"Будзьма" запусціла рух беларускамоўнай рэкламы (Фота)

Першае месца ў намінацыі “Друкаваная і вонкавая рэклама” на фестывалі рэкламы Adnak! забрала фірма “Bosh”, у намінацыі “Рэкламныя кампаніі, прома-акцыі ды іншыя праекты” – квас “Хатні”, а ў намінацыі "Інтэрнэт-рэклама" пераможцаў не было. Першы фестываль беларускамоўнай рэкламы і прамоцыі Adnak! скончыў працу, журы падвяло вынікі і аргкамітэт падчас прэс-канферэнцыі ў галерэі “Ў” горда абвясціў, што мэты і задачы фестывалю былі паспяхова выкананыя.

У гэтым, прынамсі, упэўнена каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”, якой і належыць ідэя фестывалю, Алена Макоўская.

Алена Макоўская: “Мы хацелі прадэманстраваць, што беларуская мова можа быць якасным сродкам камунікацыі паміж рэкламадаўцам і спажыўцом. Мы хацелі паглядзець, наколькі яна шырока выкарыстоўваецца ў беларускай рэкламе і наколькі яна запатрабаваная. Мы вельмі задаволеныя вынікамі фестывалю і вельмі ўсцешаныя, што да нас далучылася шмат партнёраў”.



Што тычыцца цікаўнасці саміх рэкламшчыкаў да прапановы папрацаваць на мове, то, па словах кіраўніка інтэрнэт-рэсурса Marketing.by Сяргея Скарахода, на конкурс даслалі 185 прац.

Сяргей Скараход: “105 работ пададзена ў асноўныя намінацыі. Гэта – тэлевізійная і кінарэклама. “Друкаваная і знешняя”, “Дызайн”, “Этыкетка і ўпакоўка”, “Інтэрнэт-рэклама і інтэрактыўная”, “Радыё ці аўдыёрэклама”, “Сацыяльная” – 72 удзельнікі па названых намінацыях”.



Дарэчы, у конкурснай праграме фестывалю паўдзельнічалі і знакамітыя сусветныя брэнды, якія актыўна ўжываюць беларускую мову ў сваёй рэкламе.

“Адразу было бачна, калі людзі рабілі працу, думаючы па-беларуску, марачы па-беларуску. А калі гэта быў пераклад з рускай мовы, то адразу было бачна, што гэта праца нічога ў сабе такога не мае”, ― заўважыў сябра журы, менеджэр “Атлант-М” Ілля Прохараў.



А Ніна Шыдлоўская адзначыла, што арганізатары фестывалю дасягнулі яшчэ адной мэты: упэўніць і рэкламадаўцаў, і рэкламныя агенцтвы ў тым, што рэклама па-беларуску ― гэта крута.

Ніна Шыдлоўская: “У нас была задача адных падштурхнуць замаўляць такую рэкламу, бо гэта арыгінальна, цікава і выгадна, а другіх – агенцтвы – прапаноўваць кансерватыўным замоўцам беларускую мову як арыгінальны сродак камунікацыі са спажыўцом”.



Для гэтага і запрасілі ў журы прадстаўнікоў розных фірм. Дарэчы, на прэс-канферэнцыі прысутнічала кіраўнік аддзелу маркетынгу кампаніі Velcom Дзіна Цыбульская. Журналісты пацікавіліся, ці загаворыць мабільны аператар па-беларуску.

Дзіна Цыбульская: “Паглядзеўшы на ўсё тое, што тут абмяркоўвалася, на працы, мы цяпер ужо разумеем, што ёсць не малая частка людзей, якая пачуе нас лепш і паставіцца да нас лепш, калі мы пагаворым з імі на іх роднай мове. І гэта для нас стане ўстаноўкай. Чаму гэтага не было раней? Бо мы элементарна баяліся страціць шанец гаварыць на мове, якая людзям зразумелая”.

Напрыканцы сустрэчы карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў арганізатараў фестывалю, што будзе рабіцца для шырокага азнаямлення рэкламадаўцаў з магчымасцямі рэкламы па-беларуску. Алена Макоўская паабяцала, што пра гэта не забыліся.

Алена Макоўская: “Інфармацыйная кампанія, посткамунікацыя таксама будзе. Мы плануем правесці спецыяльнае маркетынгавае даследаванне. І спадзяемся, што тыя спецыялісты, якія былі ў журы, дапамогуць нам скласці пытанні, на якія мы хочам атрымаць адказы падчас гэтага даследавання. І вынікі мы дашлём у рэкламныя агенцтвы. Бо той жа мясакамбінат усё адно прыйдзе ў агенцтва, але яно будзе спасылацца на нейкія выкладкі, нейкія дадзеныя”.

Завяршыўся дзень узнагароджаннем пераможцаў, канцэртам “Крамбамбулі” і абяцаннямі, што гэты фестываль – толькі пачатак вялікага руху беларускамоўнай рэкламы.




Трэцяе месца ў намінацыі “Дызайн” – буклеты “Святы і абрады беларусаў”,  Заскевіч Святлана.








Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі