Cafe «Поглощение» - «тэатр» з сапраўднай крывёй і стратай прытомнасці (+відэа)

Праз год гістэрыя гламурнага вар'яцтва паўтарылася На працягу года аматары новага сучаснага мастацтва чакалі другой пастаноўкі Яўгена Карняга Cafe «Поглощение», якая крыху змяніла змест і акцёраў. На працягу года незвычайныя беларусы хацелі яшчэ раз дасягнуць той кропкі захаплення, якая была дасягнута шматлікімі тэатральнымі фэнамі аднойчы ў «Рэактары». І вось сцэна і падмосткі новага мінскага Broadway The Club, што ўзнік на руінах месца Bronx, ператварыліся ў тое самае Cafe «Поглощение».

Нагадаем, Cafe «Поглощение» - «інтэрактыўны спектакль аб жыцці наведвальнікаў навамодных клубаў, якія штодзённа спажываюць масавую культуру. Спектакль, у якім акцёры знаходзяцца не на сцэне, а ў зале, сядзяць за адным столікам з гледачамі, разам з імі п'юць, распавядаюць пра сваё жыццё»…



Назіраючы за вар’яцтвам, якое адбывалася ў Broadway The Club, гледачы часам гублялі сэнс спектакля. Здавалася, што Cafe «Поглощение» - пасланне без адрасу, што незвычайным беларусам гэта не цікава, а звычайныя беларусы паказвалі сваё стаўленне да ўбачанага спрэчкамі наконт таго, ці кетчуп ці фарба выкарыстоўваецца акцёрамі для крывавых сцэнаў… Не ведалі яны, наіўныя, што істэрычны канец істэрычнага спектакля быў сапраўды крывавым, што актрыса “з пакета” выпадкова парэзалася пярсцёнкам, і што дзяўчына, якую вынеслі пад белы ручанькі, не была “падстаўной”: яна сапраўды страціла прытомнасць…

Думку пра “безадраснасць” спектакля падтрымлівае і праграмны дырэктар фестываля маладзёжных эксперыментальных арт-праектаў «Fun House», які 30 сакавіка адкрываецца ў Мінску, Ілля Давыдаў:

Ілля Давыдаў: “Гульня акцёраў дастаткова добрая, аднак пастаноўка не для гэтага гледача. Трэба змяніць крыху пастаноўку. Насамрэч распавядаць клаберам пра тое, наколькі кепскае клубнае жыццё няма сэнсу – яны і такім яго любяць. А распавядаць тым, хто не ходзіць у клубы, якое яон кепскае зноў жа няма сэнсу . Тады для каго гэтая пастаноўка?”



Cafe «Поглощение» - спектакль, дзе прафесійныя акцёры мінскіх тэатраў карыстаюцца сучаснымі мастацкімі сродкамі: паняцце сцэны, гульні, драматургіі сціраецца за кошт новага бачання тэатральнага мастацтва рэжысёрам, акцёрамі і гледачамі… І ніякага Чэхава!

Еўрарадыё пацікавілася ў гледачоў “ці патрэбна Cafe «Поглощение» беларусу і ці належыць спектакль да мастацтва…

Глядач Гоша: «Я нічога не магу сказаць наконт звычайнага беларуса, таму што я сам сябе лічу незвычайным беларусам. Я дастаткова патрабавальны глядач. Я быў практычна на ўсіх сцэнах нашых тэатраў і мне ёсць з чым параўноўваць і ёсць што параўноўваць. Я скажу, што на працягу гэтых дзвюх гадзін эмоцыі мяне не пакідалі. І гэта, напэўна, адзіная і самая сапраўдная адзнака. Мне вельмі спадабалася. Гэта вельмі клёвая ідэя і сур'ёзная альтэрнатыва Чэхаву, Дастаеўскаму – таму, ад чаго мы стаміліся, ад “цягамоціны”, якая заўсёды ў школе прагульвалася і не чыталася.

Надакучыла граць у інтэлектуальныя гульні. Хочацца жыць сапраўднымі эмоцыямі. Мастацтва робіць чалавека чыстым. Я выходжу адсюль проста ў палёце. Я думаю, што так, гэта мастацтва»…





Мастацтвазнаўца Святлана Ўланоўская таксама лічыць спектакль вельмі актуальным і патрэбным сучаснаму беларусу:

Святлана Ўланоўская: «Шчыра кажучы, я ў абсалютнай разгубленасці, таму што падобныя праекты для Беларусі не тое што ўнікальныя, іх проста не было дагэтуль. Цяжка назваць гэта перфомэнсам, спектаклем, нейкім пластычным спектаклем. Гэта нешта з серыі “кантэмпарары арт”, але знайсці нейкае азначэнне для гэтага пакуль што складана. Ці патрэбна гэта? Чалавек, які пражывае некалькі віртуальных жыццяў, і які хаваецца ў ракавіну, куды заўгодна, залівае сваё гора віном, таньчыць да ўпаду ў клубах, толькі б не глядзець у вочы рэальнасці. Па-мойму, гэта вельмі актуальна, тым больш, у нашай краіне, з мішурой, цілі-цілі-тралі-валі і стэрэатыпам нібыта сацыяльнага дабрабыту. І тое, як пра гэта ў спектаклі не проста гаворыцца, а крычыцца, гэта патрэбна тут і зараз.

Проста гэта выказана вельмі сучасна і нетрадыцыйна. Але гэта – мастацтва. Тым больш, што галоўная мэта шматлікіх твораў мастацтва, асабліва з элементамі тэатру, яшчэ выказана Арыстоцелем, катарсіс, тут дасягаецца. А гэта галоўная прыкмета таго, што гэта мастацтва».





Нядаўняе інтэрв’ю Еўрарадыё з кіраўніком “Свабоднага тэатру” Мікалаем Халезіным закранула пытанні актуальнасці беларускага тэатру як з’явы ў сусветным кантэксце. Думку Мікалая наконт адсутнасці ў Беларусі сістэмы тэатральнай адукацыі і як вынік – актуальных пастановак падтрымлівае рэжысёр фестывалю маладзёжных эксперыментальных арт-праектаў «Fun House» Таццяна Сінькевіч:

Таццяна Сінькевіч: “Калі гаварыць пра тэатральнае жыццё, дык нам проста не хапае адукацыі добрай. Наша тэатральная школа вельмі закрытая. У нас няма магчымасці ездзіць за мяжу, каб пераймаць некія новыя тэхналогіі, новыя рашэнні. То бок, калі адчыніць для нашых акцёраў і рэжысёраў шлях у Еўропу, дазволіць ім набрацца новага досведу, пабачыць новыя моманты, новыя фішкі. У нас хапае энтузіязму, хапае здольных творчых людзей, якія змогуць падняць тэатральны ўзровень у Беларусі”.







Спадзяемся, Cafe «Поглощение» - першая ластаўка новага сучаснага беларускага тэатральнага мастацтва…


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі