Бізнесмена з Беларусі падазраюць у "федэральнага ўзроўню афёры" ў Расіі

Бізнесмена з Беларусі падазраюць у "федэральнага ўзроўню афёры" ў Расіі

У Маскве затрымалі 32-гадовага бізнесмена з Беларусі Паўла Фралова. Яго падазраюць у арганізацыі "федэральнага ўзроўню афёры" ў Расіі. Як піша "Коммерсантъ", па версіі следства, маскоўскі шматпрофільны медыцынскі цэнтр "Ф Клінікс" Фралова аказваў дарагую, але цалкам непатрэбную меддапамогу. Падкантрольныя яму лекары ў розных гарадах Расійскай Федэрацыі "вылечылі" больш за 11 тысяч здаровых грамадзян і атрымалі ад іх за гэта каля 1 млрд расійскіх рублёў (больш за 15 млн долараў).

Бізнесмен не лічыць сябе махляром, ён бачыць "руку" канкурэнтаў на рынку медыцынскіх паслуг. Ператрус у маскоўскай кватэры Фралова праводзілі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення эканамічнай бяспекі і процідзеяння карупцыі МУС РФ. Былі забраныя дакументы, ноўтбукі, тэлефоны, флэшкі. Пасля гэта адбылося і ў медцэнтры. Далей беларуса пасадзілі ў самалёт на Чэбаксары, дзе ён апынуўся ў следчым ізалятары. Высветлілася, што менавіта паліцыя Чувашыі падазрае бізнесмена ў арганізацыі асабліва буйнога махлярства.

Следства мае матэрыялы, што ў Чувашыі, Санкт-Пецярбургу, Разанскай, Калужскай, Уладзіміраўскай і Яраслаўскай абласцях былі створаны медцэнтры (адвакат падазраванага адмаўляе, што гэта былі фактычна філіі маскоўскай структуры), супрацоўнікі якіх абтэлефаноўвалі пенсіянераў і прапаноўвалі прайсці абследаванне. Лекары "выяўлялі" захворванні і прапаноўвалі платнае лячэнне. Калі ў людзей не было грошай на аплату, дапамагалі ў афармленні крэдытаў у банках.

Агулам па крымінальнай справе затрыманыя 25 чалавек, і спіс папаўняецца. Яе могуць перакваліфікаваць па артыкуле "арганізацыя злачыннай супольнасці або ўдзел у ёй".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі