вароты забілі самі гродзенцы). Нагадаем, у папярэднім туры смаргонцы (дэбютанты лігі наймацнейшых) выйгралі ў лідэра чэмпіянату БАТЭ. Трэніруе “Смаргонь” вядомы нападаючы мінскага “Дынама” 1980-х гадоў Георгій Кандрацьеў.

Барысаўчане, якія у сераду гуляюць са “Сцяуа” ў кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў, 11 жніўня дома перамаглі “Віцебск” – 4:1. Два галы ў гаспадароў забіў Віталь Радзівонаў.

Мінскае “Дынама” выйграла ў аўтсайдэра “Дарыды” з лікам 2:1 (славацкі легіянер дынамаўцаў Роберт Рак зноў не пайшоў з поля без забітага мяча).

Магілёўскі “Днепр” перамог дома брэсцкае “Дынама” – 3:1. З такім жа лікам салігорскі “Шахцёр” выйграў у наваполацкага “Нафтана”. “Мінск” і жодзінскае “Тарпеда” згулялі ўнічыю 0:0.

16-ы тур завершыцца заўтра матчам МТЗ-РЫПА і “Гомеля”.

У турнірнай табліцы чэмпіянату БАТЭ ўмацаваў свае пазіцыі – 36 ачкоў. МТЗ-РЫПА адстае ад лідэра ажно на 7 ачкоў. Абедзьве каманды на сённяшні дзень згулялі па 15 матчаў.

“Шахцёр” уварваўся ў групу лідэраў, у салігорцаў, “Гомеля” і “Тарпеда” па 25 ачкоў. У “Нёмана”, які заўважна збавіў тэмп, засталося 23 ачкі. На два ачкі менш маюць “Смаргонь” і мінскае “Дынама”.

Аўтсайдэр ранейшы – “Дарыда”, у якой толькі 10 ачкоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі