Чалы: Думаю, што афіцыйны курс у 5 тысяч застанецца яшчэ на 1,5-2 месяцы

Еўрарадыё: Мэта нашай размовы – ўявіць, якім можа быць курс долара і чаму. Якая верагоднасць таго, што Нацбанк будзе ўпарта абараняць гэты ўсталяваны курс і настойваць на ім?

Чалы: Думаю, блізка да праўды тое, што гэты курс, каля 5 тысяч, захаваецца. Была і заява новай кіраўніцы Нацбанка пра тое, што гэты курс і ёсць той самы і нармальны, і рынкавы, і мы яго адміністратыўна не стрымліваем. Думаю, мы з гэтым афіцыйным курсам у 5 тысяч бліжэйшыя паўтара-два месяцы і пражывем.

Еўрарадыё: Але захаванне гэтага курса не вырашае валютнага пытання?

 

Чалы: Увогуле нічога не вырашае. Прасцейшае праверачнае пытанне: а ці ёсць хоць у нейкай цане цяпер курс у 5 тысяч? Відавочна, што няма. Ні ў імпартным тавары, ні ў тавары, які выраблены з імпартнымі складнікамі – нідзе гэтага курсу няма. Гэты курс 5 тысяч з’яўляецца ў дадзеным выпадку спосабам атрымання прыбытку для людзей, якія маюць магчымасць доступу да валюты на асноўнай сесіі. Груба кажучы, там можна перастаць займацца вытворчасцю, калі ў цябе ёсць магчымасць набыць валюту па 5 тысяч і тут жа прадаць яе па 9 тысяч. Было яшчэ выказванне прэзідэнта аб тым, што курс 5 тысяч – гэта той самы курс, які мы павінны захаваць да канца года. У гэтым рэчышчы нашы ўлады і дзейнічаюць.

Еўрарадыё: Але такія заявы стымулююць рост на чорным рынку?

 

Чалы: Безумоўна.

Еўрарадыё: Адпаведна, менавіта яны спрыяюць дысбалансу паміж афіцыйным і чорным курсам і аддаляюць вырашэнне валютнага пытання?

 

Чалы: Усё так і ёсць. Зразумела, што курс чорнага рынку жыве сваім жыццём. Як не круці, няхай гэта чорны, але рынак, адпаведна, незалежна ад таго, што б там казала ўлада, – не падабаецца ім гэты курс, але гэта той курс, які пры нашай цяперашняй эканамічнай сітуацыі балансуе попыт і прапанову, што азначае, што роўна столькі на сённяшні дзень гэта валюта і каштуе. У нас складваецца вельмі асіметрычная структура стымулаў у прадаўцоў і пакупнікоў. Бо пакупнікі – гэта тыя людзі, якія ўжо вымушаныя прыйсці на чорны рынак, рызыкуючы так ці інакш адміністратыўнымі і іншымі рэчамі, а гэта азначае, што іх, груба кажучы, прыціскае, ім патрэбна. А прадаўцы могуць прадаваць, а могуць і не прадаваць. У іх няма дэдлайну.

Еўрарадыё: Гэта не спекуляцыя, а рэалізацыя рынкавых пераваг?

Чалы: Атрымалася, што так. Натуральна, той рост, які назіраўся ў апошнія два тыдні, сапраўды рэзкі. Зразумела, ён прывёў да таго курсу, які аказаўся за раўнаважным. І апошнія пару дзён паказвалі, што ўжо на гэтым узроўні каля 8 200- 8 300 ужо прапанова пачынала перавышаць попыт.

Еўрарадыё: Давай пагаворым пра рашэнне ўраду, які выступіў за невялікі рост курса долара. Напрыклад, да 6 тысяч з 5. Дэвальвацыя на 20%. На колькі гэта верагодна і да чаго можа прывесці?

 

Чалы: Вельмі верагодна. І я нават магу ўявіць, на аснове якой аргументацыі гэта рашэнне можа прымацца – прыходзяць спецыялісты і кіраўніцтва з Нацбанка да прэзідэнта і кажуць, што палічылі, што раўнаважны курс не 5 тысяч, а напрыклад 6 – 6,5, які быў перад тым, як гэты курс стаў стартаваць вертыкальна. Ён задае пытанне, а чаму вы так лічыце. “Не толькі мы так лічым”. І тыкаюць, напрыклад, у інтэрв’ю двухтыднёвай даўнасці, у тым ліку і маё, дзе я там казаў, што тыя ж самыя 6500 – гэта і ёсць нармальны раўнаважны курс. Зразумела, што за гэты час шмат што змянілася, але ў іх ёсць аргументацыя – глядзіце, не толькі мы, але і незалежныя аналітыкі сцвярджаюць, што гэты курс той, які ёсць. Магчымасці такой афіцыйнай дэвальвацыі метадам паслядоўнага павелічэння курсу я не выключаю, але гэта нічога не зменіць. Больш за тое, гэта будзе толькі горш.

Еўрарадыё: Як рост курса ўплывае на інфляцыю?

 

Чалы: У нас даволі высокая ступень так званага эфекту перадачы, калі павышэнне курсу валюты прыводзіць да росту інфляцыі ўнутры краіны. І не толькі за кошт імпарту, не толькі за кошт імпартаёмістай вытворчасці, але і проста праз псіхалагічныя механізмы. Даволі высокая ступень, прыкладна, на 80% у нас атрымліваецца, што рост курса пераходзіць у рост цэн. І калі ты спрабуеш афіцыйна ўсталяваць курс, блізкі нават да цяперашняга раўнаважнага, праз гэты механізм перадачы ў цябе рэальны курс рубля зноў пачынае быць завышаным, бо выдаткі зноў выраслі. Атрымліваецца пагоня за гарызонтам – павысілі курс, а рынкавы зноў пайшоў ад гэтага ж угару. І так гэтым займацца можна вельмі доўга. Самая вялікая небяспека ў тым, што калі яшчэ да гэтага падключыць механізм індэксацыі даходаў, то мы можам атрымаць гэту несупынную спіраль.

Еўрарадыё: Калі курс будзе ўсталяваны на ўзроўні 6 – 6,5, то долары ў абменніку не з’явяцца?

 

Чалы: Не, не з’явяцца. Рэкамендацыя кітайскіх спецыялістаў, якія прыязджалі, гутарылі з прэзідэнтам, якіх ён назваў сумленнымі і прыстойнымі людзьмі, пра тое, што валюта фізічным асобам не патрэбная, вельмі трапілі ў струмень. Я думаю, што нават калі нейкія крокі па легалізацыі валютнага рынку адбудуцца, насельніцтва і фізічныя асобы яго адчуюць самымі апошнімі.

Еўрарадыё: Ці прывядзе гэта да чарговага вітка росту на чорным рынку?

 

Чалы: Любы такі скок пры захаванні рэжыму кіруемага курсу абавязкова прыводзіць да павышэння курсу на чорным рынку.

Еўрарадыё: Самы неверагодны сцэнарый. Лічбы, пры якіх валюта можа тэарэтычна з’явіцца ў абменніках – 7-8500?. Дэвальвацыя рубля пры ўсталяванні такога курсу ў пачатку верасня складзе прыкладна 60-70%...

 

Чалы: Дэвальвацыя не вырашае ніякай праблемы. Захаванне рэжыму кіруемага курсу ў сітуацыі, калі ў нас звышвысокая інфляцыя, не вырашае ніякіх пытанняў. Мы будзем бясконца вяртацца ў неабходнасць кожны месяц адміністратыўна гэты курс усталёўваць.

Еўрарадыё: А ці дазволіць курс у 8 тысяч адмовіцца ад гэтай кіруемасці?

Чалы: Мы не ведаем той лічбы, якая будзе той, пры якой насельніцтва будзе не бегчы за доларам, а яго прыносіць. Не ведаем. Ён можа ўстанавіцца толькі рынкам. Рэцэпт вельмі просты. Дастаткова зняць усе адміністратыўныя абмежаванні, якія існуюць на цяперашні момант. А менавіта, ліквідаваць адміністратыўны адбор заявак на біржу, пусціць усіх на біржу. Пусціць камерцыйныя банкі на валютную сесію, каб яны маглі набываць валюту для абменнікаў. Зняць абавязковы продаж 30%, увогуле яго прыбраць. Пасля гэтага цягам двух месяцаў, для таго, каб пазбегнуць рэзкага адтоку так званых вымучаных зберажэнняў. Зразумела, што калі гэты рынак адкрыецца, пры іншых роўных, вядома ж, гэтыя грошы збягуць з банка. Каб гэтага не адбылося, неабходна на некалькі месяцаў рэзка падняць працэнтную стаўку.

Інтэрв'ю зробленае для праграмы "Форум Беларусь"на Еўрарадыё.
Нас можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у суботу з 6 да 7 раніцы. 24 гадзіны на УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і Міёрах на частаце 68,24 МГц. У Пінску на хвалях украінскага радыё "Мелодыя" 105,3 і 107,1 FM, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6—13° на ўсход, частата 11200 МГц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6.  ASTRA 4A—4,8° на ўсход, частата 12379.62 МГц, гарызантальная  палярызацыя, хуткасць патока 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі