Вы тут

Брэсцкія мытнікі затрымалі псіхатропы на 3,5 мільёна долараў

Брэсцкая мытня выявіла 182 кг псіхатропаў / customs.gov.by

Беларускія мытнікі выявілі вялікую партыю псіхатропаў, якую кантрабандай везлі праз польскую мяжу, паведамляе прэс-служба Мытнага камітэта.

Грузавік MAN ішоў з Сербіі праз пункт пропуску "Казловічы". Кіроўца — 42-гадовы грамадзянін Сербіі. Паводле дакументаў, ён вёз партыю прамысловага абсталявання.

Аўтамабіль адправілі на агляд з выкарыстаннем інспекцыйна-надгляднага комплексу. Вынікі сканаграмы паказалі, што ў грузавым адсеку ёсць дадатковы груз. У прамысловым вентылятары, які перавозіла фура, знайшлі 89 палімерных пакетаў з таблеткамі і парашком, а таксама два палімерныя мяшкі з рэчывам светла-карычневага колеру. Службовы сабака паказаў, што ў пакетах могуць быць забароненыя рэчывы.

Экспертыза выявіла, што знойдзеныя рэчывы — асабліва небяспечныя псіхатропы трох відаў: МДМА, амфетамін і метамфетамін. Іх агульная вага склала амаль 182 кг. Такой колькасці псіхатропаў хапіла б больш чым на 600 тысяч доз. А кошт на чорным рынку сягае вышэй за 3,5 мільёна долараў.

Сербскага кіроўцу ўзялі пад варту. За кантрабанду наркотыкаў яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.