БСДП адмовілася афіцыйна падтрымліваць Таццяну Караткевіч на выбарах

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) не будзе ўдзельнічаць у стварэнні ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Таццяны Караткевіч.

Як паведаміла БелаПАН старшыня партыі Ірына Вештард, такое рашэнне было прынятае на паседжанні цэнтральнага камітэта БСДП, якое адбылося 28 чэрвеня.

Раней, 19 красавіка, прэзідыум партыі вырашыў падтрымаць кампанію па вылучэнні Караткевіч кандыдатам у прэзідэнты. Але, па словах Ірыны Вештард, гэта было працэдурнае рашэнне і таму пра афіцыйную падтрымку Караткевіч на выбарах гаворка не ідзе.

“Мы павінны жорстка прытрымлівацца статута. Калі гэта рабіць, то рашэнне аб падтрымцы кандыдата ў прэзідэнты можа быць прынятае толькі з’ездам. Рашэнне прэзідыума нельга назваць рашэннем аб падтрымцы кандыдата ў прэзідэнты. Мы ўсяго толькі падтрымалі працэдуру падтрымкі прэтэндэнта або будучага кандыдата. Афіцыйна аб падтрымцы Караткевіч кандыдатам у прэзідэнта гаворка не ідзе”, — заявіла Ірына Вештард.

Разам з тым старшыня БСПД адзначыла, што сябры партыі могуць “самастойна ўваходзіць у нейкія ініцыятыўныя групы”, але “цэнтралізавана партыя гэта рабіць не будзе”.

Сама Таццяна Караткевіч пазіцыянуе сябе як патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты ад кампаніі “Народны рэферэндум”, куды апроч БСДП (Грамада) і кампаніі “Гавары праўду” ўваходзяць Партыя БНФ і рух “За Свабоду”.

Фота з архіву

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі