Будучы нямецкі канцлер сацыял-дэмакрат на стасункі з Беларуссю не паўплывае

Нават калі на выбарах у наступным годзе канцлерам Нямеччыны стане сацыял-дэмакрат, гэта наўрад ці адаб’ецца на стасунках Беларусі і Нямеччыны. Так лічыць палітолаг Андрэй Казакевіч. А вось адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Анатоль Сідарэвіч лічыць, што для беларускіх сацыял-дэмакратаў прыход да ўлады сацыял-дэмакратаў у Нямеччыне не значыць нічога добрага. Анатоль Сідарэвіч: “Я ніколі не быў аптымістам у дачыненні нямецкай сацыял-дэмакратыі. Беларускай сацыял-дэмакратыі можа нават горш было, калі нямецкія сацыял-дэмакраты былі ва ўладзе. І беларускай дэмакратыі ў прынцыпе. Дастаткова паглядзець на паводзіны Шродэра і ў якасці канцлера, і пасля таго, як ён перастаў быць канцлерам”.

Спадар Сідарэвіч у прынцыпе скептычна ставіцца да знешняй палітыкі Нямеччыны.

Анатоль Сідарэвіч:“Нямеччына з часоў Фрыдрыха ІІ спрабуе за плячыма Польшчы, Літвы, Беларусі і іншых краінаў дамовіцца з Расіяй коштам гэтых краінаў”.

У стасунках з Беларуссю, паводле Сідарэвіча, мэты Нямеччыны выключна прагматычныя.

Анатоль Сідарэвіч: ”Вось ужо 17 год як Нямеччына хоча атрымаць тут гаспадарчую прастору. І яна ўсялякімі мэтадамі спрабуе залагодзіць рэжым Лукашэнкі. І гэта нельга называць ідэалагічнай палітыкай ці нейкай высакароднай палітыкай. Немцы чакаюць, што Лукашэнка ў адказ на нейкія палёгкі з боку Еўрасаюза дасць ім магчымасць адкрыць тут філію Опеля ці Мэрсэдэса“.

Дарэчы, па словах А.Сідарэвіча, беларускія сацыял-дэмакраты апошнія пяць год амаль не падтрымліваюць кантактаў са сваімі нямецкімі калегамі, а маюць толькі эпізадычныя сустрэчы.

А вось палітолаг Андрэй Казакевіч лічыць, што стасункі паміж Беларуссю і Нямеччынай, нават калі да ўлады прыйдуць нямецкія сацыял-дэмакраты, асабліва не зменяцца.

Андрэй Казакевіч: “Я не думаю, што гэта дужа моцна адаб’ецца, бо знешняя палітыка — яна больш устойлівая. Канечне, лічыцца, што сацыял-дэмакраты могуць больш спрыяльна ставіцца да беларускага рэжыму, а хрысціянскія дэмакраты займаюць больш жорсткія пазіцыі. Але не думаю, што гэтыя адрозненні вельмі істотныя. Тым больш, што лідэр сацыял-дэмакратаў зараз узначальвае Міністэрства замежных справаў... Таму я не думаю, што магчымая нейкая кардынальная змена знешняй палітыкі, у тым ліку і палітыкі ў адносінах да Беларусі".

Нагадаю, віцэ-канцлер, міністр замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмайер 8 верасня абвясціў, што вылучаны кандыдатам на пост канцлера ад СДПН на парламенцкіх выбарах, якія адбудуцца ўвосень 2009 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі