Беларусы дапамаглі Limp Bizkit зрабіць у Мінску кавер на The Who (фота)

Тры тысячы гледачоў заспявалі “Behind Blue Eyes” разам з Фрэдам Дзёрстам.
Яшчэ праз паўгадзіны пасля пазначаных у афішах 19:00 здавалася, што канцэрт Limp Bizkit у Мінску праваліўся. Спачатку перанос з 15-тысячнай “Мінск-Арэны” у 5-тысячны Палац спорту. Цяпер паўпустыя трыбуны і танцпол… Дзіва дзіўнае, думалі мы. Няўжо пасля Стынга і Кокера не набралася ахвочых раз на ўсё жыццё пачуць сапраўднага Фрэда Дзёрста і пабачыць сапраўднага Ўэса Борланда?


“Больш народу не на фан-зоне, а проста… І гэта крыўдна. Што такое 50 тысяч рублёў, калі ўпершыню прыязджае твой улюбёны выканаўца? — з болем у голасе скардзіцца хлопец з фота вышэй, па якім няўзброеным вокам бачна: хлусіць і танныя панты нацягваць не будзе. — Магчыма, гэта таму, што даўно пра Limp Bizkit нічога не было чуваць… Да беларусаў доўга даходзіць. Улічваючы тое, што Ўэс Борланд вярнуўся… Не для ўсіх нават зразумела, хто гэта такі быў”.



Разагрэць Limp Bizkit на сцэну Палаца спорту нечакана выйшаў Вітаўт Цішкевіч і гурт Bazza.by. Нешматлікія людзі на танцполе нічога не разумелі і прыкладалі намаганні для таго, каб не разразагрэцца:

“Я па брутале рыхтаваўся, валасы вышчыпваў на грудзях, — ледзь стрымліваўся віцебскі паэт Віталь Броўка. — Мы рэальна парыліся некалькі дзён перад тым, як ехаць сюды: што апрануць, каб ля борта падраць на шматкі, усю лішнюю вопратку ў машыне пакінулі, ледзь не голыя з’явіліся. А тут неяк зусім… Тут у касцюме можна было прыйсці!”



Але з сыходам Цішкевіча са сцэны сітуацыя пачала выпраўляцца на вачах. У фан-зону пацяклі ручаі гледачоў з паркоўкі, яшчэ чалавек 200 спусціліся з трыбуны… Відаць, гэта Еўрарадыё было не ў тэме казкі пра тое, як Limp Bizkit знайшлі сабе разагрэў, а тру-фаны адразу ведалі, што раней за 20:00 пад’язжаць у Палац спорту не варта.

“Гэта Цішкевіч, так? Я ўвогуле ўпершыню бачыла гэты гурт, — распавяла нам дзяўчына з налепкай арганізатара на грудзях. — Але ёсць інфармацыя, што яны перапісваліся ў Твітары з басістам Limp Bizkit, і так узгаднілі сябе! Мы самі былі здзіўленыя! Мы тры дні таму даведаліся пра разагрэў!!!”


Але выйшлі на сцэну хлопцы з Фларыды, і ўсё стала на свае месцы: больш за 2 тысячы чалавек на танцполе, яшчэ столькі ж на трыбуне. Фрэд Дзёрст апошнім часам эксперыментуе са сцэнічнымі вобразамі: то бараду адпусціць, то вось, як для канцэрта ў Мінску, сукенку апране… Хіба што спадар Уэс Борланд з гадамі не мяняе аблічча.






Limp Bizkit глядзеліся і гучалі менавіта так, як ад іх чакалі: моцна, гучна і нахабна. Старыя-добрыя-вечна маладыя Limp Bizkit, праз некалькі гадоў цішыні пранеслі свой драйв некранутым і непаўторным. Музыкі пабудавалі з паветра і гледачоў сцяну гуку, у якой вібравала ўсё, уключаючы мазгі, сэрцы і ныркі.




На танцполе не жартавалі і не цырымоніліся. Спецназаўцы нават выцягвалі з натоўпу людзей, якія, на іх думку, “танчылі” не так, як трэба. Хлопцу, які прыехаў з Гродна, не пашанцавала: добрую палову канцэрта яго пратрымалі ў холе хакейнай пляцоўкі, “па-за гульнёй”.

“Ну а што, калі ты ў Мінску, дык трэба па галовах танчыць, ці што?! — вучыў яго як жыць бамбіза ў плямачку. — У Гродне хоць на пятай кропцы танчы…”




А мы тым часам зазірнулі проста ў "блакітныя вочы" легендзе. Няшмат хто ведае, што "Behind Blue Eyes" — гэта кавер на песню The Who... Але кавер, які гучыць не горш за арыгінал.

Перад выкананнем гэтай песні Фрэд Дзёрст падзякаваў мінскай публіцы і папрасіў спець з ім. Шкада, што ніхто не навучыў яго, што тут трэба казаць “дзякуй” і “прывітанне”. Таму па інерцыі, пасля канцэртаў у Маскве і Санкт-Пецярбургу, музыка шчагаляў перад беларусамі веданнем рускіх слоў. Але людзі зразумелі. І заспявалі.





Гэта было кранальна. Але праз невялікую паўзу на сцэне зноў з’явіўся спадар Борланд, і сцяна жывога гуку зноў вырасла на вачах. Усе ў гэты вечар атрымалі сваё: трыбуна — відовішча і якасны гук, танцпол — шалёнае рубілава.











Фота: Tarantino.
Тэкст: Павел Свярдлоў.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі