Беларускі варыянт Mars і Snickers: Spartak “з мяккай карамеллю” і “арэхамі"

“Мы ж не ведаем рэцэптуру “Марса” і “Снікерса”, таму не ведаем, чым яны адрозніваюцца. Мы параўноўвалі, для нас нашая прадукцыя лепшая. Пакуль нашы шакаладкі толькі ў фірмовых крамах”, — нахвальваюць беларускія аналагі сусветных брэндаў вытворцы.

Пра выпуск беларускіх аналагаў вядомых марак яшчэ ў верасні у інтерв'ю газеце "Беларуская ніва" паведаміў кіраўнік "Белдзяржхарчпраму" Аляксандр Забела. 

На вокладках абедзвюх беларускіх шакаладак буйнымі літарамі напісана слова Spartak. Яны адрозніваюцца колерам і крыху — малюнкам на ўпакоўцы. Але, калі ты хочаш сказаць камусьці, каб табе набылі канкрэтны батончык з двух, давядзецца скарыстацца поўнымі назвамі. І тут — цуды беларускага маркетынгу! Аналаг “Марса” — гэта “батончык нуга з мяккай карамеллю”. Анагал “Снікерса” — “батончык нуга з мяккай карамеллю і арахісам”.

Каб адшукаць цуд імпартзамяшчэння, Еўрарадыё кіруецца ў фірмовую краму ад фабрыкі “Спартак” у гандлёвым цэнтры “Сталіца”. Пытаемся: “Ці ёсць беларускія аналагі  “Марса” і “Снікерса”?”

“Вы першы,  хто так іх называе, але батончыкі ёсць. Проста ніхто не ведае, што гэта аналагі”, — адказваюць нам у краме. Бяруць гэтыя шакаладкі пакуль слабавата: не хапае рэкламы.

За два беларускія батончыкі аддаю 7150 рублёў. Замежныя “Марс” са “Снікерсам” абыходзяцца даражэй — 10 тысяч за дзве шакаладкі. Параўноўваем беларускія і замежныя батончыкі з арахісам і без.

Беларускі аналаг “Снікерса” відавочна прайграе замежніку па колькасці арэхаў. У “замежніку” іх бачна на вока, а ў нашым прадукце не ацэніш і на смак. Ёсць адрозненні і па колеры шакалада: наш крыху святлейшы.

У “Марсе” відавочна больш карамелі, ён больш цёмны і больш цвёрды. 

Праводзім эксперымент: рэжам усе шакаладкі на дробныя кавалкі, раскладваем па талерках і даем угадаць, дзе якая суседзям па паверсе.

Дэгустацыя

З тузіна нашых дэгустатараў замежны Snickers адгадваюць амаль усе — па арэхах. Замежны Mars палова блытае з айчынным. А вось “белснікерс” і “белмарс” амаль усе блытаюць паміж сабой. І ёсць ад чаго: яны вельмі слаба адрозніваюцца што на выгляд, што на смак.

“Вельмі цешуся за вытворцаў, бо імкнуцца рухацца. Мы нават пераблыталі батончыкі. Па смаку яны амаль аднолькавыя. Але ў беларускіх батончыках мала арэхаў, хацелася б іх там адчуць”, — ацэньвае адна з нашых дэгустатарак Алена.

“Усё чатыры шакаладкі спадабаліся, але адрозненні ёсць. У беларускім батончыку арэхаў няма. Беларускі “Снікерс” падобны да суфле”, — дадае іншая дэгустатарка Ганна.

А ў 2015 годзе на фабрыцы “Спартак” плануюць выпусціць цукеркі падобныя да Raffaello. Поруч з беларускімі сырамі “Пармезанам” і “Дор блю” паступова з’яўляюцца і салодкія імпартзамяшчальнікі. Шкада толькі, што беларускі планшэт так і не выйшаў на рынак.

Фота - Алесь Пілецкі, відэа - Віталь Ругайн

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі