Брэсцкая настаўніца музыкі пайшла ў дэпутаты, каб вярнуць правы на жыллё

Жанчына працуе настаўніцай па класе фартэпіяна ў Брэсцкім музычным каледжы. Палітычныя амбіцыі ў яе з’явіліся пасля штамгадовага судовага разбіральніцтва супраць Брэсцкага гарвыканкама. Гаворка ідзе пра сумнавядомую справу дома па вуліцы Астроўскага ў Брэсце, які ахоўваецца як гісторыка-культурная каштоўнасць. Валянціна Мальцава, як і іншыя жыхары двухпавярховага будынка, атрымала афіцыйную пастанову аб высяленні, нібыта дом не адпавядае санітарным і тэхнічным нормам і ўвогуле з’яўляецца аварыйным. Жыхарам прапанавалі кампенсаваць страту жылля новымі кватэрамі, але не ў цэнтры горада, а на ўскрайку.

Як распавяла Еўрарадыё Валянціна Мальцава, прызнаць дом аварыйным — адзіны адміністрацыйны сродак, каб знесці гістарычны будынак 20-гадоў ХХ стагоддзя:

“Фактычна, уладамі была ўжытая звычайная схема аб тым, што дом аварыйны, і патрабуецца тэрміновае высяленне з прадастаўленнем кватэр з бюджэтнага фонду. Гэта, вядома, спатрэбілася для таго, каб інвестару вызваліць участак за бюджэтныя сродкі, не падводзячы пад артыкул аб канфіскацыі па дзяржпатрэбах”.

Жыхары дома па Астроўскага, 8 звярнуліся ў пракуратуру з просьбай праверыць законнасць дзеянняў чыноўнікаў. Аднак шматлікія судовыя паседжанні не прынеслі “высяленцам” станоўчага выніку.

Са словаў Валянціны Мальцавай, пасля двух гадоў безвыніковых разбіральніцтваў яна ўпэўнілася ў тым, што судзіцца з выканаўчай уладай сэнсу няма. Расчараванне ў судовай сістэме і стала адной з прычын, каб пазмагацца сёлета за дэпутацкае крэсла.

Беспартыйная настаўніца музыкі вырашыла вылучыцца ад грамадзян шляхам збору подпісаў у сваёй акрузе. Валянціна Мальцава прызнаецца, што падбілі яе на гэта сябры і суседзі па доме:

“Я пагадзілася і, як высветлілася, збіраць подпісы апынулася вельмі проста, шмат людзей давалі іх з задавальненнем. Трэба было 75, а мы сабралі больш за 120. Гэта было вельмі хутка, бо апынулася, што ў людзей існуюць такія ж праблемы, і я зразумела, што гэта было не дарма”.

Подпісы, якія былі сабраныя ўсяго за 2 гадзіны, былі перададзеныя ў гарадскую выбарчую камісію. 20 лютага сталі вядомыя імёны ўсіх зарэгістраваных па Брэсце кандыдатаў на выбары ў гарадскі Савет. У спіс са 121 прэтэндэнта на дэпутацкі мандат трапіла і Валянціна. Жанчына заяўляе, што апроч аховы маёмасці жыхароў Брэста ў сваёй кандыдацкай праграме, яна прадугледзела пункт за паляпшэнне іх жыллёвых умоваў.

Фота : tut.by

Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі