Чаму пяцізоркавы гатэль у Варшаве ўдвая таннейшы, чым у Мінску?

На час чэмпіянату свету па хакеі кошты на гатэлі ў Мінску зашкальваюць. За тры ночы — ад 1000 еўра. Не параўнаць нават з такімі гарадамі, як Парыж ці Барселона. Але, відавочна, гэта звязана з вялікім попытам на адпаведную дату. Як адрозніваюцца кошты на гатэлі ў іншы час?

Мы вырашылі параўнаць гатэлі 5 зорак летам, напрыклад з 21 па 24 ліпеня.

Так, у Барселоне, Рыме і Берліне за тры ночы просяць на 100 еўра менш, чым у Мінску, у Варшаве танней на 200 еўра.

"Пяцізоркавых гатэляў у нас абмежаваная колькасць, толькі нядаўна адкрыўся "Прэзідэнт-гатэль", а да гэтага былі толькі Crowne Plaza і "Еўропа". У прынцыпе, калі на рынку толькі тры гатэлі, то і кошты такія", — тлумачаць у Crowne Plaza.

Кошты ў нас традыцыйна высокія. Хоць пяцізоркавых гатэляў ужо тры, пра канкурэнцыю казаць не даводзіцца. Застаецца спадзявацца, што калі іх стане больш, пяць ці хаця б сем, як у Вільні, то і кошты можна будзе параўноўваць, кажа рэдактар газеты "Турызм і адпачынак" Лілія Кобзік.

Але гэта не асноўная прычына, павінен быць канкурэнтны паток турыстаў.

Лілія Кобзік: "Калі турыстаў многа, яны розныя, у іх розныя запатрабаванні. А ў нас даўно сфармаваліся патокі, і гэта ў асноўным бізнес-патокі. Калі за бізнесмена з Азіі ці Еўропы плаціць фірма, то гэта не проста турысты, якія вельмі моцна зацікаўленыя ў танным адпачынку".

Такія турысты ўсё роўна прыедуць, бо ім трэба — у іх бізнес.

Калі будзе больш масавага турызму, людзі будуць ехаць проста адпачыць, бо ў нас спакойная краіна, прыемныя кошты ў рэстаранах — тады і гатэлі будуць таннейшыя.

Лілія Кобзік: "Учора размаўляла з французамі, якія прыехалі на выставу прэзентаваць Лазурны бераг, бо ў нас адкрываецца рэйс на Ніцу. Яны казалі, што па-ранейшаму цяжка атрымаць візу ў Беларусь. Мы дагэтуль маем праблемы з візамі. Хоць мы і крычалі, што трэба палепшыць рэжым уезду, мы дагэтуль закрытая краіна".

Таму і кошты адпаведныя, бо трафіку няма, каб можна было гуляцца са зніжкамі. Рынак робіць кошты такімі ці іншымі. У нас такі рынак, які не дае падставаў, каб зніжаць кошты.

Пры гэтым у нас ёсць падзеі: спорт, канферэнцыі, будзе чэмпіянат. І раней многія трохзоркавыя гатэлі былі забітыя спартсменамі, кажа Лілія Кобзік.

Ну, і зараз, калі параўнаць кошты на іх, то такія гасцініцы, як "Планета" ці "Юбілейная", каштуюць прыблізна 250 еўра за тры ночы.

Акрамя бізнесу і спорту, ёсць яшчэ расійскія турысты, якія заўсёды прыязджалі на святы і ўікенды. Але мы не можам рабіць стаўку толькі на расіян і спартоўцаў. Патрэбныя новыя прапановы, трэба вырашаць візавае пытанне.

Моладзь, якая хоча адпачыць танна, магла б прыехаць, бо танныя гатэлі ў нас адпавядаюць еўрапейскім коштам. Гаспадары такіх гатэляў спрабуюць працаваць паводле заходніх стандартаў. Але параўноўваць кошты можна з нацяжкай, тлумачыць Лілія Кобзік.

"Гэта ж Барселона, а гэта Мінск, і розніца вялікая. Трэба, каб у нас было танней. Калі турыст хоча паехаць у Барселону, то ён паедзе туды. Але калі такой матывацыі няма, ён шукае новых уражанняў альбо terra incognita, ці рэкламу пабачыў пра Беларусь — што ён будзе параўноўваць? Для любога турыста першае — гэта цана. Калі яна аднолькава ў Барселоне і Мінску, можа, ён на карысць Барселоны зробіць выбар, хаця быў там ужо дзесяць разоў. А калі паглядзіць, што цана меншая, і краіна спакойная, і водгукі трэба, каб былі лаяльныя, то ён зробіць іншы выбар".

Застаецца канстатаваць, што нас па-ранейшаму не ведаюць. І тут трэба не гатэлям працаваць, а рабіць рэкламу. Для многіх мы проста рускамоўная краіна. А нацыянальнага каларыту мала. Француз не пойдзе ў Мінску ў французскі рэстаран, ён будзе шукаць нешта адметнае — беларускае, а гэтага пакуль мала.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі