Беларускія фатографы адкрылі новыя накірункі фотамастацтва

20 ліпеня ў вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася групавая выстава піктарыяльнай фатаграфіі “Працяг”.
Усе шэсць удзельнікаў экспазіцыі працуюць з фотаздымкамі рукамі і ў розных тэхніках. Паводле слоў удзельніка і ідэйнага натхняльніка экспазіцыі Альберта Цехановіча, прадстаўленыя мастакі з'яўляюцца амаль адзінымі прадстаўнікамі гэтых тэхнік у Беларусі:

Альберт Цехановіч: "Толькі ў цыянатыпіі яшчэ працуе пара чалавек, а ва ўсіх астатніх тэхніках зараз літаральна па адным чалавеку працуе. Я спадзяюся, што сітуацыя зменіцца, але пакуль гэта факт".

Альберт дадаў, што ёсць на выставе і ўвогуле эксклюзіўныя тэхнікі, якія пакуль існуюць толькі ў Беларусі:

Альберт Цехановіч: “Тэхніка паліхраміі? гэта, калі срэбныя часціцы дзеляцца на больш дробныя і па-іншаму адлюстроўваюць святло. Яна адкрытая, як навуковая, у нашым БДУ. Тэхнікамі цынавы працэс і паліхрамія не валодае ніхто, пакуль яны не выйшлі за тэрыторыю Беларусі".

Адзначым, што гэтая экспазіцыя працягвае шэраг выставаў, якія адбываліся ў другой палове дзевяностых гадоў мінулага і першым дзесяцігоддзі гэтага стагоддзя. Але яна не выніковая, а толькі яшчэ адна сярод мінулых і будучых. Менавіта пра гэта і сведчыць назва выставы "Працяг".

Паводле слоў Альберта Цехановіча, працамі выстаўленых мастакоў сур'ёзна цікавяцца і за межамі нашай краіны, але выстаўляцца там не прапаноўваюць:

"Цікавасць ёсць у Маскве, у Пецярбургу, у Ніжнім Ноўгарадзе, у такіх маленькіх гарадах, як Омск, Чарнігаў. Цікавасць вялікая і там хацелі б правесці такую выставу, але трэба, каб паступіла канкрэтная прапанова. А так, як заўсёды, атрымліваецца, што асноўная ініцыятыва павінная ісці ад самога сябе".

На выставе «Працяг» прадстаўленыя работы Маргарыты Трэнінай, Альберта Цехановіча, Наталлі Еўмененка, Аляксандра Птаха, Андрэя Васкрэсенскага і Марыі Банэ. Працы кожнага выкананыя ў аўтарскіх ручных піктарыяльных тэхніках: паліхрамія, цынавы працэс, гуміярабік, цыянатыпія, бромафорт і размалёўванне срэбных адбіткаў.
 

Альберт Цехановіч

Маргарыта Трэніна. "Балоты". Срэбны адбітак, пастэль:



Марыя Банэ. "Дэжавю". Цынавы працэс:


Наталля Еўмененка. "Захаваня моманты". Цыянатыпія:



Аляксандр Птах. "Метамарфозы". Бромафорт:


Альберт Цехановіч. "Уніз па рацэ". Срэбны адбітак, паліхрамія:



Андрэй Васкрэсенскі. "Праяўленне". Гуміярабік:




Выстава працягнецца да 1-га жніўня 2010 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі