Вы тут

Больш чым траціна беларусаў лічыць, што грошы лепш захоўваць "пад матрацам"

Беларусы чакаюць далейшага росту цэн / pixabay​

Нацыянальны банк расказаў пра інфляцыйныя чаканні беларусаў. Паводле дадзеных рэгулятара, адчуваны ўзровень інфляцыі ў лістападзе склаў 10,1%. У параўнанні са жніўнем паказчык крыху знізіўся — на чатыры працэнтныя пункты.

Толькі 18,4% беларусаў у лістападзе лічылі, што цэны выраслі нязначна, а 35,8% — што выраслі вельмі моцна. Астатнія адчулі "ўмераны рост цэн".

16% беларусаў лічаць, што цэны будуць расці павольней, чым цяпер. 59,6% — што будуць расці гэтак жа інтэнсіўна, а 21,6% чакаюць больш прыкметнага падаражэння тавараў.

Большасць беларусаў (68,8%) лічыць, што цяпер неспрыяльны час для буйных пакупак. У крэдыт купляць вялікія пакупкі лічаць дрэннай ідэяй 77,1% грамадзян. Абодва паказчыкі выраслі ў параўнанні са жніўнем.

Павялічваецца колькасць тых, хто аддае перавагу захоўванню грошай у валюце (84,8% у лістападзе супраць 84,2% у жніўні). Нарэшце, прыкметна вырасла колькасць беларусаў, якія лічаць, што грошы трэба захоўваць наяўнымі — такіх амаль 35%. На другім месцы — нерухомасць, на трэцім — золата. Нарэшце, толькі 8,9% грамадзян давяраюць банкаўскім укладам.

Дадзеныя Нацбанка па інфляцыйных чаканнях адлюстроўваюць не эканамічную статыстыку, а тое, як грамадзяне адчуваюць на сабе рост цэн, і іх чаканні. Такім чынам, можна казаць пра тое, што ў цэлым большасць беларусаў песімістычна глядзіць на будучыню нацыянальнай эканомікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.