Брытанцы знайшлі доказ, што вайскоўцы Расіі ўдзельнічалі ў баях ва Украіне

Брытанцы знайшлі доказ, што вайскоўцы Расіі ўдзельнічалі ў баях ва Украіне

Брытанская даследчая група Forensic Architecture сабрала доказы таго, што расійскае войска ўдзельнічала ў баях пад Ілавайскам у жніўні 2014 года, піша РБК са спасылкай на The Guardian.

Эксперты прааналізавалі мноства спадарожнікавых здымкаў з расійскімі ўзброенымі аўтакалонамі на тэрыторыі Украіны, а таксама з танкамі Т-72Б3. На той час гэтыя танкі выкарыстоўваліся толькі ва ўзброеных сілах Расіі.

На відэа, апублікаваным брытанцамі, гаворыцца, што яны збіралі звесткі з адкрытых крыніцаў. Па іх звестках, 3 верасня, калі завяршыліся баі, калона ваенных транспартных сродкаў была заўважаная за 10 км на поўдзень ад Ілавайска. Таксама ў адкрытых крыніцах яны выявілі новыя транспартныя сродкі і вайсковыя лагеры, а напрыканцы жніўня здымкі з расійскага боку мяжы паказалі рух канвою, які ад'язджае ад Украіны.

Баі пад Ілавайскам адбыліся ў жніўні 2014 года. Вялікая групоўка ўкраінскіх войскаў трапіла ў кацёл, а падчас прарыву зазнала цяжкія страты. Паводле ўкраінскіх звестак, загінулі 366 украінскіх вайскоўцаў, 429 атрымалі раненні. 

Улады Расіі неаднаразова абвяргалі ўдзел сваіх вайсковых часцей ва ўкраінскім канфлікце. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі