Вы тут

Богдан выказалася за прыярытэт нацыянальнага заканадаўства над міжнародным

Намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан / Ctv.by

Намесніца міністра аховы здароўя і старшыня Беларускага саюза жанчын Алена Богдан распавяла аб сваім бачанні змяненняў у Канстытуцыю Беларусі. Сярод прапаноў — прапісаць у асноўным законе нормы паводзінаў, накіраваныя на захаванне здароўя. На думку намесніцы міністра, у прыярытэце павінна быць менавіта нацыянальнае заканадаўства, а не міжнародныя нормы. Сваю прапанову яна аргументавала сітуацыяй, з якой сутыкнуліся беларускія ўлады падчас першай хвалі каранавіруса.

"Калі ўсе краіны раптам сталі рэзка толькі за сябе, напэўна, у нашай Канстытуцыі павінна быць такая норма, што міжнароднае заканадаўства дзейнічае да таго часу, пакуль яно не сутыкаецца з нацыянальнымі інтарэсамі Рэспублікі Беларусь, натуральна, у адпаведнасці з палажэннямі дзеючай Канстытуцыі", — сказала Богдан у эфіры тэлеканала СТБ.

Богдан лічыць, што ў Канстытуцыі павінны быць прапісаны абавязкі грамадзяніна — тое, што ён павінен зрабіць, "каб дзяржава была моцнай, квітнеючай, крэпкай — сапраўднай дзяржавай".

"Напрыклад, наш 45-ы артыкул Канстытуцыі, што дзяржава сёння павінна стварыць умовы для аказання даступнай і якаснай медыцынскай дапамогі. Але ж і грамадзянін абавязаны выконваць пэўныя нормы паводзінаў для таго, каб захоўваць і ўмацоўваць сваё ўласнае здароўе", — сказала намесніца міністра аховы здароўя.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі Алена Богдан была даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.