Бярозаўскі мясакамбінат: “Усе свінні з Баранавічаў чы-сты-я”

Свіней з баранавіцкага свінакомплекса “Усходні” вязуць на Бярозаўскі мясакансервавы камбінат.
На прадпрыемстве гэта пацвярджаюць:
 
“Сапраўды так. У нас с Баранавічамі пагадненне на забой, таму і вязём”, — і дадаюць, што ўсе свінні з Баранавічаў… здаровыя.
 
“Мы праводзім даследаванні: усе свінні здаровыя! Мы іх правяраем. Я таксама ем гэтае мяса — дэгустую, і ў нас усё ў норме”, — гаворыць Еўрарадыё галоўны тэхнолаг Анжаліка Іванцова. Спецыяліст дадае, што захворванне, а паводле афіцыйнай версіі гэта рэспіраторна-рэпрадуктыўны сіндром, для людзей бяспекі не ўяўляе.
 
“Я некалі чытала пра гэта захворванне, для людзей яно не шкоднае”, — кажа Анжаліка Іванцова.
 
На прадпрыемстве адзначаюць, што мяса баранавіцкіх свіней пойдзе ў кансервы. Але галоўны ветдоктар Бярозаўскага прадпрыемства Валерый Пятровіч патлумачыць, як праводзяцца праверкі жывёлы, не можа, спасылаецца на занятасць і на тое, што журналіст нічога не зразумее.
 
“Ідуць нармальныя клінічна здаровыя свінні паводле ўсіх суправаджальных дакументаў. Мы на месцы правяраем. Усе паводле дакументаў ідуць здаровымі, што ў Баранавічах. Я не ведаю, у нас штатная сітуацыя. Я не патлумачу, якія даследаванні праводзяцца, бо вы не спецыяліст і трэба вучыцца на гэта пяць гадоў, каб зразумець”,— кідае галоўны ветдоктар Бярозаўскага мясакамбіната.
 
За будучыя кансервы тут не баяцца, а больш асцерагаюцца непрыемных чутак, якія могуць напужаць пакупніка.
 
У Дэпартаменце па ветэрынарыі і харчовым кантролі кажуць, што небяспечных інфекцыйных захворванняў не выяўлена ў нацыянальных лабараторыях, але дадаткова матэрыялы былі накіраваныя ў расійскія лабараторыі. 
 
“Мы пакуль не маем адтуль ніякіх адказаў, але цягам тыдня атрымаем інфармацыю. Гэта ж вам не дастаў і адразу вынік”, — кажуць у дэпартаменце. Не ведаюць там, ці знялі ахову вакол свінакомплекса. 
 
Ну добра ў Мінску нічога не ведаюць, але не ў тэме і мясцовыя ветстанцыі:
 
“Не ведаю, не магу вам сказаць, і дактары ўсе раз’ехаліся правяраць па гаспадарках”, — кажуць мне ў ветстанцыі Баранавіцкага раёна. 
 
А на Баранавіцкім камбінаце хлебапрадуктаў, пачуўшы пытанне наконт таго, што адбываецца на камбінаце, нервуюцца і прапаноўваюць патэлефанаваць… Мясніковічу.
 
Як стала вядома Еўрарадыё, вакол свінакомплекса дагэтуль дзяжурыць ахова, а супрацоўнікаў возяць на аўтобусе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі