Вы тут

"Больш чалавечны" омікрон. Што навукоўцы і лекары ведаюць пра новы штам COVID-19

COVID-19 / Adobe stock

Калі апошнія месяцы галоўным словам ва ўсіх навінах пра пандэмію COVID-19 было "дэльта", то цяпер з'явілася новае — "омікрон". Менавіта так Сусветная арганізацыя аховы здароўя вырашыла назваць новы штам каранавіруса, каб грамадскасці не давялося мучыцца з яго "афіцыйным імем" B.1.1.529.

Што за гэтыя некалькі тыдняў даведаліся пра новы штам навукоўцы і лекары і ці варта нам хвалявацца?
 

Адкуль узяўся омікрон?

Як і дэльта, і іншыя штамы каранавіруса, омікрон — вынік мутацыі віруса. Навукоўцы знайшлі ў ім больш за шэсцьдзесят змен, з іх 32 — у спайк-бялку. Не палохайцеся тэрмінаў, гэта досыць проста і пры гэтым важна.

Спайкавы бялок размешчаны на паверхні часціцы, і менавіта з яго дапамогай вірус пранікае праз мембрану клеткі і пачынае размнажацца. Імунны адказ арганізма выклікае менавіта спайк-бялок, і менавіта на яго нацэлены ўсе наяўныя ў свеце вакцыны. Таму за мутацыямі тут навукоўцы сочаць вельмі пільна: гэта можа прыкметна ўплываць на развіццё пандэміі.

Спайкавыя бялкі (чырвоныя) і мутацыі (жоўтае) / Getty

Цікава і тое, чаму менавіта і як адбыліся мутацыі. Тут усё складана і досыць заблытана, але асноўная версія заключаецца ў тым, што омікрон з'явіўся ў арганізме чалавека з аслабленым імунітэтам. Вірус мог быць у ім дастаткова доўга, каб істотна змяніцца.

Ёсць версія, што ў часе мутацый вірус мог атрымаць частку генетычнага матэрыялу яшчэ аднаго каранавіруса (HCoV-229E), які выклікае прастуду. Гэта, на думку спецыялістаў з nference, магло зрабіць омікрон "больш чалавечным", гэта значыць дапамагчы яму ўнікаць рэзкіх рэакцый імуннай сістэмы.

Яшчэ адна гіпотэза: омікрон мог з'явіцца ў чалавечым арганізме, аслабленым вірусам імунадэфіцыту. На фоне гэтага ў свеце зноў пачалася рэзкая крытыка размеркавання вакцын: у той час як развітыя краіны ўжо дазваляюць сабе шырокае прымяненне бустараў і рэвакцынацыю, у многіх бедных (у тым ліку ў Афрыцы, дзе з'явіўся омікрон) не прышчэплены нават уразлівыя катэгорыі грамадзян.
 

Омікрон небяспечны?

Усякі вірус небяспечны, як і ўсякі штам. Пры гэтым звестак пра тое, што омікрон больш небяспечны за сваіх папярэднікаў, на сёння няма.

Першапачаткова з'яўляліся звесткі пра тое, што омікрон пераносіцца лягчэй, аднак яны заснаваныя на інфармацыі з ПАР. Рэч у тым, што насельніцтва краіны маладое (сярэдні ўзрост 28 гадоў, а ў Беларусі — 40,9), многія ўжо сутыкаліся з інфекцыяй і маюць антыцелы.

Менавіта таму омікрон можа і даваць "лёгкія" паказчыкі ў краіне. Аднак навукоўцы сканцэнтраваныя на даследаванні звестак і па іншых краінах, каб зразумець ступень небяспекі.

Што яшчэ выклікае непакой у даследчыкаў — хуткасць распаўсюджвання омікрона. Эпідэміёлагі выкарыстоўваюць так званы "індэкс рэпрадукцыі", або папросту R. Паказчык паказвае на колькасць новых выпадкаў, выкліканых кожнай інфекцыяй.

У адной з правінцый ПАР у канцы лістапада R вызначылі ў памеры вышэй за два — такім высокім ён не быў з самага пачатку пандэміі, а яшчэ ў верасні паказчык быў меншы за адзінку. Зрэшты, і ў пытанні хуткасці распаўсюджвання трэба больш звестак для адназначных высноў.
 

Ці дапамогуць ад новага штама вакцыны?

Усе вакцыны (і вектарныя, як Спадарожнік V, і мРНК, як Pfizer) дапамагаюць арганізму ствараць антыцелы да віруса. Працуюць гэтыя антыцелы супраць усіх штамаў, але, што праўда, эфектыўнасць можа быць рознай.

Як ужо згадвалася вышэй, у омікрона можа быць магчымасць "ухіляцца" ад імунітэту.

Даследчыкі з NICD выявілі, што колькасць паўторных інфекцый у Паўднёвай Афрыцы павялічылася па меры распаўсюджвання омікрона. Аднак як менавіта ён "абыходзіць" імунітэт і з якой імавернасцю абыходзіць яго, пакуль не зусім зразумела. Ёсць і абнадзейлівая інфармацыя: па папярэдніх звестках, "прарыўныя інфекцыі" (гэта значыць інфікаванне ўжо вакцынаваных) прыводзілі да лёгкага праходжання захворвання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.