Чаму крэдыты на жыллё ў Беларусі даражэйшыя за літоўскія ў 4 разы?

Эксперты тлумачаць гэта высокім узроўнем інфляцыі і тым, што банкі ўлічваюць інвестыцыйную рызыку пры фармаванні працэнта.
На мінулым тыдні журналісты пацікавіліся ў прадстаўнікоў Нацбанка, чаму стаўкі па крэдытах на будаўніцтва жылля ў Беларусі на парадак вышэй, чым у суседніх краінах – Літве, Латвіі. У Беларусі мінімальная стаўка складае каля 11%, у той час як у краінах Балтыі такія крэдыты выдаюцца пад 3-5% гадавых.

Начальнік галоўнага ўпраўлення банкаўскага нагляду Сяргей Дубкоў тады запэўніў, што як толькі беларускія банкі змогуць актыўна прыцягваць міжнародныя рэсурсы, тады “зніжэнне ставак па крэдытах стане аб’ектыўнай рэальнасцю”.

Еўрарадыё пацікавілася ў эканамістаў, ці справа толькі тут ў прыцягненні замежнага капітала. Эканаміст Леанід Заіка патлумачыў, што стаўкі па крэдытах залежаць ад узроўню інфляцыі ў краіне. Стаўка банкаўскага працэнта – гэта сума паказчыка інфляцыі і маржы (прыбытку банка):

“У мінулым годзе ў Беларусі інфляцыя была троху большая за 7%. Вось і дадайце да сямі 5-6% - банкаўскі прыбытак, якраз і атрымоўваецца стаўка 12-14%”.

У суседніх жа краінах, якія ўвайшлі ў Еўрасаюз, інфляцыя звычайна меншая за 3%, а часам і ўвогуле здараецца дэзінфляцыя, працягвае Леанід Заіка:

“Паказчык інфляцыі ў развітых краінах можа знаходзіцца на ўзроўні 1%... Практычна мы маем справу з тым, што ўзровень інфляцыі вызначае ўзровень стаўкі крэдытавання будаўніцтва жылля”.

Начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў у інтэрв’ю Еўрарадыё прызнае, што шмат залежыць ад узроўню інфляцыі, акрамя гэтага ён зазначае, што банк – гэта камерцыйная установа, а не дабрачынная арганізацыя:

“Інфляцыя, яна ж ідзе, і натуральна, што яна абясцэньвае грошы. Таму ў нас стаўкі па крэдытах вышэй, чым у Еўропе. У прыродзе ж не бывае нічога лішняга. Купілі танней, прадалі даражэй і атрымалі сваю маржу. За конт гэтага і жывём, таму што банк – гэта камерцыйная ўстанова, а не дабрачынная арганізацыя”.

Што тычыцца Латвіі і Літвы, Анатоль Драздоў зазначае, што ў іх танныя рэсурсы і нізкі ўзровень інфляцыі. “Будзе ў нас інфляцыя 2% у год – будуць і ў нас крэдыты па 4-5% гадавых”, — супакойвае чыноўнік:

“Латвія і Літва ўступілі ў Еўрасаюз, але яшчэ да ўступлення ў гэтыя краіны пайшлі вельмі танныя сродкі з Еўрасаюзе. Я тлумачу, сярэдняя інфляцыя па Еўрасаюзу 2% за год. У нас – 8%.

Стаўка зніжаецца ўвесь час, але не так хутка, як нам бы хацелася. Карацей, будзе ў нас інфляцыя 2% у год – будуць і ў нас крэдыты па 4-5% гадавых, а можа, і па 3%”.

Эканаміст Яраслаў Раманчук акрамя вышэйзгаданых прычынаў дарагіх крэдытаў называе інвестыцыйную рызыку. Чым вышэй рызыка, тым вышэйшым будзе і працэнт:

“Стаўкі залежаць ад таго, якую ступень развіцця фінансавага рынку мы маем, колькі грошай у краіне. У нас на банкаўскім сектары манаполія дзяржавы, замежны капітал не вельмі сюды ідзе, таму што няма гарантыяў – таму і больш высокія стаўкі, якія адлюстроўваюць інвестыцыйную рызыку, якая ў нашай краіне вельмі вялікая.

Мы не прыватызуем нашую фінансавую сістэму, мы не працуем па такіх стандартах, па якіх працуе ўвесь свет… Ну, і таму плата за гэта – нашыя людзі вымушаны браць вельмі дарагія крэдыты, гэта называецца так званай маржой, платай за рызыку, якую людзі павінны плаціць, беручы крэдыты”.

Такім чынам, каб банкам можна было зарабіць, улічваючы наяўную інфляцыю, яны вымушаныя падымаць кошт крэдытаў да 10-14%.

Фота — emmir

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі