Чаму беларускіх мастакоў любяць у Галандыі?

Еўрарадыё: Распавядзіце, калі ласка, на якім галандскім кірмашы вы нядаўна прадстаўлялі беларускіх мастакоў?

Вікторыя Каваленчыкава:
У гэтым годзе ў трэці раз адбыўся Open Art Fair. Гэта выстава мастацтва, якая аб’ядноўвае шматлікія галерэі – асноўная частка замежныя, і толькі некаторыя – галандскія. Кожную выставу галандцы імкнуцца зрабіць інтэрнацыянальнай, каб было цікавей наведвальнікам.

Я ўдзельнічаю ў гэтай выставе са сваёй галерэяй Вікторыі Каваленчыкавай (Victoria Kovalenchikova gallery) другі раз. Мая галерэя – маладая. Victoria Kovalenchikova gallery спецыялізуецца на сучасным беларускім мастацтве. У мінулым годзе атрымала вельмі шмат водгукаў, завязала шматлікія дзелавыя стасункі.


Еўрарадыё: Вы кажыце, што, каб трапіць на Open Art Fair, трэба прайсці адборачны тур. Як у мінулым годзе вы яго прайшлі?

Вікторыя: Першы раз заўсёды складана, калі цябе яшчэ не ведаюць. Але, дзякуючы высокай якасці работ, гэта было магчыма. Гэта асноўны крытэрый. А ў беларускага мастацтва – гэта не сакрэт – узровень дастаткова высокі. Нашая Акадэмія Мастацтваў і нашая адукацыя ўвогуле дае вельмі добры базіс, ад якога можна адштурхоўвацца. Я сама скончыла Беларускую акадэмію мастацтваў, аддзяленне жывапісу. І тут у Еўропе адразу адзначаюць высокую якасць маіх работ.

Еўрарадыё: Але ў той жа час вы самі адзначаеце, што ў Беларусі няма ніводнага такога кірмашу як Open Art Fair.

Вікторыя: Так. Нягледзячы на тое, што ўзровень мастацтва ў Беларусі высокі, добрая школа, шмат выдатных мастакоў, якія паспяхова прадстаўляюць нашу краіну за мяжой, унутры самой краіны не адбываецца ніводнага такога мерапрыемства як Open Art Fair у Нідэрландах.

У нас яшчэ і галерэй няма як такіх. Але я думаю, што можна было б зрабіць так, каб не галерэя прадстаўляла мастака, а каб кожны мастак меў свой стэнд – такія сола-выставы ў межах аднаго экспа. Калі б у нас хаця б адзін раз на год праводзілася такая выстава, то гэта дало б штуршок культурнаму жыццю, жыццю мастакоў.


Еўрарадыё: Як вы лічыце, чаму такіх выстаў няма?

Вікторыя: Тут схема простая: попыт нараджае прапанову. Людзі, мабыць, яшчэ не гатовыя матэрыяльна набываць творы мастацтва. Хаця, у апошнія гады я назіраю ў Беларусі станоўчы зрух у гэтай галіне. Хацелася б, каб цікаўнасць людзей да мастацтва расла. Гэта б і прывяло да ўзнікнення розных галерэй.

Гэта ж абсурд, калі параўнаць колькасць галерэй у маленькіх Нідэрландах ці нават адным Амстэрдаме, і ў Беларусі! Барацьба за інфармацыю, за месца быць тут проста жорсткая, таму што рынак мастацтва перанасычаны. І гэта вельмі цікава, таму што з’яўляецца здаровая канкурэнцыя, сапраўды сябе адчуваеш у межах падзеяў.

Тут прадстаўленыя мастакі сусветнага значэння. Шмат чаму можна навучыцца, развівацца, глядзець і арыентавацца ў тым, што сёння адбываецца. А Беларусь жыве сама па сабе. Гэта і добра, і дрэнна. Нашы мастакі варацца ў сваім уласным соку. У іх няма інтэрнацыянальнага выхаду. Яны фактычна не адчуваюць розных сусветных тэндэнцый, і гэта накладае адбітак на нас, на мастакоў.

Я мяркую, што Беларусь – цудоўная краіна, каб у ёй нарадзіцца, вырасці, сфармавацца як асоба. Але для далейшага развіцця на дадзены момант асяроддзе не вельмі спрыяльнае. Трошкі ўсё лакальна. Усе адзін пра аднаго пішуць. Адны і тыя ж твары. І часам робіцца проста не цікава.


Еўрарадыё: У Галандыі вы набіраецеся вопыту, заводзіце важныя знаёмствы. Вы думаеце пра тое, каб потым вярнуцца ў Беларусь і стварыць тут тое, чаго не хапае?

Вікторыя: Усе ідэі прыходзяць па меры маёй актыўнасці. Спачатку я збіралася прадстаўляць толькі свае работы, але мінуў год маёй дзейнасці, і я прыйшла да таго, каб паказваць розных беларускіх мастакоў. Беларуская амбасада ў Галандыі актыўна падтрымлівае мяне ва ўсіх маіх ініцыятывах. Пасол Беларусі Алена Грыцэнка з задавальненнем далучаецца да ўсіх мерапрыемстваў.

Дарэчы, мы ў межах культурнага абмену паміж краінамі зрабілі тут, у Галандыі, у правінцыі Дрэнта, маю персанальную выставу. Таму ніколі не ведаеш, які будзе наступны крок. Магчыма, мы аб’яднаемся з людзьмі, якім гэта таксама цікава, і зробім нарэшце нейкі буйны праект у Беларусі. У мяне такія ідэі ўжо былі. Мы вядзем перамовы з маскоўскім музеем сучаснага мастацтва. Адпаведна можна і ў нас зрабіць.


Еўрарадыё: А каго з мастакоў вы прадстаўляеце ў Галандыі?


Вікторыя: Я прадстаўляю работы Аляксандра Шапо. У яго вельмі цікавыя літаграфіі. Вельмі буйныя калекцыянеры тут ім цікавяцца. Яшчэ прадстаўляю Віктара Мінько і розных іншых нашых скульптараў.  Гэтыя мастакі жывуць у Беларусі, у Мінску. Паколькі я выйшла з гэтага асяроддзя, вучылася ў Акадэміі мастацтваў, я ведаю многіх мастакоў асабіста і добра арыентуюся ў сітуацыі. Гэта дапамагае мне выбіраць мастакоў, якіх бы мне хацелася паказаць тут.

Безумоўна, я сыходжу яшчэ з таго, каб паказаць тое, чаго тут няма. Чаго тут, у Галандыі, не хапае – дык гэта добрага базіса, добрай школы. Яшчэ ў 1970-я гады ў Галандыі адмовіліся ад рэалістычнага мастацтва. У Акадэміі, ў мастацкіх школах былі адмененыя некаторыя вузкаспецыялізаваныя прадметы як, напрыклад, анатомія. Яны падаліся ў абстракцыю. У тыя часы гэта было модна. Дарэчы, мы толькі цяпер пачынаем перажываць такі перыяд, а галандцы яго ўжо перажылі і пачынаюць цаніць моцную класічную школу.

Еўрарадыё: У чым розніца паміж галандскай і беларускай мастацкімі школамі?

Вікторыя: Калі параўнаць нашу Акадэмію мастацтваў і Каралеўскую акадэмію ў Амстэрдаме, то гэта проста неба і зямля. Мне не заўсёды зразумела, што там адбываецца, і я часам па-добраму ўзрушаюся. Пасля нашай Акадэміі, дзе мы вучымся шэсць гадоў, вельмі шмат увагі надаём маляванню з натуры. Тут адукацыя доўжыцца два гады. Яны не даюць базісныя веды, таму што, па ідэі, ты павінен імі валодаць. Хаця, на практыцы, гэта не заўсёды так. Людзі туды паступаюць усё роўна “сырыя”.

Але тут цэніцца канцэпцыя і іншыя абстрактныя рэчы, і развіваюцца ў накірунку так бы мовіць “выразі сябе”. Гэта ўсё таксама добра, але я бачу Каралеўскую акадэмію як нешта больш сур’ёзнае. Іх падыход пасаваў бы, калі б яны давалі вышэйшую адукацыйную ступень. Доктара мастацтваў, напрыклад. Але калі ты толькі вучыцца прыйшоў, то вучыць так трохі ранавата. Мастакі спрабуюць нешта зрабіць, але часцяком у іх не хапае сродкаў, каб гэта выразіць, таму што не хапае майстэрства.

Еўрарадыё: Як ні дзіўна, нам ёсць чаму ў іх вучыцца, і ім ёсць чаму вучыцца ў нас…

Вікторыя: Дакладна. Я менавіта за такі баланс. Таму я і хачу прадстаўляць тут такое мастацтва, якога не хапае, то бок кампенсаваць і балансаваць іх сітуацыю. Нам, напрыклад, можна вучыцца іх свабодзе. Беларускія мастакі знаходзяцца ў нейкіх рамках. Маўляў, а што падумаюць людзі. Ёсць пэўныя стэрэатыпы. А гэта, дарэчы, вельмі для мастака небяспечна.

Я яшчэ доўгія гады пасля заканчэння акадэміі думаю: “А вось што б сказаў мой выкладчык…” Тут, у Галандыі, свабода абсалютная ва ўсім. Ты можаш выражаць усё як ёсць. Людзі спакойна могуць сказаць табе НЕ, калі гэта НЕ. І людзі ўспрымаюць гэта без усялякіх крыўдаў. Таму асяроддзе тут вельмі спрыяльнае для мастака, які ўжо мае пэўны базіс.

Еўрарадыё: А ці не атрымліваецца такая сітуацыя, што мастакі знаходзяць у Галандыі тое, што шукаюць і застаюцца там назаўсёды. А Беларусь застаецца ні з чым?

Вікторыя: Насамрэч, мы не маем шмат мастакоў, якія б пераехалі за мяжу. Калі ўзяць мяне, то па сённяшні момант у мяне ёсць маё беларускае прозвішча, дзякуючы якому я таксама прапагандую Беларусь. Калі людзі бачаць паходжанне, яны ўжо ідэнтыфікуюць цябе з пэўнай краінай. Яны разумеюць, што гэты чалавек мае іншы менталітэт, іншую школу і іншыя асаблівасці.

Яшчэ у мяне вялізарны мэйл-ліст, па якім я дасылаю навіны пра беларускае мастацтва. Яны бачаць нашы беларускія прозвішчы, беларускіх аўтараў. Колькасць наведвальнікаў сайта пастаянна павялічваецца. І гэта вельмі добры прамоўшн. Чаму Беларусь не можа быць прадстаўлена ў Галандыі, Еўропе, Амерыцы?

А мы сядзім адасоблена, і атрымліваецца такая сітуацыя, што мы маем выдатных мастакоў, але ніхто пра гэта не ведае. І гэта праблема. Яе можна вырашаць такімі прыватнымі праектамі, як мой. Лепей, безумоўна, каб дзяржава ладзіла выставы на больш высокім узроўні. Зараз гэтага не адбываецца.

Фота: архіў Вікторыі Каваленчыкавай

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі