Блогеру MozgON выставілі новае абвінавачванне

Блогеру MozgON выставілі новае абвінавачванне

Палітвязню Уладзіміру Цыгановічу (блогер MozgON) выставілі новае абвінавачванне. Пра гэта ён паведаміў у запісцы, перададзенай з СІЗА №1 (вул. Валадарскага, Мінск).

Цыгановіча вінавацяць паводле арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК РБ (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).

"Допытаў па сутнасці няма, хоць па справе працуюць каля 50 следчых", — цытуе праваабарончы сайт "Вясна" яго запіску.

Цыгановіч кажа, што абвінавачанне яму незразумелае. Падчас так званых "масавых беспарадкаў" ў жніўні 2020-га ён ужо быў у СІЗА №1. 

Блогера затрымалі 9 чэрвеня. Спярша яму выставілі абвінавачванне па ч 2. арт 342 КК РБ (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), што следства звязвае са "справай Ціханоўскага". Цыгановіч запэўнівае, што не мае дачынення да гэтай справы.

На яго думку, новыя абвінавачванні яму выставілі, каб не выпускаць з СІЗА №1, бо санкцыя ўтрымання пад вартай па артыкуле 342 складае паўгода, а яны скончыліся ў снежні 2020-га. Крымінальны пераслед ён лічыць помстай за крытыку дзяржаўных органаў на сваім Youtube-канале.

Таксама Цыгановіч паведаміў, што наконт яго відэаролікаў правялі псіхолага-лінгвістычную экспертызу. А сам ён на працягу месяца быў на псіхіятрычнай экспертызе ў РНПЦ псіхічнага здароўя ("Навінкі").

Праваабаронцы прызналі Цыгановіча палітвязнем. 

Блогеру MozgON выставілі новае абвінавачванне
Запіска Уладзіміра Цыгановіча / spring96.org
Блогеру MozgON выставілі новае абвінавачванне
Запіска Уладзіміра Цыгановіча / spring96.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі