Беларускія донары адмаўляюцца здаваць кроў

Сёння ў Магілёве, Гомелі, Брэсце і Мінску пачалася папераджальная забастоўка донараў. Мэта акцыі - выказаць пратэст супраць адмены льгот ганаровым донарам згодна з законам, падпісаным 14 чэрвеня прэзідэнтам. Нагадаем, што ганаровым донарам адмяняюцца льготы на зубапратэзаванне, санаторна-курортнае лячэнне, 50-адсоткавая аплата кошту лекаў і 40-адсоткавая прыбаўка да пенсіі.

Па словах ганаровага донара Беларусі Ігара Каваленкі, толькі ў Магілёве страйкуюць больш за 500 чалавек. Ён адзначыў, што дагэтуль ніхто з чыноўнікаў не пачаў дыялог з донарамі. Разам з тым, Каваленка мяркуе, што гэты страйк наўрад ці прынясе якую-небудзь карысць, таму донары збіраюцца ствараць каардынацыйны савет, каб працягнуць акцыі пратэсту.

Каваленка: Нам трэба ствараць кардынацыйны савет, у якім прымуць удзел актывісты-донары з розных гарадоў. Нам неабходна сабрацца разам і абмеркаваць наступныя дзеянні.

Ён таксама паведаміў, што зварот з патрабаваннем захаваць ільготы на імя міністра аховы здароўя Беларусі Васіля Жарко быў перададзены 14 чэрвеня падчас урачыстага мерапрыемства з нагоды Дня донара.

Каваленка таксама плануе пачаць збор подпісаў пад зваротам да прэзідэнта краіны з патрабаваннем захаваць ільготы донарам. Як адзначыў Ігар Каваленка, нават папераджальны страйк донараў будзе сур’ёзным выпрабаваннем для станцый пералівання крыві.

Каваленка: Калі ўдзень да іх прыходзіць па 300-500 донараў, і ім не хапае. А калі прыйдзе толькі палова, а можа і яшчэ меней, для іх гэта будзе вельмі сур’ёзным выпрабаваннем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі