Без намёкаў. Як нацысты бамбілі дамы мірных жыхароў

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава

Спачатку яны бамбілі выключна ваенную інфраструктуру, але пазней не цураліся і дамоў з мірнымі жыхарамі.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае “Лонданскі бліц” — серыю наймацнейшых бамбардзіровак брытанскай сталіцы нацысцкай Германіяй. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.

У чэрвені 1940 года Галандыя, Бельгія, Нарвегія і Францыя былі адна за адной акупаваныя нацысцкай Германіяй і адзінай краінай, якая працягвала ёй супраціўляцца, была Вялікабрытанія. Нягледзячы на ​​вымушаную эвакуацыю з Дзюнкерка і адсутнасць хаўруснікаў, кабінет Уінстана Чэрчыля не ўдалося схіліць да капітуляцыі ці сепаратнага міру. Менавіта таму 16 ліпеня Адольф Гітлер зацвердзіў аперацыю “Марскі леў”, якая прадугледжвала пераход праз Ла-Манш і высадку трох армій на брытанскім узбярэжжы, якія павінны былі ахапіць Лондан у шчыльнае кальцо.

Перашкодай для яго неадкладнага ажыццяўлення стала непадрыхтаванасць нямецкага флоту, які панёс вялікія страты ў ходзе дацка-нарвежскай аперацыі. А таксама адсутнасць пераканаўчай перавагі ў паветры, дасягненне якой павінна было забяспечыць прыкрыццё арміям уварвання пры пераправе праз Ла-Манш. Акрамя таго, разгром брытанскай авіяцыі даў бы Германіі магчымасць наносіць масіраваныя авіяўдары па прамысловых, вайсковых і адміністрацыйных аб'ектах праціўніка, што паралізавала б жыццё Вялікабрытаніі.

Без намёкаў. Як нацысты бамбілі дамы мірных жыхароў

Масіраванае паветранае наступленне супраць Вялікабрытаніі атрымала назву “Арліная атака” і пачалося 13 жніўня 1940 года. Нягледзячы на ​​разведку, немцы памыліліся з каардынатамі буйных аб'ектаў. У асноўным пад удары траплялі дапаможныя аэрадромы або базы, якія не належалі знішчальнай авіяцыі. Брытанскія знішчальнікі былі эфектыўнымі, збіўшы 47 самалётаў і страціўшы толькі 13 сваіх машын. Глыбока расчараваны вынікамі авіяналёту камандуючы люфтвафэ Герман Герынг запатрабаваў правесці яшчэ больш маштабную атаку. Пастаянныя напады на аэрадромы прыводзілі да гібелі авіямеханікаў, зборшчыкаў, кіроўцаў і тапографаў. 18 жніўня каралеўскія ВПС адпомсцілі немцам, збіўшы 18 “Юнкерсаў”.

Уночы на 24 жніўня 1940 года 10 нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў заблудзілі і замест удараў па прамысловых аб'ектах скінулі бомбы на ўсходнюю і цэнтральную часткі Лондана. Нанесеныя пашкоджанні падштурхнулі Герынга да ідэі перавесці цэль з аэрадромаў на гарады.

Без намёкаў. Як нацысты бамбілі дамы мірных жыхароў

Да 3 лістапада Лондан перажыў 57 начных бамбардзіровак у сярэднім 200 нямецкімі і італьянскімі самалётамі, якія ўзляталі з бельгійскіх аэрадромаў і скінулі на горад тоны авіяцыйных і запальных бомбаў.

Супрацьпаветраная абарона Лондана аказалася не ў стане эфектыўна адбіваць атакі праціўніка, але і сталіца, і краіна ў цэлым былі гатовыя да вайны. Пасля разбуральных бамбардзіровак у часе грамадзянскай вайны ў Іспаніі брытанскія спецыялісты на заказ урада правялі падлікі магчымых страт, якія ацэньваліся ў паўмільёна загінулых.

Таму былі падрыхтаваны некалькі сотняў тысяч шпітальных ложкаў на выпадак вайны. Сотні тысяч людзей, мабілізаваныя на розныя службы, навучаліся асновам медыцынскай дапамогі, пажаратушэння, выратавальнай дзейнасці, а таксама асновам партызанскай і дыверсійнай барацьбы. Да перспектывы ўварвання вермахта ставіліся з усёй сур'ёзнасцю, з дарог прыбіралі паказальнікі паваротаў, у гарадах здымалі шыльды з назвамі вуліц. Яшчэ да пачатку лета 1940 года праводзілася эвакуацыя дзяцей з буйных гарадоў: за паўтара года два мільёны з іх былі вывезены ў сельскую мясцовасць, у санаторыі і на дачы.

Без намёкаў. Як нацысты бамбілі дамы мірных жыхароў

Прамысловасць, пераведзеная на ваенныя рэйкі яшчэ ў 1939 годзе, нават у самы горшы месяц для каралеўскіх ВПС — з сярэдзіны жніўня да сярэдзіны верасня 1940 года — змагла вырабіць больш самалётаў, чым было збіта немцамі.

Брытанскія авіязаводы, якія былі галоўнай цэллю нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў, выпусцілі 9924 самалёты ў 1940 годзе супраць 8070 самалётаў, вырабленых у Германіі.

Пераканаўчая перамога 15 верасня ў буйнамаштабнай бітве ў небе Лондана, калі сіламі 630 знішчальнікаў была адбітая атака амаль удвая большага нямецкага паветранага флоту, прымусіла Берлін зноў адкласці пачатак марской аперацыі “Леў”. Як аказалася, назаўсёды.

Ахвяры сярод цывільнага насельніцтва ў Лондане за ўвесь час “Лонданскага бліцу” склалі 28 556 забітых і 25 578 параненых. Усяго ў Брытаніі ад бамбаванняў люфтвафэ ў часе Другой сусветнай вайны загінулі больш за 40 тысяч мірных жыхароў.

Самая разбуральная атака на Лондан была здзейснена ўвечары 29 снежня 1940 года, калі 136 бамбардзіроўшчыкаў люфтвафэ скінулі на горад некалькі дзясяткаў тысяч запальных бомбаў. У маштабных пажарах загінулі 160 чалавек, яшчэ 260 атрымалі раненні. Пажар, разнесены ветрам, не ўдалося своечасова лакалізаваць праз адліў на Тэмзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі