“Было важна, каб каля тэлецэнтра ў Вільні лунаў бел-чырвона-белы сцяг”

У вокнах па ўсёй Літве 13 студзеня запаліліся свечкі. У 24-ю гадавіну штурму віленскага тэлецэнтра жыхары суседняй краіны ўспамінаюць ахвяраў і герояў тых падзеяў. Падчас штурму тэлевежы савецкімі войскамі ў Вільні 13 студзеня 1991 загінулі 13 мірных жыхароў і адзін спецназавец. Сярод загінулых — адна дзяўчына, Ларэта Асанавічутэ, якая трапіла пад гусеніцы танка і памерла ў шпіталі. У медыцынскія ўстановы тады звярнулася каля 600 пацярпелых.

Той ноччу ўзброеныя жаўнеры і бронетэхніка савецкай арміі занялі тэлевежу і будынак Камітэта радыё і тэлебачання ў Вільні, якія абараняў шматтысячны натоўп мірных жыхароў Літвы. Пасля гэтага штурму захоп будынка літоўскага парламента так і не адбыўся.

У аўторак раніцай у знак жалобы і ў памяць пра тыя падзеі жыхары краіны запалілі памятныя свечкі — як знак, што літоўцы і цяпер адзіныя і гатовыя абараняць заваяваную свабоду.

З гэтай нагоды прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскатэ заявіла:

“13 студзеня 1991 года, не спалохаўшыся грубай сілы, мы абаранілі сваю Радзіму, свой дом, мову і права жыць у незалежнай Літве, нашу свабоду, захавалі нашае адзінства — нязломнае і незаглушнае. Адзінства, якое кожны з нас мусіць умацоўваць і берагчы”.

На баку барацьбітоў за незалежнасць у Вільні стаялі і беларусы. Сярод іх крытык, журналіст і літаратар Сяргей Дубавец.

“Мы стаялі ля будынка парламента. Там было 300 тысяч чалавек, — згадвае Дубавец. — Нам было важна, каб там лунаў бел-чырвона-белы сцяг увесь час. Нас такіх было чалавек дзесяць. Мы ўдзельнічалі ў будаўніцтве барыкадаў супраць танкавай атакі, палілі вогнішчы. Былі часткай гэтай усеагульнай эйфарыі і адначасова чакалі танкаў”.

Літаратар распавядае, чаму, нягледзячы на тое, што савецкія салдаты захапілі тэлецэнтр, гэты дзень пераломны для гісторыі суседскай краіны:

“Таму што яны не захапілі парламент. Яны не рызыкнулі яго браць, і ў Літве ўсталявалася двоеўладдзе: была свая ўлада і савецкая. Прычым савецкая адназначна разглядалася як акупацыйная, як улада, што стаяла на чалавечых ахвярах, на танках. Усе яны былі прыезджыя, не з Літвы”.

Варта адзначыць, што Сяргей Дубавец узнагароджаны медалём Літоўскай Рэспублікі “13 студзеня” за “адвагу і самаадданасць, праяўленыя пры абароне незалежнасці Літвы”.

Нагадаем таксама, што з 1992 года і да цяперашняга часу Генпракуратура Літвы патрабуе ад Беларусі выдачы дзвюх асобаў, якія мелі дачыненне да ўзброенага штурму. Гэта генерал Уладзімір Усхопчык (камандуючы Віленскім гарнізонам у той час) і маёр Станіслава Юаненя (тагачасная галоўная рэдактарка газеты “Савецкая Літва”). Цяпер гэтыя людзі з’яўляюцца беларускімі грамадзянамі.

У студзені 2010 года Генпракуратура Беларусі адмовілася дапамагаць Літве па справе “13 студзеня” і выдаць для суда Уладзіміра Усхопчыка і Станіславу Юаненю.

“Выкананне просьбы Літвы па гэтай справе супярэчыла б асноўным прынцыпам законаў Рэспублікі Беларусь”, — адзначалася тады ў заяве.

Усяго па гэтай справе праходзіць 23 падазраваных, 21 з іх — грамадзяне Расіі, і двое — грамадзяне Беларусі. Чацвёра падазраваных памерлі. У дачыненні да пятнаццаці падазраваных скончыўся тэрмін даўнасці. Цяпер падазраваныя абвешчаныя ў вышук на ўсёй прасторы ЕС, выдадзеныя еўрапейскія ордары на арышт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі