Брэстаўчанка прытуліла двух чачэнскіх дзетак-бежанцаў з вакзала

Брэстаўчанка прытуліла двух чачэнскіх дзетак-бежанцаў з вакзала

У Брэсце ўсё яшчэ знаходзяцца некалькі соцень чачэнцаў. Цягам некалькіх месяцаў гэтыя людзі спрабуюць атрымаць прытулак у Еўрасаюзе. Польскія памежныя і мытныя службы ў дзень прымаюць толькі 1-2 сям’і, што едуць без віз. Астатніх разварочваюць.

“На вакзале спыніліся некалькі чачэнскіх сем’яў. Раней яны здымалі кватэру, але цяпер у іх скончыліся грошы. У адной сям’і сямёра дзетак, у іншай — пяцёра і яшчэ там дзве сям’і, у якіх па трое дзетак. Яны мелі ад 14 да 17 спробаў пераезду мяжы… Пайшла паглядзець, можа, нейкія рэчы, абутак перадаць. Аднак калі прыйшла на вакзал, убачыла іх гаротнае становішча”, — распавядае Еўрарадыё брэстаўчанка Маргарыта.

Жанчына стала сведкай таго, як васьмігадовы хлопчык-чачэнец упаў і моцна ўдарыўся галавой. Медыкі бясплатна аказалі яму першую дапамогу, дыягнаставалі страсенне мазгоў і прапанавалі пакінуць хлопчыка ў бальніцы. Але бацькі адмовіліся, бо гэта ўжо было платна, а грошай няма. Паводле прэйскуранта платных паслуг для замежных грамадзян Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы, суткі знаходжання ў стацыянары траўматалагічнага аддзялення каштуе 83 рублі 18 капеек.

“Гэтае дзіця бацькі зноў забралі на вакзал. Лекары сказалі, якія прымаць лекі, і параілі, каб ён ляжаў два тыдні. Але там падыходзяць дзяжурныя па вакзале і прымушаюць удзень сядзець! А яму сядзець нельга, бо галава баліць і ванітуе. Таму я і прапанавала маці забраць яго да сябе”, — распавядае Маргарыта.

Маці пагадзілася, але супраць быў сам пацярпелы хлопчык. Ён даў згоду пакінуць вакзал толькі разам са старэйшай сястрой.

Маргарыта кажа, што ўзяла б і больш людзей, але не мае ўмоваў. З мужам і 12-гадовым сынам жыве ў прыватным доме, які яшчэ не да канца дабудаваны.

56-гадовая Маргарыта амаль усё жыццё працавала ў сістэме адукацыі. Сёлета яна выйшла на пенсію. Жанчына кажа, што яе прыемна здзівілі маленькія чачэнцы. Дзяцей, што гасцілі ў яе доме, яна называе залатымі:

“Дзеці вельмі добра выхаваныя: яны не шумныя, вельмі ціха сябе паводзяць. Калі чагосьці захочуць, то па некалькі разоў запытаюцца. У нас забываецца такое стаўленне да старэйшых. Напрыклад, я заходжу ў пакой, яны адразу ўстаюць, хоць да гэтага мы ўжо і віталіся”.

Дзеці паладзілі і з мужам, і з сынам. Маргарыта смяецца: гаспадарам прыйшлося падстроіцца пад культурныя і рэлігійныя звычкі гасцей — з рацыёну прыбралі свініну.

Двое маленькіх чачэнцаў пражылі ў брэстаўчан тыдзень. Хлопчыку стала значна лепей і ён вельмі засумаваў па родных. Да ўсяго, падышоў час, каб у чарговы раз паспрабаваць трапіць у Польшчу. У чарговы раз для сям’і з Чачні спроба аказалася няўдалай. Але мігранты атрымалі грошы ад родных і зноў знялі кватэру.

Па словах Маргарыты, цяпер на вакзале стала пражывае да чатырох сямей з Чачні.

Брэстаўчанка прытуліла двух чачэнскіх дзетак-бежанцаў з вакзала

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі