Былы вайсковец — пра новаўвядзенні ў Печах: Праблему яны не вырашаюць

Былы вайсковец — пра новаўвядзенні ў Печах: Праблему яны не вырашаюць

Начальнік 72-га аб'яднанага вучэбнага цэнтра ў Печах дазволіў салдатам, якія служаць пад Барысавам, трымаць пры сабе мабільнікі. Але толькі без камеры, інтэрнэту і дыктафона. Раней тэлефоны таксама можна было мець, але захоўваліся яны ў "прызначаных месцах" і выдаваліся толькі ў пэўныя гадзіны. Расклад сувязі са сваякамі захаваецца і цяпер: "Напрыклад, пасля вячэры, перад сном”, — патлумачылі ў Мінабароны. Астатні час мабільнік можа быць выключаны, стаяць на вібрацыі або ў бязгучным рэжыме.

“У кожнай частцы ёсць таксафон, якім можна карыстацца ў пэўныя гадзіны, - каментуе новаўвядзенні былы ваеннаслужачы, які сам сутыкнуўся з дзедаўшчынай, Іван Шыла. – Таму, калі мне трэба тэрмінова, цягам дня паведаміць бацькам пра праблемы, то можна скарыстацца таксафонам. Калі я сапраўды гэтага хачу, то я гэта зраблю, незалежна ад таго, дазволены тэлефон, ці не. Зусім іншая справа, калі б я мог зняць на камеру факт дзедаўшчыны і хутка перадаць яго каму-небудзь праз інтэрнэт. Гэтую меру падаюць як крок да лібералізацыі, насамрэч – не”.

Забарона карыстацца камерамі ў мабільных тэлефонах тлумачыцца тым, што на здымкі можа трапіць сакрэтная інфармацыя. У якасці контраргумента Іван Шыла прыводзіць ізраільскае войска, з якога адпускаюць дамоў на выхадныя і не баяцца пра распаўсюд засакрэчаных дадзеных. “Трэба проста мяняць войска, рабіць яго нармальным, тады не давядзецца хаваць тое, што можа трапіць у камеры”, -  дадае журналіст.

Бацькам, якія не могуць датэлефанавацца да дзіцяці, Мінабароны раіць набіраць казарму: псіхолагам, камандзірам, намесніку па ідэалогіі. Але прыгадаем, што бацькі салдата Арцёма Басцюка тэлефанавалі ў казарму і малілі выратаваць сына. Гэта не спыніла самагубства.

"Прынята рашэнне вылучыць грашовыя сродкі для ўстаноўкі ў некаторых месцах размяшчэння вайскоўцаў тэхнічных сродкаў назірання. Сістэма відэаназірання дазволіць дзяжурнаму па школе, які знаходзіцца ў казарме, больш аператыўна бачыць памяшканні, дзе знаходзяцца вайскоўцы, каб мінімізаваць найдрабнейшыя пытанні — сутычак якіх-небудзь ці нейкага ўздзеяння", — распавёў міністр абароны Андрэй Раўкоў на "гарачай лініі” ў суботу.

На думку былога вайскоўца Івана Шылы, гэтая мера таксама не дасць вынікаў, бо дзедаўшчына ніколі не адбываецца там, дзе гэта можа быць заўважана. Напрыклад, у прыбіральнях, дзе камеры дакладна не будуць ўсталяваныя праз пытанне прыватнасці.

“Па-першае, у мой час у прыбіральнях не было нават кабінак, таму якія камеры, - працягвае Іван. – Па-другое, калі сёння чалавек трапяле ў міліцыю і яго там збіваюць, то нечакана высвятляецца, што менавіта ў гэты момант камеры назірання ва ўчастку не працавалі. Таму гэта пытанне больш сістэмнага характару – ці будуць гэтыя камеры працаваць у патрэбныя дні і ці будзе верыць суд, што гэта сапраўды тэхнічныя непаладкі”.

Нагадаем, 3 кастрычніка ў вайсковай частцы ў Печах знайшлі павешаным 21-гадовага Аляксандра Коржыча. У хлопца былі звязаныя ногі і на галаву надзетая майка. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за дзедаўшчыну. Першапачаткова асноўнай версіяй здарэння быў суіцыд, але блізкія не вераць у гэта.

Паводле афіцыйных звестак, абвінавачанне па крымінальнай справе выставілі 10 вайскоўцам, яшчэ 5 (сярод іх — адзін афіцэр) знаходзяцца ў статусе падазраваных, але ніводнага з іх не абвінавачваюць у забойстве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі