"Белавія" адмяняе рэйсы яшчэ ў 8 краін

Для "Белавіі" закрываюцца яшчэ 12 кірункаў / Reuters​
Для "Белавіі" закрываюцца яшчэ 12 кірункаў / Reuters​

Авіякампанія "Белавія" вымушаная адмяніць рэйсы яшчэ ў 8 краін, гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце перавозчыка. Гаворка ідзе пра 12 напрамкаў:

Варшава;
Мілан;
Амстэрдам;
Рым;
Франкфурт;
Берлін;
Мюнхен;
Гановер;
Вена;
Брусэль;
Барселона;
Калінінград.

Гэтыя рэйсы не будуць выконвацца да 30 кастрычніка. Грошы за ўжо набытыя білеты можна вярнуць "без штрафаў цягам года з моманту набыцця". Пасажыры таксама могуць змяніць дату вылету.

"Нам шкада, што нашым пасажырам давялося сутыкнуцца з гэтай сітуацыяй, якая склалася з незалежных ад авіякампаніі прычын, і мы абяцаем прыкласці ўсе намаганні для яе рашэння", — адзначылі ў "Белавіі".

Раней нацыянальная авіякампанія ўжо вымушаная была адмяніць рэйсы ў шэраг еўрапейскіх сталіц, у тым ліку ў Вільню, Кіеў, Лондан, Парыж, Рыгу, Стакгольм і Прагу.

Адмяняць рэйсы беларускай авіякампаніі давялося пасля інцыдэнту з самалётам ірландскай авіякампаніі Ryanair. Самалёт ляцеў з Афін у Вільню, але быў вымушаны зрабіць прыпынак у Мінску. Пілотам паведамілі пра нібыта закладзеную на борт выбуховую прыладу. Міны не знайшлі, але затрымалі двух пасажыраў — журналіста Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыну Сафію Сапегу. Пасля гэтага ЕС вырашыў забараніць беларускім авіякампаніям рэйсы ў аэрапорты ЕС і палёты над тэрыторыяй Еўрапейскага саюза.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі