Беларусы злавілі п'яных узброеных расіян на аўтамабілі Land Rover (фота)

Спачатку супрацоўнікі ДАІ на аўтадарозе Лоеў — Рэчыца пераследавалі легкавік з расійскімі нумарамі, які не спыніўся на іх патрабаванне. Парушальнікі заехалі ў лес, дзе і былі заблакаваныя, праўда, паспелі пашкодзіць аўтамабіль ДАІ.



На месца выехалі лоеўскія міліцыянеры на чале з падпалкоўнікам. Высветлілася, што двое мужчын ва аўтамабілі Land Rover былі ў стане алкагольнага ап'янення. У салоне ляжаў траўматычны пісталет і больш за 400 патронаў да паляўнічай стрэльбы.



Затрыманыя распавялі, што яны прыехалі на паляванне і на базе адпачынку ў вёсцы Чаплін знаходзіцца іх калега. Міліцыянты знайшлі яго п'яным, пад ложкамі ляжалі стрэльбы і больш за 300 патронаў. Аказваецца, паляванне было няўдалым і расіяне "паднялі настрой" з дапамогай алкаголя. Пазней двое з іх паехалі "дазапраўляць аўтамабіль".



Як паведамляе прэс-служба міліцыі Гомельскай вобласці, вадзіцеля-медбрата адной з расійскіх вар'ятняў, аштрафавалі за кіраванне ў стане алкагольнага ап'янення на 6 млн 500 тысяч рублёў. Яго пазбавілі права кіравання транспартнымі сродкамі на 5 гадоў. За парушэнне правілаў абыходжання з агнястрэльнай зброяй расіяніна аштрафавалі яшчэ на 750 тысяч рублёў. Парушальніку таксама забаранілі ўезд у Беларусь тэрмінам на адзін год.


Фота — uvd.gomel.by
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі