Беларускія памежнікі ваююць з украінскімі сялянамі за журавіны

Жыхары ўкраінскай памежнай вёскі Драздынь ходзяць у ягады ў Беларусь, таму
што адразу за мяжой пачынаюцца самыя ягадныя мясціны. Беларускія памежнікі нават ужо не штрафуюць, а вяртаюць парушальнікаў на
радзіму, аднак за 50 кіламетраў ад сваёй вёсцы. Што таксама можна лічыць
пакараннем для вяскоўцаў “Мы і жывём толькі за кошт таго, што збіраем ягады. За мяжу ходзяць не ўсе,
а толькі самыя смелыя”.

Марыя Пятроўна, жыхарка памежнай з Беларуссю ўкраінскай
вёскі Драздынь, расказала Еўрарадыё, што ў вёсцы амаль усе жыхары былі
злоўленыя беларускімі памежнікамі і адпраўленыя ў Пінск. Пасля складання
пратаколаў іх вярталі ва Украіну праз бліжэйшы памежны пункт Альманы, які
знаходзіцца за 50 кіламетраў ад вёскі Драздынь. Такое пакаранне для сялян нават
страшней за штраф.

У прэсавым цэнтры Памежнага камітэту Беларусі Еўрарадыё
расказалі, што ўкраінскія сяляне ходзяць у ягады на тэрыторыю былога
Мерлінскага палігона, бо гэта сапраўды вельмі багатае на журавіны месца:

“Там знаходзіцца былы Мерлінскі палігон. Месцы там сапраўды вельмі багатыя
на розныя ягады і грыбы. Людзі нядрэнна на гэтым зарабляюць. Канешне, гэта
робіцца незаконна на беларускай тэрыторыі”.

Мужчыны з Драздыні ходзяць у ягады адразу на некалькі
дзён, начуючы ў лесе. За дзень звычайна збіраюць па некалькі вёдраў – кожнае па
12 кілаграмаў. Прымаюць ягады прыкладна па 2 долары за кілаграм:

“Ягады прымаюць па розных коштах: адзін дзень так, другі так. У сярэднім
прыкладна 10-11 грывень”.

Па словах Марыі
Пятроўны
, у гэтым годзе яшчэ нікога не злавілі:

“Звычайна калі зловяць, то забіраюць і вязуць у Пінск. А там, пасля таго як
прапусцяць праз камп'ютар, адпраўляюць назад, на ўкраінскую мяжу”.

У Памежным камітэце Еўрарадыё паведамілі, што гісторыя
цягнецца з тых часоў, калі перасялялі вёскі, каб пабудаваць палігон. Аднак па
словах памежнікаў, затрыманых парушальнікаў амаль адразу вяртаюць ва Украіну ў
прысутнасці украінскіх памежнікаў:

“Праблема ў тым, што на тэрыторыі былога Мерлінскага палігона былі вёскі,
якія ў добраахвотна-прымусовым парадку перасялілі. Частка вёсак была
перанесеная на тэрыторыю Украіны, частка засталася ў Беларусі. Людзі спрадвеку
там збіралі ягады. Вельмі часта туды адпраўляюць дзяцей – тых, каго нельга
нават штрафаваць. А так, прыбывае ўкраінскі прадстаўнік памежнікаў і беларускі.
Перадаюць звычайна адразу на месцы, дзе затрымалі”.

Затрымліваць, па словах мясцовых жыхароў, беларускія
памежнікі пачалі пасля таго, як у 1995 годзе нехта з сялян спілаваў памежную
вышку на палігоне і здаў на металалом. Вандалаў так і не знайшлі. Вяскоўцы
лічаць, што стала б лепш, калі б увялі прапускную сістэму:

“У нас мяжа праходзіць за кіламетр ад вёскі. А то нават і менш. Было б
добра, калі б далі якія-небудзь прапускі. Я б тады прыйшла б і заплаціла там
якісь дзённы патэнт, каб збіраць ягады, ці як ён там называецца”.

Памежнікі ж чакаюць падпісання адмысловай дамовы паміж
Беларуссю і Украінай.

Фота: www.photosight.ru