Більт: Спецслужбы не мусілі цікавіцца, як Шапуцька ходзіць на заняткі

Такое меркаванне выказаў міністр замежных справаў Швецыі  на прэс-канферэнцыі ў Брусэлі  ў адказ на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё і каментарый міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава У Брусэлі 8 снежня прайшла сустрэча кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў краінаў Усходняга Партнёрства з прадстаўнікамі 27 краін ЕС, Еўрапейскай Камісіі, Генеральнага Сакратарыята Савета ЕС, Еўрапейскага Парламента, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, Камітэта рэгіёнаў і Эканамічнага і Сацыяльнага Камітэта. Старшыняваў на сустрэчы міністар замежных спраў Швецыі Карл Більт. На прэс-канферэнцыі, якая адбылася пасля сустрэчы, Еўрарадыё пацікавілася лёсам маладафронтаўкі Таццяны Шапуцькі.

Нагадаем, што дзяўчыну выключылі з другога курса юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта за ўдзел у Форуме грамадзянскай супольнасці ў рамках  ініцыятывы Ўсходняга Партнерства, які праходзіў у Брусэлі 16-17 лістапада. На Форуме Тацяна была адной з 27 запрошаных ад Беларусі прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый і прадстаўляла  "Малады Фронт".

Еўрарадыё: "З аднаго боку, беларускія чыноўнікі падкрэсліваюць важнасць ініцыятывы Ўсходняга Партнёрства. З другога боку, на мінулым тыдні беларуская студэнтка была выключаная з універсітэту за ўдзел у Форуме НДА ў рамках Усходняга Партнёрства, хаця мела добрае наведванне і добрыя адзнакі. Гаворка пра Таццяну Шапуцьку. Ці будзе мець гэты правакацыйны крок беларускага ўраду якія-небудзь наступствы для ўдзелу Беларусі ў ініцыятыве Ўсходняга Партнёрства?"

Карл Більт: "Гэта, несумненна, ужо мела пэўныя наступствы. Гэтае пытанне па дыпламатычных каналах уздымалася і ў Кіеве, і наўпроставых размовах тут. Канечне, калі гэтае выключэнне з універсітэту сапраўды звязана з удзелам на Форуме НДА, то, вядома, гэта ні ў якім разе недапушчальна".

Пасля адказу Карла Більта слова папрасіў узяць міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў:

Сяргей Мартынаў: "Я хацеў бы растлумачыць маладому чалавеку [карэспандэнту Еўрарадыё - заўвага Еўрарадыё], што не ўрады не выключаюць студэнтаў, а ўніверсітэты. Яна была выключаная за колькасць пропускаў універсітэцкіх заняткаў".

Словы Сяргея Мартынава іранічна пракаментаваў Карл Більт.
Карл Більт: "Казалася пра тое, што ва ўніверсітэт [Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, з якога была выключаная Таццяна Шапуцька. — Еўрарадыё] звярталіся спецслужбы. Органы дзяржаўнай бяспекі, у прынцыпе, могуць непакоіцца наведваннем універсітэцкіх заняткаў, але ж гэта не тое, чым яны звычайна займаюцца".
Па выніках сустрэчы еўракамісар Беніта Ферэра-Вальднэр адзначыла гатовасць ЕС да заключэння пагадненняў аб асацыяцыі з кожнай з шасці краін-партнёраў, як толькі яны "даспеюць да гэтага". Даволі добры прагрэс ёсць у перамовах з Украінай, у студзені пачнуцца перамовы з Малдовай, зараз абмяркоўваюцца прапановы  аб перамоўных мандатах з трыма каўказскімі рэспублікамі, адначыла Беніта Ферэра-Вальднэр, не згадаўшы Беларусі.
Канкрэтныя прапановы па макрафінансавай дапамозе Еўракамісія зрабіла Ўкраіне, Грузіі і Арменіі. Умовы будуць залежаць ад узгодненасці праграмаў паміж урадамі краін і Сусветным валютным фондам. Еўракамісія таксама "паспрабуе дадаць і Беларусь, калі на гэта прыйдзе адпаведны час", – адзначыла еўрачыноўніца.
"Сустрэча прадэманстравала тое, што ініцыятыва Ўсходняе Партнёрства здабыла рухомую сілу", — сказаў Карл Більт, выразіўшы вялікую задаволенасць вынікамі "канструкцыйнай і плённай сустрэчы". Ініцыятыва будзе актыўна рэалізоўвацца і ў часе старшынства Іспаніі ў першай палове наступнага года, і ў часе наступных нацыянальных старшынстваў у Савеце міністраў ЕС, упэўнены Карл Більт.
Пасля прамоваў Беніты Ферэры-Вальднэр слова на выніковай прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы ўзялі міністры замежных справаў краін Усходняга Партнёрства — Эдвард Налбандзян ад Арменіі, Эльмар Мамадзьяраў ад Азербайджана, Сяргей Мартынаў ад Беларусі, Іурые Леанка ад Малдовы і Грыгол Васхадзе ад Грузіі. Міністр замежных спраў Украіны Пётр Парашэнка на прэс-каферэнцыі не прысутнічаў, бо мусіў ляцець на сустрэчу з Хілары Клінтан, якая адбудзецца 9 снежня.
Беларускі бок у часе сустрэчы падкрэсліваў, што рэалізацыя праектаў Усходняга Партнёрства мусіць быць больш хуткай, адзначыў у сваёй прамове Сяргей Мартынаў. Адным з асноўных пытанняў, якія падымаў беларускі бок, было пытанне спрашчэння візавага рэжыму для грамадзян Беларусі. Сяргей Мартынаў таксама адзначыў, што 8 снежня разам з міністрамі замежных спраў Украіны і Літвы беларускі бок зацвердзілі каля 20 патэнцыйных супольных праектаў. Яны датычацца розных сфераў супрацоўніцтва.
Сяргей Мартынаў: "Ліст уключае каля 20 праектаў рэгіянальнай важнасці. Яны тычацца энэргетыкі, энергетычнай стабільнасці, транспарту і транзіту, у асаблівасці мадэрнізацыі калідору Вільня-Мінск-Кіеў і іншых транспартных калідораў. Мы таксама размаўлялі пра памежны мэнэджмэнт і інфраструктуру, а таксама пра праекты, звязаныя з супольнай культурнай і гістарычнай спадчынай."

Фота: ERR