Больш за 20 уладальнікаў банкаўскіх картак сталі ахвярамі махляроў

У Мiнску, Бабруйску i Жлобiне пацярпелi больш за 20 уладальнікаў пластыкавых банкаўскiх картак, якiя сталi ахвярамi хiтрых злачынцаў. Як паведамiў "Звяздзе" часова выконваючы абавязкi начальнiка ўпраўлення iнфармацыi i грамадскiх сувязяў МУС Алег Слепчанка, злодзеі абкрадвалi людзей з дапамогай спецыяльнага прыстасавання, якое атрымала назву "лiванская пятля".

Гэта капронавая нiтка з металiчнай скабой. Выкарыстоўваючы яе, злачынцы блакавалi пластыкавыя карткi ў карткапрыёмнiку банкамата, а потым забiралi іх сабе. Пасля iм удавалася атрымлiваць да выкрадзеных картак пiн-коды і без праблем здымаць усе грошы.

Адзiн са злачынцаў прыстройваўся за спiнай у свайго патэнцыйнага "клiента", i калi крэдытная картка, што блакiравалася "лiванскай пятлёй", не вярталася з карткапрыёмнiка пацярпеламу, ён ахвотна прыходзiў на дапамогу — са слушнай парадай: маўляў, неабходна зноў набраць пiн-код.

Калi прасцяк "купляўся", "дарадчык" бачыў i запамiнаў код. А вось на той выпадак, калi трапляўся больш пiльны чалавек, зламыснiкi мянялi на банкаматах нумары кантактных тэлефонаў экстранных службаў банка на свае мабiльныя нумары. Зразумела, што звярнуўшыся па такiм тэлефоне, уладальнiкi пластыкавых картак, якiя нiбыта "праглынуў" банкамат, самi раскрывалi махлярам свой пiн-код.

Паводле звестак Алега Слепчанкi, падобныя злачынствы рэгiструюцца ў нашай краiне ўпершыню. А што ж датычыцца аферыстаў, то яны ўжо затрыманы міліцыянтамі.

Як высветлiлася, у склад міжрэгiянальнай злачыннай групы, што спецыялiзавалася на "пластыку", уваходзiлi чатыры чалавекi. Акрамя таго, устаноўлена дачыненне затрыманых да ўчынення 23 падобных злачынстваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі