Бёрт Біванс: “Калі б у ваш шоў-біз уклалі такія ж грошы, як у бібліятэку!..”

Вядомы house ды-джэй, адкрыў больш за 20 клубаў па ўсім свеце, заснаваў гуказапісвальны лэйбл “Ministry of sound”, выступаў у самых вядомых клубах Еўропы і Амерыкі, некалькі разоў граў на прыватных вечарынах скандальна вядомага і культавага клубу “Студыя 54” (Нью-Ёрк).
30 красавіка Бёрт Біванс далучыўся да вечарыны мінскага клубу BRONX, які паабяцаў клаберам “узнавіць атмасферу клубу “Студыя 54”.



ЕРБ:
Бёрт, скажы шчыра, што такі музыка, як ты, робіць у Мінску?

Б.Б.: Мяне шмат разоў ужо запрашалі ў Беларусь, але ў мяне не было магчымасці. Зараз усё неяк супала і вось я тут. BRONX – добрае месца, таму я рады быць тут. Я прыляцеў за некалькі дзён да шоў, каб больш дэтальна вывучыць ваш горад. Мне ўжо паказалі вялікую гордасць беларускай нацыі. Бібліятэку (усміхаецца). Вось мае калегі тут крыўдуюць, што ў вас шоў-бізнэс “у заняпадзе.” Думаю, калі вы пачнеце ўкідваць такія ж грошы, як на бібліятэку, у шоў-бізнэс, то ўсё хутка зменіцца.

ЕРБ: Ты вядомы клабер. Як ты яшчэ жывы пасля такой колькасці наркатычных тусовак?

Б.Б.: Я проста шчаслівы! У маім жыцці было шмат наркотыкаў і алкаголю, але мне пашанцавала! (усміхаецца) Бачыш, я сяджу тут і я здаровы, на здзіўленне.



ЕРБ: Сёння BRONX вельмі актыўна эксплуатуе фішку тваёй нібыта кар’еры ў “Студыі 54”. Вядома, што гэта не так. “Студыя 54” – гэта зусім не галоўнае тваё дасягненне. Цябе гэта не бянтэжыць?

Б.Б.: Канешне, я не згодны з палітыкай клуба BRONX, бо сапраўды, я вядомы ў іншых сферах. Скажам, я адкрыў больш 20 клубаў па ўсім свеце! Чаму BRONX факусуецца менавіта на “Студыі 54“? Ды таму, што гэта ўсё, што яны пра мяне ведаюць. А я сваім найвялікшым дасягненнем лічу адкрыццё лэйблу “Ministry of sound”, таму што мой лэйбл змяніў твар танцавальнай культуры ў Еўропе.



ЕРБ: Як і чаму ты стаў займацца танцавальнай культурай?

Б.Б.: У мяне не было выбару, калі шчыра. Я атрымоўваў адукацыю авіяпілота, але ў тыя часы настрой Амерыкі быў вельмі расіцкі і я быў вымушаны кінуць вучыцца. Мяне хацелі перавесці ў механікі, але я не згадзіўся. Я ж прыйшоў, каб стаць пілотам!



Мой сябар меў музычную краму і я пачаў працаваць у яго. Адтуль жа пачаліся начныя клубы і знаёмствы з музыкамі. Я ведаў, што прагну займацца ды-джэінгам, бо мяне заўсёды ўзбуджае тое, як можна маніпуляваць людзьмі пры дапамозе музыкі. Гэта цуд! І жаданне зразумець гэты цуд прывяло мяне да пульту ды-джэя.

ЕРБ: Ў мяне ёсць жаданне пачуць праўду ад чалавека, які быў у клубе “Студыя 54”. Ці адлюстраваў фільм “Студыя 54” усё тое, што адбывалася ў клубе? Сэкс, наркотыкі, распуста?

Б.Б.: О, я гэты фільм паглядзеў толькі некалькі месяцаў таму. Нехта з сяброў прынёс. Кіно нешта нагадвае, але не паказвае ўсю праўду, бо за гэта можна страціць свабоду, калі ты разумееш, пра што я (усміхаецца).



ЕРБ: А клуб BRONX, як ты лічыш, здолее прадаваць какаін у vip-зоне, як гэта было ў “Студыі 54”?

Б.Б.: Не думаю (усміхаецца). Проста ў Амерыкі ў 70-х какаін ужывалі ўсе і паўсюль. І гэта было нармальна. Какаін быў катастрафічна танны. Ты прыходзіў у клуб, набываў пяць грамаў за сотню баксаў і бармэн казаў табе - “Не губляйце часу! Атрымлівайце асалоду ад нашай вечарыны”. Такая была клубная культура. BRONX наўрад ці рызыкне зрабіць нешта падобнае. Але хутка я іграю вечарыну ў Калумбіі. Вось там будзе адрыў! Прыязджай! (смяецца)


ЕРБ: Бёрт, ты так лёгка размаўляеш пра наркотыкі! Ці трэба іх баяцца? Што думаеш пра легалізацыю?

Б.Б.: Скажу табе! Улады заўсёды кажуць, тое не рабі, тое не ўжывай, туды не хадзі. Мая пазіцыя такая: калі ўлада кажа “гэта не рабі!”, то няхай забароніць алкаголь, тытунь і каву. А наркотыкі трэба легалізаваць!



Трэба зрабіць так, каб наркотыкі можна было лёгка набыць у любой аптэцы. Такім чынам мы пазбавімся ад наркамафіі, што працуе нібыта за спіной, а насамрэч пад “аховай” улады (усміхаецца). Толькі наркамафія і ўлады баяцца легалізацыі, бо гэта іх бізнэс.



Фота: Юра Маціюн

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі