Беларускія прадпрымальнікі перавезлі ў ЕС амаль 9 000 кампаній

Вильнюс 

Вильнюс  / pixabay.com

У Літве працуе больш за 830 кампаній, акцыянерамі або канчатковымі бенефіцыярамі якіх з'яўляюцца грамадзяне Беларусі. Прычым каля 40% з іх з'явіліся пасля 2020 года. Такія звесткі прыводзіць агенцтва BNS са спасылкай на віцэ-прэзідэнта Беларускай асацыяцыі бізнесу за мяжой (АББА) Сяргея Наўродскага.

Усяго, паводле звестак Асацыяцыі, беларускія прадпрымальнікі перавезлі ў ЕС амаль 9 000 кампаній. Большасць з іх (75%) перабраліся ў Польшчу. І пік пераезду прыйшоўся на 2022 год, калі Расія напала на Украіну. У Літву пераехаў у асноўным гандлёвы і будаўнічы бізнес. IT-кампаніі складаюць дзясятую частку, хоць менавіта яны плацяць у літоўскі бюджэт больш за ўсё падаткаў.

Наўродскі агучыў гэтыя лічбы ў кантэксце размовы аб новых абмежаваннях для беларусаў, якія абмяркоўваюць ў Літве. Ён адзначыў, што новыя забароны могуць спыніць беларускія кампаніі і грамадзян, якія бягуць ад рэжыму, ад пераезду ў гэтую краіну. "Я не кажу, што перамяшчэнне работнікаў спыніцца на сто адсоткаў, але гэта будзе мець надзвычай вялікі ўплыў", — падкрэсліў ён. Наўродскі нагадвае, што прадпрыемствы, якія перабраліся ў Літву, пераехалі ў тым ліку таму, што не хацелі працаваць пры рэжыме. "Гэта азначае, што яны не хацелі плаціць там падаткі. Прымаючы перамяшчанае прадпрыемства, Літва дапамагае ёй пазбегнуць выплаты падаткаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі", — кажа прадстаўнік беларускага бізнэсу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі