Беларускую электронную музыку можна прадаваць

Арганізатары зрабілі семінар для таго, каб абмеркаваць існаванне беларускіх лэйблаў, выданне беларускай электроннай музыкі і магчымасць прадаваць яе на сусветным рынку.

Асноўнымі тэзісамі семінару сталі такія адвечныя ісціны як “музыка дзеля музыкі, а не грошай”, “продаж музыкі мусяць прадваць прафесіяналы” і “мэйнстрым загубіў мастацтва”.

Лектары семінару выступалі персанальна альбо па Скайпе. Сваім досведам дзяліўся Jeremy Fichon aka. Underground Paris (Францыя), які папярэдняй ноччу нечакана прыемна здзівіў горад выдатным сэтам, Леша Кутузаў aka. Dj I.F.U., так званы “дзед” беларускай клубнай музыкі, які зараз жыве ў Лондане, Аляксей Цыганкоў aka. UСast (LiftedSound Records, Беларусь), Андрэй Дыска aka. Red Catz (SoulRed, Беларусь) і геніяльны правакатыўны спікер - Віктар Камянецкі aka. Victor Orb (заснавальнік беларускага лейбла Foundamental Network) і інш.

Леша Кутузаў (Dj I.F.U.) з далёкіх Лонданскіх пазіцый расказаў, што сёння музыка згубіла сваю каштоўнасць і патлумачыў чаму:

Музыку прадаваць вельмі складана. Калі ты адметны прадзюсар, дыджэй ці музыка, то асноўныя даходы ідуць не з продажу музыкі, а з гастроляў, якія адбываюцца пасля таго, як ты выпускаеш сваю прадукцыю”.

Наконт перспектыў выдання беларускай музыкі на еўрапейскім рынку Dj I.F.U ўпэўнены, што ўсё залежыць ад якасці і ўнікальнасці сваёй музыкі і раіць карыстацца ўжо існуючымі лэйбламі, а не адкрываць свой:

Ёсць вялікая колькасць лэйблаў, якія прафесійна выдаюць музыку і, калі ваш прадакшн іх зацікавіць, яны яго з задавальненнем выдадуць. Трэба рабіць нешта шчыра новае, нестандартнае і тады вас пачуюць у любым выпадку”.

Беларускую ж клубную музыку Dj I.F.U лічыць выключна андэграундам:

У нас ніколі не атрымліваўся камерцыйны прадукт, але заўсёды былі цікавыя музыкі. Pavel Ambiont, I/dex, напрыклад”.І дадаў, што ўсё ж-такі live-сэты цікавяць адукаваную клубную аўдыторыю больш чым проста дыджэі.

Віктар Камянецкі aka. Victor Orb выступіў з захапляючым маніфестам, дзе прааналізаваў два бакі глабальнай і беларускай музычнай індустрыі (мэйнстрым і андэграунд) і прапанаваў свой погляд на пошукі “залатой сярэдзіны”. Гаворка ішла пра сусветны і беларускі рынак:

Напрыклад, у Беларусі, як выглядае беларуская мейнстрым-сцэна вырашае адзін афіцыйны лейбл – Westrecords. А таксама некалькі вядомых музычных кланавых сямей. Сям’я Ярмоленка, Ціхановіч, Раінчык і інш.”

Андэграунд ў яго сучасным успрыманні Victor Orb параўновае з папсой:

Асабіста мне слова “underground” падаецца такой жа лаянкай як і слова “папса”. Карыстацца гэтым словам у музычным асяродзі гэта тое ж самае, што быць партызанам, які прыйшоў да немцаў пахваліцца тым, што ён партызан”.

Цытаваць увесь тэкт не мае сэнсу, бо чытаць яго варта цалкам. (прачытаць можна тут).Выступ Victor Orb прыемна натхніў адных і адчайна раздражніў іншых, што вылілася ў вялікую дыскусію.Аўтар жорстка нагадаў, што музыка гэта значна больш, чым продаж файлаў:

Музыка з’яўляецца эмацыйнай мовай чалавецтва. Яна мусіць быць для чалавека правадніком у духоўны свет. Але музычныя кампаніі зрабілі з яе камфортны тавар, які добра прадаецца, які не будзе трывожыць чалавека, як, скажам, паэзія”.

Выйсце з ціску двух полюсаў Віктар бачыць у адпаведнай гармоніі паміж якасцю, шчырасцю, творчасцю і прафесіяналізмам, у прадуктыўнасці і развіцці музыкі:

Гэта перадавая лінія фронта нашай культуры, ад якой залежыць, які ўзровень ўспрымання рэальнасці у нашага грамадзства. Гэты ўзровень залежыць ад творцаў, лэйблаў, дыджэяў, СМІ, журналістаў, грамадскіх устаноў, клубаў, дзяржаў і ўзаемадзеяння паміж імі”.

Аляксей Цыганкоў aka. UСast прадставіў калегам схему працы свайго лейбла і расказаў, як прадаваць сваю музыку:

Карыстайцеся прома-сэрвісамі, якія за некаторы час да рэлізу раздаюць вашу музыку вядомым музыкам. Калі не карыстацца прома-сэрвісамі, то ваша музыка хутка сыйждзе ў небыццё”.


Чаканы французскі госць Jeremy Fichon, падагульняючы размову, нагадаў, што музыку варта рабіць выключна дзеля музыкі:

У музыке ўжо ўсе грошы заробленыя. Так што, вы мусіце рабіць музыку выключна дзеля любові. Рабіце тое, чаго прагне сэрца. Выдавайцеся, што б там ні было. Якасць прыносіць дэвідэнты. Памятайце пра гэта і давярайце сабе”.

Арганізатары абяцаюць, што хутка працягнуць удалы досвед і падобныя семінары будуць праходзіць рэгулярна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі